viasna on patreon

"Крый божа, ты нам тут "Перемен" зайграеш". Экс-палітзняволены рок-музыка распавёў пра паўтара года за кратамі

2024 2024-02-19T12:00:00+0300 2024-02-29T00:41:23+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/maslyka01.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Увосень 2023 года многіх шакавала гісторыя, калі пракурорка за ўдзел у акцыях пратэсту папрасіла для мужа і жонкі Антона Маслыкі і Кацярыны Еўдакімавай, якія гадуюць трох непаўналетніх дзяцей, рэальнае пазбаўленне волі. Але суд усё ж прызначыў жанчыне "хатнюю хімію", а вось мужчыну сапраўды адправіў у калонію. Антон Маслыка – рок-музыка, саліст і аўтар песень гурта "Неизвестный Маршрут" – правёў за кратамі амаль паўтара года. Ён вызваліўся з калоніі і спрабаваў наладзіць жыццё з сям'ёй у вёсцы ў Смалявіцкім раёне. Але 23 студзеня 2024 года да сям'і зноў прыйшлі сілавікі – гэтым разам пытанні ўзніклі праз атрыманне прадуктовай дапамогі ад ініцыятывы INeedHelp. Сям'я з трыма дзецьмі вырашыла экстранна пакінуць Беларусь праз рызыку трапіць пад новы крымінальны пераслед. Антон Маслыка, апынуўшыся ў бяспецы, распавёў "Вясне" сваю гісторыю — пра затрыманне на вачах у дзяцей і жонкі, пра самае складанае ў зняволенні, пра пяць месцаў пазбаўлення волі і многае іншае.

Антон Маслыко с семьёй
Антон Маслыка з сям'ёй

"Хтосьці хапае за шыю і крычыць: "Ну што, Антоша, не чакаў нас?"

Антона затрымалі 29 чэрвеня 2022 года ў Смалявіцкім раёне каля "Кургана Славы" па дарозе на працу. Пры затрыманні прысутнічалі жонка і трое маленькіх дзяцей. Антон, пачынаючы свой аповед пра затрыманне, адзначае, што яму ўсё "памятаецца, як учора":

"Калі я выехаў на галоўную шашу з нашай дарогі, то адразу абагнаў МАЗ. А праз яго за мной вылецела з мігалкамі машына "Стралы" [спецпадраздзяленне ДАІ]. Яны стаялі дзесьці збоку — чакалі мяне, мабыць, і не чакалі, што я так стартану. У гучнагаварыльнік яны сказалі прыціснуцца да абочыны і спыніцца. Я паглядзеў на спідометр: 90 км/г — дазволеная хуткасць. Мне падалося дзіўным, каб "Страла" проста так спыняла. Супрацоўнікі запатрабавалі прад'явіць дакументы і адкрыць багажнік. Я адкрываю, але было відаць, што ім усё роўна — яны разглядалі дакументы. А ў гэты момант ззаду мяне хтосьці хапае за шыю і крычыць: "Ну што, Антоша, не чакаў нас?" Кідае мяне на зямлю, заломвае рукі і зашпільвае кайданкі".

Затрымліваць мужчыну на сваім бусе прыехалі супрацоўнікі ГУБАЗіКа — "Страла" ім дапамагла гэта зрабіць.

"Я пытаўся, хто яны такія і што здарылася. Але мне толькі сказалі: "Маўчаць — потым даведаешся!" Мяне закінулі ў іх машыну. А ў мой аўтамабіль да сям'і за руль сеў адзін з супрацоўнікаў ГУБАЗіК. Жонка дастала тэлефон і пачала здымаць маё затрыманне, але адзін з іх пачаў крычаць ёй: "Прыбяры тэлефон, сволач!" Ён кідаўся і ледзь не шкло біў — яна прыбрала тэлефон. У машыне я зноў спрабаваў спытаць, за што нас затрымліваюць. Але зноў пачуў: "Пысай у падлогу і маўчаць, прыедзем — даведаешся!"

Адзін з супрацоўнікаў спытаў, куды ехала сям'я з дзецьмі. Антон распавёў, што збіраўся адвезці жонку з дзецьмі да цешчы і паехаць на працу. Тады супрацоўнік з буса патэлефанаваў губазаўцу, які быў за рулём машыны Антона, і сказаў, што ўсе паедуць адвозіць дзяцей цешчы.

"На двух машынах мы паехалі адвозіць дзяцей. Цешча ў слязах пыталася, куды забіраюць яе дачку і што адбываецца. Адказу так яна і не атрымала, ёй толькі сказалі сядзець з дзецьмі. Нас з жонкай пасадзілі ў бус і мы паехалі ў ГУБАЗіК у Мінску. Нас завялі ў кабінет з зялёным абрусам на сцяне. Там былі два супрацоўнікі — адзін з якіх быццам быў з дручком. Нам нарэшце сказалі, што нас затрымліваюць за ўдзел у мітынгах. Мы адразу пачалі гэта адмаўляць, але супрацоўнікі сказалі, што ў іх ёсць гэтая інфармацыя, а цяпер трэба запісаць "пакаяннае відэа" — нам трэба толькі паўтарыць тое, што яны скажуць. Адзначылі, што калі не атрымаецца запісаць з першага разу, то атрымаецца з другога, трэцяга і г.д., але даў зразумець, што ў такім выпадку будзе ўжытая фізічная сіла. Вядома, мы пагадзіліся запісацца. Супрацоўнік прадыктаваў пытанні і адразу сказаў, як на іх адказваць на камеру".

"Сказалі, што на нас "выйшлі" па відэа ў TiKTok"

З Антонам і Кацярынай запісалі парнае "пакаяннае відэа" — сілавікі потым змантавалі вялікае відэа пра сям'ю. Пасля гэтага Антона ў кайданках павезлі дадому на ператрус. Кацярына засталася ў кабінеце на допыт.

"У дом супрацоўнікі заходзілі з пісталетам, баючыся таго, што ў доме сабака. Яго не было — я ім сказаў пра гэта, але ў дом яны ўсё роўна заходзілі, як у фільмах з Чакам Норысам. Яны зладзілі дома ператрус. Паглядзелі нават дзіцячыя цацкі, але акуратна іх высыпаўшы на канапу. Залезлі ў кампутар — паглядзелі фота, але там нічога такога не было. Знешнія дыскі, якія ляжалі на паліцы, яны палічылі за паўэрбанкі. Паглядзелі, што ў мяне ёсць: гітара, казан, піваварнае абсталяванне. Спыталі, як зрабіць піва і дзе купіць інгрэдыенты.

Я быў у кашулі, штанах і туфлях — мне дазволілі пераапрануцца, таму што "там мне гэта не спатрэбіцца". Сказалі апрануцца ў тое, чаго не шкада і ў чым будзе цёпла. Калі сыходзілі, яны нават насыпалі корму і налілі вады котцы. Супрацоўнікі зачынілі дом, а ключ паклалі мне ў кішэню, бо ў мяне рукі былі ў кайданках".

Антона павезлі назад у ГУБАЗіК — за гэты час дапыталі яго жонку Кацярыну. З мужчынам вырашылі запісаць яшчэ адно "пакаяннае відэа":

"На мне была зялёная майка з чырвоным ваўком і напісана "Belarus" — гэта байкерская майка. Але яны сказалі вывярнуць майку і апрануць яе зваротным бокам, таму што "колеры не тыя". Так мы запісалі падобнае з першым відэа.

Нам сказалі, што на нас "выйшлі" па відэа ў TiKTok — напэўна, гэта былі рэпосты відэа пра вайну ва Украіне і Лукашэнку. Потым, як сказалі губазаўцы, калі ўбачылі ў TiKTok, то пачалі больш канкрэтна "прабіваць" і весці. Таксама яны сказалі, што прыязджалі канкрэтна за мной. Жонка ж маці траіх дзяцей. Яны нібыта не чакалі, што затрыманне атрымаецца такім — на вачах у дзяцей. Але гэта яны так сказалі — ім жа верыць..."

"Я быў у кайданках — незразумела, як я мог ім размахваць па пратаколе..."

Затым Антона і Кацярыну пасадзілі ў бус. Але адразу за варотамі машына спынілася і жанчыне сказалі, што яна вольная. А мужчыну павезлі ў РУУС Маскоўскага раёна.

"Там я адразу пачакаў пакуль два супрацоўнікі даядуць сваю абедзенную ссабойку. Я сядзеў у кайданках, а яны сваю курыцу з макаронай елі. Потым мяне адвезлі ў гарадскі аддзел міліцыі на Ясеніна, дзе мяне пратрымалі да 12 ночы. Там у мяне ніхто нічога не пытаўся — я проста там знаходзіўся. А ўначы мяне перавезлі ў ЦІП на Акрэсціна. У мяне ўсё забралі — пакінулі майку, штаны, шкарпэткі. Да наступнай раніцы я там знаходзіўся".

Ні ў РУУС, ні ў аддзяленні супраць Антона не складалі адміністрацыйных пратаколаў, аднак на наступны дзень яго павялі на суд — выклікалі ў кабінет у ЦІПе, дзе быў суд па Skype за "дробнае хуліганства" па арт. 19.1 КаАП.

"Мяне абвінавацілі ў тым, што я ў будынку РУУС Маскоўскага раёна на чацвёртым паверсе "гучна крычаў, лаяўся нецэнзурнай лаянкай, размахваў рукамі і не падпарадкоўваўся патрабаванням супрацоўнікам супакоіцца. Я сапраўды быў на чацвёртым паверсе ў РУУС, але я быў у кайданках — незразумела, як я мог ім размахваць па пратаколе..."

За гэта Антону прызначылі 13 сутак. Мужчыну завялі ў адну з камер у ЦІП адбываць адміністрацыйны арышт. У чатырохмясцовай камеры, куды змясцілі Антона, утрымлівалі 23 чалавекі.

"Мяне заводзяць у камеру, а першае, што я бачу, што мужчыны сядзяць голыя і ў майтках, як у лазні. Я думаю: "Што за нафіг? Куды мяне прывялі?" Калі я зайшоў у камеру, то мяне пачалі распытваць: як завуць, што за артыкул. А там — усё такія ж, як і я. А чаго ў майтках сядзяць? Таму што спёка жудасная [быў ліпень — заўвага], акно практычна не адчыняецца, там вельмі душна, няма чым дыхаць і немагчыма знаходзіцца.

23 людзям нават седзячы ўсім месца не хапала. Сярод затрыманых быў прафесар філасофіі ў БДУ — ён нам лекцыі чытаў на Акрэсціна. Былі хлопцы, у каго была свая будаўнічая фірма. Кагосьці затрымалі за налепку сцяга Украіны на машыне, аднаго затрымалі на выставе электрамабіляў на Джылі — а ў яго на заднім нумары былі два бчб-сцяжочкі. У каго на пашпарце была налепленая "Пагоня".

"Што, мне назад у сваю камеру ісці?"

maslyko_anton_89.jpg
Антон Маслыка. Фота прадастаўлена героем

На той час у Антона былі доўгія валасы, і ён кажа, што "гэта было жудасна":

"Галаву я не мог нармальна памыць. Мыла было мала — я ж не буду марнаваць гэтае мыла, каб памыць сабе галаву. Было цяжка, але мыў хоць вадой звычайнай".

Мужчына адзначае, што праблемаў з вошамі не было, таму што "камера была вельмі чысталюбная":

"Мы, экстрэмісты, два разы на дзень мылі камеру. Праводзілі вільготную і сухую ўборку: цалкам усё праціралі. Нам прыносілі хлорку — мы з хлоркай вымывалі прыбіральню. У нас было вельмі чысценька".

Пасля 13 сутак Антона не адпусцілі на волю — супраць яго распачалі крымінальную справу і перавялі ў ІЧУ на Акрэсціна.

"Пасля заканчэння адміністрацыйнага арышту мне сказалі: "Маслыка, на выхад!" Я падумаў: "Ой, класна! Усё скончылася. Тут бацькі недалёка жывуць — зараз прагуляюся. Выйду — цыгарэтку будзе клёва закурыць". Спускаюся ўніз, а там — два супрацоўнікі ў цывільным. Падыходжу, а яны мне кажуць: "Маслыка Антон Віктаравіч, вы затрымліваецеся на 10 сутак — на вас заведзеная крымінальная справа". У мяне быў шок. Кшталту вось 13 сутак скончыліся і "з рэчамі на выхад", а тут зноў... Я пытаюся: "Што, мне назад у сваю камеру ісці?" Мне кажуць: "Не, пройдзем у суседні будынак".

Мужчына адзначае, што ў ізалятары часовага ўтрымання быў больш жорсткі рэжым у параўнанні з ЦІП — суседнім будынкам. Але ў апошнім, як прыгадвае Антон, у палітычную камеру падсаджвалі бяздомных для стварэння антысанітарных умоў. Па словах мужчыны, у двух бяздомных сукамернікаў быў ВІЧ і сухоты.

"У ІЧУ мы былі ў падвале і спалі на бетоннай падлозе. Гэта быў карцар. У адзіночнай камеры нас было 13 чалавек. Выкладваліся тэтрысам, клаліся адзін на аднаго — так і спалі. Там было вельмі халодна — я рэальна замярзаў, мяне калаціла. У ІЧУ нам нават лекі ніякія не прыносілі. Медупрацоўнік проста праходзіў міма нас, нават калі мы крычалі, што нам патрэбны лекар і таблеткі. Але ён рабіў выгляд, што нас не чуе, і праходзіў міма".

Сярод сукамернікаў Антона ў ІЧУ, затрыманых паводле крымінальных артыкулаў, былі завадчане МТЗ, якія ўдзельнічалі ў стачках, а таксама хлопец, затрыманы за падножку супрацоўніку ГУБАЗіКа ў метро.

"З намі сядзелі нават хлопцы, якія самі здаліся ГУБАЗіКу, але ўсё роўна былі затрыманыя. Я іх потым на "Валадарцы" бачыў. Яны ведалі, што праходзяць затрыманні за ўдзел у пратэстах, і прыйшлі самі з рэчамі і здаліся".

"Ледзь дайшоў да кабінета лекара, бо ўсё анямела"

У якасці меры стрымання па арт. 342 Крымінальнага кодэкса ў дачыненні да Антона абралі меру стрымання — утрыманне пад вартай. У СІЗА № 1 з ІЧУ на Акрэсціна мужчыну перавозілі ноччу на аўтазаку.

"У цэлым, нармальна ўсё прайшло. Толькі крычалі моцна — асабліва праз мае доўгія валасы. Яны ў мяне гумку адабралі, а калі пераходзілі ў аўтазак, то трэба было нізка галаву наперад нахіляць. А ў мяне падалі валасы і я нічога не бачыў перад сабой, таму прыўздымаў галаву і за гэта адхопліваў ад іх па патыліцы.

Калі мы сядзелі на ІЧУ, то ўсе казалі: хутчэй бы на "Валадарку" — там будзе лягчэй. Але калі нас прывезлі туды, то адразу выбудавалі каля сценкі ў позах літары "Г". Нельга было галавой абапірацца на сцены — трэба было стаяць у такой планцы з рукамі за спінай. І добра, я яшчэ малады і з фізічнай падрыхтоўкай, але сярод нас былі людзі старэйшыя, якім было складана. Нас трымалі ў такім становішчы гадзіны дзве. Зацякала ўсё, і рукі, і спіну зводзіла. Побач стаяў мужчына гадоў 50-ці — з яго ручаём ліўся пот.

Потым нас па чарзе выклікалі да лекара на агляд. Калі назвалі маё прозвішча, то я ледзь разагнуўся. Я ледзь дайшоў да кабінета лекара, таму што ўсё анямела. Было вельмі складана распрануцца. Думаю, яны таксама гэта разумелі, але нічога не сказалі. Агледзелі — сказалі, што ўсё добра. Але сказалі, што бараду, вусы і доўгія валасы ў іх насіць забаронена — а я зарос на Акрэсціна".

"І гэта вось ваша хваленая "Валадарка"?"

Антона адразу змясцілі ў так званы "адстойнік" — транзітную камеру да размеркавання ў камеру. Як і многія палітвязні, ён падумаў, што будзе ўтрымлівацца ў такой камеры ўвесь час.

"Камера была пад зямлёй. Там не было ні туалета, ні рукамыйніцы, ні вядра. Проста адна лаўка стаяла. І я думаю: "І гэта вось ваша хваленая "Валадарка"? Гэта я тут жыць буду цяпер?" Усе казалі: хутчэй бы на "Валадарку", а я гляджу — тут бздура нейкая. У мяне толькі матрац, падушка, кубачак і ўсё. Вакол усё заплявана і закурана. Усюды валяюцца запалкі і недакуркі, але ніводнай цыгарэты. Я заснуў на лаўцы, не раскладаючы матрац. Пад раніцу я прачнуўся, таму што праз краты сонца пачало свяціць. Прынеслі сняданак — нясмачную кашу і гарбату. Думаю, на Акрэсціна хоць кармілі лепш, а тут наогул усё дрэнна! Праз сілу прымусіў сябе з'есці гэтую кашу, бо есці трэба".

Праз пару гадзін Антона завялі ў камеру № 44 на 15 месцаў, на другім паверсе. Там ён правёў каля чатырох месяцаў. Па словах мужчыны, цягам некалькіх месяцаў у ёй было каля васьмі чалавек палітычных — менш не было. Сярод сукамернікаў мужчыны быў трэнер-масажыст нацыянальнай зборнай Рэспублікі Беларусь па біятлоне Мікалай Васілевіч, рэдактар спецпраектаў аўтамабільнага партала "Аўтабізнес" Юрый Гладчук, музыкант і ўдзельнік гурта Litesound Дзмітрый Каракін, уладальнік "Кальяннай № 1" Іван Мураўёў, былы вайсковец Сяргей Нікіцін.

"З усіх месцаў, што я пабываў, "Валадарка" — самае выдатнае".

"Яны плачуць, а ты — за кратамі"

maslyko_anton_90.jpeg
Антон Маслыка з сям'ёй

Антон называе самым складаным у зняволенні — перажыванні за блізкіх.

"Ты доўгі час не бачыш жонку, дзяцей і бацькоў. Ты не можаш ніяк паўплываць на ўсё, што ў іх там адбываецца, не можаш іх супакоіць. Яны раней, як і я, нічога не ведалі пра турму. Яны наглядзеліся кіно, асабліва савецкага, і будуюць ілюзіі, што там у зняволенні ўсё страшна, і там адны злодзеі, забойцы і гвалтаўнікі. Мне турма далася лягчэй, чым некаторым, праз мой характар. Мне было не так цяжка: як фізічна, так і маральна.

Я разумеў, што так, гэта стрэсавая сітуацыя, але ўсё пераадольваецца. Для мяне толькі было страшна, што мае родныя не ведалі і не разумелі, у якіх умовах я знаходжуся. А я не магу ім расказаць гэта, таму яны перажываюць. І нічым дапамагчы не магу ў гэтай сітуацыі. І самае важнае: яны збіраюць мне перадачы, а я разумею, што для жонкі з дзецьмі гэта накладна, асабліва фінансава. Таму ў лістах я пісаў, каб мне нічога лішняга не перадавалі, а глядзелі за сабой і галоднымі не хадзілі. Бо я не працаваў, фінансава грошы ў сям'ю не прыносіў, таму для мяне гэта цяжка было".

Антона разам з жонкай судзілі за ўдзел у чатырох акцыях пратэсту ў 2020 годзе. Да суда Кацярына знаходзілася пад хатнім арыштам. Нягледзячы на тое, што ў сям'і трое непаўналетніх дзяцей, пракурорка папрасіла для абаіх год і шэсць месяцаў пазбаўлення волі. Антон у апошнім слове на судзе прасіў прызначыць толькі яму калонію, каб дзеці засталіся з мамай.

"Чуць запыт пракуроркі было складана і горка. Гэта была маладая жанчына — я запомніў яе жудасную фізіяномію. Я не разумею, як яна магла... Яна на працэсе задавала нам пытанні з такой нянавісцю. А калі абвясцілі прысуд — глядзець на слёзы жонкі і бацькоў. Яны плачуць, а ты — за кратамі. Я стараўся не глядзець у бок залы, бо разумеў, што ў самога наварочваюцца слёзы.

Калі я ехаў на суд, то на "Валадарцы" раздаў усе свае рэчы — узяў толькі тэчку з лістамі. Я ж думаў, што мне, як і многім, дадуць "хімію". Калі вярнуўся з запытам на калонію, то ва ўсіх быў шок у камеры: не можа быць такога, каб з трыма дзецьмі запрасілі пазбаўленне волі абодвум".

У выніку, Антону прызначылі паўтара года калоніі, як і запытвала пракурорка, а Кацярыне — тры гады "хатняй хіміі". Прысуд вынес Сяргей Кацэр.

"Труць кубачкі, каб начальнік змог убачыць у іх сваё адлюстраванне"

Агулам на "Валадарцы" Антон правёў блізу чатырох месяцаў. Пасля апеляцыі мужчыну этапавалі ў СІЗА № 2 Віцебска — ён кажа, што гэта горшае месца за ўвесь час зняволення.

"Хоць страшней Акрэсціна ўжо нічога быць не можа. Пасля яго ўжо ўсё адно куды. Але пасля "Валадаркі" віцебскае СІЗА стала для мяне шокам. Там надзвычай жорсткі рэжым. Днём нельга нават з нагамі на ложку сядзець — яны абавязкова мусяць быць на падлозе. Да сцяны спінай абапірацца нельга. У дзень два разы па адной гадзіне павінна абавязкова праводзіцца ўборка. Яе робіць адзін чалавек — дзяжурны. Падчас яе трэба скруціць усе матрацы і пакласці іх на адзін ложак. У гэты час усе сукамернікі сядзяць на не засланых жалезных ложках і труць кубачкі, каб яны блішчэлі і начальнік змог убачыць у іх сваё адлюстраванне. За гэтым праз відэакамеру назіраюць супрацоўнікі.

Падчас ранішняй або вячэрняй праверкі могуць праверыць якасць прыборкі — калі ў супрацоўніка на пальцы застанецца пыл пасля таго, як ён правядзе па паліцы, напрыклад, то могуць пасадзіць у карцар. У душы ў віцебскім СІЗА цячэ з крана кіпень. І чым даўжэй ты знаходзішся там з адкрытым кранам, тым больш гарачай вада робіцца. Таму прыняць душ займала пару хвілін — ужо намылены з гелем і шампунем хутка скачаш у ваду, змываешся і ўцякаеш адтуль".

"Увесь час выганялі на вуліцу: неістотна — на вуліцы мароз ці не"

7 студзеня 2023 года Антона этапавалі ў калонію № 3 — вядомую, як "Віцьба". Там ён адбыў дзевяць з паловай месяцаў. Былы палітвязень адзначае, што вельмі складана яму даўся "каранцін":

"Гэта былі два тыдні, скажам так, мясцовага пекла. Мне "пашанцавала", калі я прыехаў у калонію, то па адчуваннях было -20. І такія маразы трымаліся некалькі дзён. Адразу ж рэчы твае ніхто не выдаваў, а там былі свае шапка, шалік, вусцілкі, тэрмабялізна. Таму вельмі мерзлі ногі ў гэтым дубовым абутку і прамерзлай вопратцы, якая не можа высахнуць без сушылак. Там пастаянна выганялі на вуліцу: усё адно — на вуліцы мароз ці не. Ты проста стаіш на вуліцы ледзь не цэлы дзень. Проста стаіш у лакальным участку памерам чатыры на два метры. Пасядзець, пагрэцца ў памяшканні, можна было толькі ў сталовай на сняданку, абедзе або вячэры. Ты прачынаешся — і ёсць толькі хвіліна, каб апрануцца і выбегчы на вуліцу на пастраенне.

Раней ўздыму ўстаць нельга і спазніцца таксама нельга. І ты бяжыш на зарадку і праверку на гэтае пастраенне, а потым адтуль бягуць наверх, каб за 10 хвілін роўна заправіць ложкі, як у войску, пагаліцца, памыцца, пачысціць зубы. Нас было каля 50 чалавек, а пакой для мыцця — адзін. У ёй дзесьці шэсць ракавін. Гэта было нерэальна... Палова — мыецца, іншая палова — запраўляе ложку. Усе спяшаюцца, таму нават канфлікты здараліся. Пасля гэтага правяраюць, як мы паголеныя, і наколькі класна ў нас запраўленыя ложкі.

"Каранцін" быў вельмі жорсткі".

Мужчына распавядае, што ў атрадзе яму ўжо было лягчэй.

"Я такі чалавек, які ў любой сітуацыі звыкся шукаць плюсы, а не мінусы. Я адаптуюся да сітуацыі, абстаноўкі і людзей. Каб мне было лягчэй пераносіць гэты час. У атрадзе я пазнаёміўся з усімі нашымі "экстрэмістамі".

Але заўважыў, што як такога вольнага часу ў калоніі няма:

"Рэжым дня пабудаваны так, што ў цябе вольнага часу няма ў прынцыпе. Пад'ём, зарадка, заправіць ложак і мыццё, сняданак (калі стаіць па раскладзе), праверка, праца на прамысловай зоне (калі першая змена), праверка, вячэра... Прыходзіш з вячэры — і ўжо 20 гадзін. А калі ўвечары праверка прафулікаў, асабліва, як мы "жоўтыя" ["схільныя да экстрэмісцкай ды іншай дэструктыўнай дзейнасці"] — то трэба чакаць, пакуль афіцэр прыйдзе са спісам. Так застаецца толькі адна гадзіна да адбою. Вось і ўвесь вольны час — толькі на падрыхтоўку да сну".

"Калі ў ДВП даведаюцца, што ў мяне тут экстрэміст на гітары грае..."

Акрамя дадатковых праверак, Антон адзначае, што былі іншыя моманты, калі ён адчуваў асаблівае стаўленне, як да палітвязня:

"Вельмі часта прыходзілі супрацоўнікі — кантралёры або афіцэры — і выклікалі ў пакой захоўвання асабістых рэчаў менавіта нашых "экстрэмістаў". І выпадковым шляхам абіралі, чые торбы яны будуць глядзець. Усе змесціва ў торбе павінна выразна адпавядаць вопісу. Але калі на гэта не звяртаюць увагу ў звычайных зэкаў — іх ніколі ніхто не праверыць, то да палітычных часта прыходзілі правяраць вопісы. Калі ў цябе па вопісе 9 алоўкаў, а ў цябе рэальна іх 8 або 10, то гэта падстава для складання паперы на цябе. І рабілі яны гэта часта. Былі лаяльныя супрацоўнікі, а былі тыя, хто жорстка правяраў і дрэнна ставіўся. Яны адкрыта казалі: "Ну што, змагары, экстрэмісты, чаго вам не хапала? Што тут хацелі змяніць?"

Таксама Антону не дазволілі займацца музыкай у калоніі толькі праз тое, што ён асуджаны паводле палітычнага артыкула:

"Мне адразу сказалі, што мне з маім прафулікам нельга. Супрацоўнік сказаў: "Крый божа, ты нам тут "Перемен" [песня Віктара Цоя — заўвага] зайграеш. А начальнік калоніі сказаў: "Калі ў ДВП [дэпартамент выканання пакаранняў — заўвага] даведаюцца, што ў мяне тут экстрэміст на гітары грае, то мне такое прыляціць..."

На стадыёне ў мужчыны была магчымасць займацца, але палітвязняў не пускалі ў залу цяжкай атлетыкі — у "качалку". Антон гуляў у футбол у складзе каманды атрада — адзіны з палітвязняў, які выступаў на чэмпіянаце па футболе за свой атрад.

"У месяц плацілі калі адзін рубель, калі — два"

Антон на прамысловай зоне працаваў у швейным цэху — шыў касцюмы МЗШ, халаты "Белінвест", будаўнічыя касцюмы, тэпцікі для гатэляў, анучы для швабраў і г. д.

"Я адразу прасіўся на машынку, таму што я тыдзень абразаў ніткі з гатовай прадукцыі і зразумеў, што не вытрымаю больш. Я сеў за машынку — прыгадаў прыкладна, як мама шыла на машынцы. У апошні час да нас прыйшла замова на ваенныя спальнікі, але ёй займаліся толькі тыя зняволеныя, хто даўно сядзіць. На "швейцы" была іерархія па зняволеных, і на такія добрааплатныя замовы яны больш нікога не пускалі. Мы з хлопцамі шылі толькі таму, што так час хутчэй ляціць, і рукі і галава занятыя працай, а не думаеш пра нешта благое. І навык краўца таксама можа спатрэбіцца ў жыцці. Толькі тое, што нам за гэта не плацілі нічога — гэта так. У месяц плацілі калі адзін рубель, калі — два".

"Нават у спякоту мы не маглі зняць целагрэйкі і шапку — мы мусілі быць апранутыя строга па форме"

5 траўня 2023 года ў віцебскай калоніі памёр 61-гадовы блогер з Пінска Мікалай Клімовіч. Антон распавядае, што яму вядома пра гэта:

"Мне толькі вядома, што ён быў на "каранціне" ў гэты час. І яму там, натуральна, не аказвалі патрэбную і своечасовую медычную дапамогу, таму што яе не аказваюць там нікому наогул. Тыя, хто знаходзіцца на "каранціне" і кажа, што яны сябе блага адчуваюць, ім не вераць. Кажуць: "Будзе тэмпература — пакладзем у бальнічнае крыло, не будзе тэмпературы — нічога не дамо і нікуды не пакладзем, будзеш сядзець з усімі. Як я ўжо казаў, ты там знаходзішся цэлымі днямі, і там усё адно, холадна табе ці горача".

Паміж іншым, былы палітвязень прыгадаў важны момант:

"У 2023 годзе, так атрымалася, што на травеньскія святы мы былі яшчэ ў зімовай форме. Нам памянялі зімовую форму на летнюю 15 красавіка, але потым — перад травеньскімі святамі — стала рэзка холадна. І ў канцы красавіка нам сказалі апрануцца назад у зімовую. Прыйшлі майскія святы — стала горача. Было душна і проста невыносна. Тады было горача, і шмат у каго ад гэтага ўздымаўся ціск. Нават у спякоту мы не маглі зняць целагрэйкі і шапку — мы павінны былі быць апранутыя строга па форме і зашпіленыя на апошні гузічак. Было рэальна вельмі кепска, бо моцна свяціла сонца. Але гэта нікога не хвалявала. Зімовую форму зноў памянялі толькі пасля травеньскіх святаў".

"З хлопцамі зычылі адзін аднаму свабоды"

anton_maslyko_3.jpg
Антон Маслыка з жонкай Кацярынай. Фота прадастаўлена героем

Антон выйшаў на волю 20 кастрычніка 2023 года:

"Мяне праводзіў увесь атрад з гарбатай і кавай. Усе свае рэчы я там пакінуў — забраў толькі лісты і пару нататнікаў з адрасамі. У мяне былі праблемы праз целагрэйку, якую я пакінуў іншым зняволеным. Прыйшоў начальнік рэжыму Кібік і пачаў распытваць, дзе гэтая "целага". Ён мяне выклікаў у свой кабінет, дзе пагражаў, але я не разумеў, што ад мяне хочуць, таму што самі не могуць выдаць целагрэйкі хлопцам, якія толькі прыехалі. Мы з хлопцамі паабдымаліся, зычылі адзін аднаму поспеху і свабоды, ніколі не трапляць у гэтыя месцы, паплакалі, груба кажучы".

Былы палітвязень пісаў заяву на матэрыяльную дапамогу, але яму нічога не выдалі, матываваўшы гэта тым, што заяву страцілі. У дарогу Антону далі 23 рублі — гэтага павінна было хапіць на квіток дадому і булачку. Цягам сутак яму трэба было з'явіцца на адзнаку ў РАУС па месцы рэгістрацыі.

23 студзеня 2024 года сям'я Антона і Кацярыны трапіла пад рэйд КДБ за прадуктовую дапамогу ад ініцыятывы INeedHelp. Яны вырашылі экстранна пакінуць Беларусь з трыма дзецьмі, каб не трапіць пад новы крымінальны пераслед. Цяпер сям'я знаходзіцца ў бяспецы.

"За час, пакуль я сядзеў у калоніі, вырашыў, што не вярнуся на старое месца працы. У мяне з'явілася жаданне развіваць сваё хобі — піваварства, табакаводства і вінакурэнне. У мяне добра атрымліваецца і гэта тое, што мне падабаецца. Пасля вызвалення мужчына актыўна заняўся піваварствам і пачаў рабіць настойкі".

Рэквізіты для фінансавай падтрымкі Антона і яго сям'і:

Атрымальнік: Anton Maslyka
Рахунак: LT343500010017139030
SWIFT: EVIULT2VXXX
Назва банка: Paysera LT, UAB
Адрас банка: Pilaitės pr. 16, Vilnius, LT-04352, Lithuania

Нумар карты, прывязаны да PayPal:

4745037280391735
02/28

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства