viasna on patreon

"Рыхтуйцеся — будзе крымінальная справа". Як затрымлівалі маму блогеркі Вольгі Такарчук

2024 2024-02-09T18:57:12+0300 2024-08-22T17:30:46+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/iryna-takarchuk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Былая палітвязня Вольга Такарчук распавяла "Вясне" пра тое, як затрымлівалі яе маці, 63-гадовую пенсіянерку Ірыну Генадзьеўну Такарчук, падчас масавага рэйду сілавікоў на сваякоў палітвязняў 23 студзеня.

iryna-takarchuk.jpg
Ірына Такарчук

"У 7.30 раніцы да мяне ў кватэру прыйшлі два кэгэбэшніка ў грамадзянскай форме адзення, — кажа Вольга Такарчук. — Быў павярхоўны ператрус, самі яны былі культурнымі і ветлівымі, нават разуліся. Забралі мой тэлефон, паклікалі панятых, склалі пратакол. Дзеці (дачцэ — 6 гадоў, сыну —10) напалохаліся".

Вольгу Такарчук забралі на допыт у КДБ, дзе пыталіся пра е-дастаўку.

"На пытанне: "Вы нешта ведаеце?" я сказала: "Не ў курсе, я блогер, у мяне ёсць падпісчыца, яна вырашыла дапамагчы — вось дапамагала. Нічога больш я не ведаю".  Паглядзелі тэлефон, выпісалі дастаўкі, якія былі ў мяне. Бліжэй да абеду сказалі: "Мы зараз паедзем да мамы". Дазволілі ёй патэлефанаваць па гучнай сувязі сказаць, што да яе едуць. І яны прыехалі да яе ўжо цалкам падрыхтаваныя. Задавалі канкрэтныя пытанні, папрасілі напісаць яўку з павіннай. Маму забралі ў КДБ, я таксама яшчэ была там. Мяне папярэдзілі, што прывезлі маму.

Мне гэтак жа прапанавалі напісаць яўку з павіннай, я кажу: "У чым мне вінаваціцца? што мне падпісчык дапамагаў каўбасой?". Яны: "Напішы чыстасардэчнае прызнанне, што ты раскайваешся і больш не будзеш браць каўбасу ў падпісчыка".

У мяне забралі тэлефон з сім-картай і дзесьці ў палову дзявятай вечара адпусцілі. Мама засталася там. Потым ужо сказалі, што мама затрыманая. Маму каталі з Акрэсціна ў СІЗА пакладзеныя тры дні. Нам удалося перадаць ёй нейкія рэчы".

На наступны дзень следчы патэлефанаваў тату Вольгі Такарчук і сказаў прыехаць у якасці сведкі па справе яго жонкі Ірыны Такарчук. Бацька Вольгі адмовіўся ад дачы ўсіх паказанняў. У яго забралі тэлефон.

"На трэці дзень мамінага арышту і мяне выклікалі сведкам па маме. Я таксама адмовілася ад дачы паказанняў. Спытала: "Дзе мой тэлефон?" Сказалі, што яшчэ ў следчага", — распавядае Вольга.

У гэты ж дзень мы даведаліся, што на маму распачалі крымінальную справу. Няма гарантыі, што і на мяне з бацькам не завядуць крымінальных спраў".

iryna-i-volga-takarchuk.jpg
Ірына і Вольга Такарчук

За суткі было прынята рашэнне выезду: Вольга Такарчук з дзецьмі і бацькам цяпер у бяспецы.

"У мяне ў Беларусі засталася адна сястра, а на ёй — бабуля з інваліднасцю (татава мама) і мама, якая на дадзены момант у турме Жодзіна.

Калі я яшчэ пасля свайго вызвалення ўсё ж такі маральна рыхтавалася да таго, што можа быць трэба будзе бегчы (і тое, у выніку, я апынулася маральна не гатовая), то для таты свет паваліўся раптоўна. Ён пакінуў усё: кватэру, машыну, сабаку, сваю маму, сяброў і, галоўнае, сваю жонку, якая ў турме "за каўбасу і макароны". Цяпер ён у такім стане, што складана перадаць".

На сённяшні дзень Ірыне Такарчук выставілі абвінавачванне па частцы 2 артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса ("Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці").

"Мама заўсёды рабіла так, каб я не знікала з парадку дня і была на слыху ў людзей [падчас майго зняволення], і мне вельмі важна, каб людзі ведалі і пра яе. Яна — наш герой!!! Чалавек, які ўсё жыццё жыў і паступаў па сумленні! Мы ёй вельмі ганарымся і бясконца яе любім!", — кажа Вольга Такарчук.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства