viasna on patreon

Маці экс-палітвязня, якая з’ехала ў Вільню, праз Viber асудзілі за Е-дастаўку. Аўдыё суда

2024 2024-02-12T15:47:05+0300 2024-02-12T22:01:06+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/barysau_sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Барысаўскага раёна 9 лютага разгледзелі адміністрацыйную справу супраць Аксаны Хіневіч — маці былога палітвязня Анатоля Хіневіча. Пасля затрымання падчас масавага рэйду сілавікоў напрыканцы студзеня жанчына хутка пакінула Беларусь — цяпер яна ў Літве з сынам. Але гэта не спыніла барысаўскі суд. Працэс праходзіў у незвычайным фармаце для людзей — па відэасувязі праз Viber. Гэта першы вядомы праваабаронцам выпадак такога анлайн-працэсу за апошні час. Аксану абвінавацілі ў  атрыманні "замежнай дапамогі" праз ініцыятыву INeedHelpBY. Суддзя Святлана Баранава прызнала яе вінаватай паводле арт. 24.15 КаАП і прызначыла ёй штраф з кампенсацыяй сумы "замежных" аплат у Е-дастаўцы. "Вясна" публікуе падрабязнасці суда, а таксама аўдыё з працэса.

"Стварыла пагрозу прычынення шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам"

Аксану затрымалі 23 студзеня падчас масавага хапуна на сваякоў і знаёмых палітвязняў, а таксама былых палітзняволеных. На наступны дзень жанчыну асудзілі паводле арт. 24.3 КаАП (непадпарадкаванне міліцыянту) і аштрафавалі на 400 рублёў (10 базавых велічыняў). У хуткім часе яна пакінула Беларусь, баючыся пераследу. Пазней супраць Хіневіч склалі яшчэ адзін пратакол — паводле ч. 2 арт. 24.15 КаАП (выкарыстанне замежнай бязвыплатнай дапамогі для ажыццяўлення тэрарыстычнай і іншай экстрэмісцкай дзейнасці або іншых дзеянняў, забароненых заканадаўствам). Гэты пратакол для азнаямлення жанчыне даслалі па Viber 7 лютага, калі яна была ўжо за мяжой.

Паводле яго, Аксана, "выкарыстоўваючы ўласны кампутар, звязалася з замежным аб'яднаннем "INeedHelpBY", прызнаным рашэннем КДБ ад 16 студзеня "экстрэмісцкім фарміраваннем", і, у перыяд часу з 12.02.2022 па 05.04.2023 гг., атрымала і выкарыстала замежную бязвыплатную дапамогу ў выглядзе таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў, набытых у інтэрнэт-краме "Еўраопт" на агульную суму 2 854 рублі і 45 капеек ад вышэйпаказанага аб'яднання ў мэтах іншай экстрэмісцкай дзейнасці, выяўленай у публічнай загаддзя неправамернай легітымізацыі дзеянняў асоб, якія ўчынілі правапарушэнні і злачынствы, у тым ліку шляхам надання ім псеўдастатуса "палітвязняў", незаконным нівеляванні наступстваў прыцягнення да адказнасці, чым стварыла пагрозу прычынення шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам".

"Хто дапамагае з перадачамі?" Падрабязнасці масавага рэйду сілавікоў на сваякоў палітвязняў

"Вясна" распавядае, што цяпер вядома пра масавы пераслед родных палітзняволеных, а праваабаронца Павел Сапелка каментуе рэйд КДБ і нагадвае пра важныя меры бяспекі, якія дапамогуць пазбегнуць пераследа.

"А як вы мне прапаноўваеце гэта з Вільні аплаціць?"

Viasna96 · Cуд праз Viber за Е-дастаўку

Справу Аксаны разглядала суддзя Святлана Баранава. Напачатку яна ўдакладніла, дзе цяпер жыве Аксана. Жанчына патлумачыла, што знаходзіцца ў Вільні ў свайго сына.

Суддзя: Вы там проста часова ў гасцях, ці як гэта разумець?

Аксана: Паглядзім, як скончацца працэсы... Тады будзем вырашаць, часова мы тут ці не. 

Таксама суддзя ўдакладніла пра мінулыя адміністрацыйныя справы жанчыны:

Суддзя: Ці прыцягваліся раней да адміністрацыйнай адказнасці?

Аксана: Прыцягвалася 24 студзеня па сфабрыкаванай справе.

Суддзя: Гэта лішняя інфармацыя для суда.

Сваю віну жанчына не прызнала. Яна адзначыла, што ў пратаколе няправільна пазначаны яе паказанні, якія Аксана давала падчас допыту ў Следчым камітэце 23 студзеня.

Яна пацвердзіла, што дапамогу для палітзняволенага сына, якія на той момант знаходзіўся ў калоніі, праз Е-даўстаўку атрымлівала, але не ад арганізацый, а ад прыватных асобаў, знаёмых сына, а таксама ад неабыякавых людзей.

Па словах жанчыны падчас допыту, спачатку ёй дасылалі суму, на якую можна зрабіць заказ, а пасля фармавання кошыку ў Е-дастаўцы яна дасылала нумар заказу і пароль ад свайго профілю ў бот "INeedHelpBY". Затым ёй дасылалі інфармацыю па дастаўцы. Але далей, паводле яе, аплата праходзіла ад людзей з-за мяжы, а не ад арганізацый.

Да матэрыялаў справы далучылі пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні супраць жанчыны крымінальнай справы паводле арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Таксама да справы далучылі і скрыншоты перапіскі з супрацоўнікам ДФР Казлоўскім, які складаў пратакол супраць Аксаны.

У выніку суддзя Святлана Баранава прызначыла ёй штраф у 20 базавых велічыняў (800 рублёў), а таксама кампенсацыю дапамогі ў памеры 2 854 рублі і 45 капеек.

Пасля абвяшчэння рашэння сакратарка суда сказала, што рэквізіты для аплаты Аксане дашлюць па Viber.

"А як вы мне прапаноўваеце гэта з Вільні аплаціць? Каб гэта была зноў гуманітарная дапамога Беларусі з замежнага рахунка?", — спытала жанчына, але адказу так і не атрымала.

Чым скончыліся рэйды напрыканцы студзеня?

Па ўсёй Беларусі 23 студзеня і цягам наступнага тыдня супрацоўнікі КДБ зладзілі масавыя ператрусы, допыты і затрыманні сваякоў і блізкіх палітвязняў, а таксама былых палітзняволеных, якія нядаўна выйшлі з месцаў зняволення і заставаліся жыць у краіне. 

Прычынай зацікаўленасці да некаторых з боку КДБ стала дапамога сем'ям палітвязняў ад ініцыятывы "INeedHelpBY", якую 16 студзеня ўлады прызналі "экстрэмісцкім фармаваннем". Для дапамогі ініцыятыва выкарыстоўвала папулярныя сэрвісы дастаўкі ад "Гіппа" і "Еўраопта". Праз іх можна анлайн замовіць дастаўку з крамы і аплаціць або на сайце, або пры атрыманні прадуктаў. Падчас ператрусаў у тэлефонах людзей правяралі профілі ў Е-дастаўцы, у якіх шукалі аплаты прадуктаў з замежных картак.

Паводле "Вясны", па стане на 12 лютага пад пераслед трапілі сама меней 232 чалавекі, абсалютная большасць з якіх — жанчыны. Шмат хто з іх ужо на волі з падпіскай аб нявыездзе і неразгалошванні, але некаторыя да гэтага часу застаюцца за кратамі ў межах крымінальных справаў. Па звестках праваабаронцаў, cупраць мінімум 24 чалавек распачалі крымінальныя справы паводле арт. 361-1 (удзел у экстрэмісцкім фармаванні) і арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). 

Акрамя гэтага, мінімум 47 чалавек асудзілі паводле адміністрацыйных справаў.

Некалькі чалавек па ўсёй Беларусі асудзілі да штрафаў паводле ч. 2 арт. 24.15 КаАП – "выкарыстанне замежнай бязвыплатнай дапамогі для ажыццяўлення тэрарыстычнай і іншай экстрэмісцкай дзейнасці або іншых дзеянняў, забароненых заканадаўствам". Гэты артыкул раней у Беларусі не выкарыстоўваўся. 

У Беларусі пачалі судзіць за "выкарыстанне замежнай дапамогі для ажыццяўлення экстрэмісцкай дзейнасці"

Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка каментуе новую рэпрэсіўную практыку беларускіх уладаў.

26 студзеня суд Лідскага раёна аштрафаваў дзвюх лідчанак па гэтым артыкуле. Адна з іх атрымала "замежную дапамогу" таварамі на 5241 рубель з інтэрнэт-крамы "Еўраопт", другая — на агульную суму 18 143 рублі. Абедзвюх жанчын аштрафавалі на 1000 рублёў кожную (25 базавых велічыняў) з кампенсацыяй сумы атрыманай дапамогі. Іх пастановы апублікавалі на pravo.by.


Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі ці дапытвалі наконт падтрымкі палітвязняволеных, калі ласка, паведамляйце нам: праз тэлеграм-бот @viasna_botна гарачую лінію ў тэлеграм @ViasnaSOS@SOSViasnа 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства