Памёр палітвязень Ігар Леднік. Ён меў вялікія праблемы са здароўем Дапоўнена
20 лютага на 64-м годзе жыцця памёр палітзняволены грамадскі актывіст Ігар Леднік. Ён быў асуджаны да трох гадоў зняволення за "паклёп на Лукашэнку" за публікацыю ў партыйным часопісе БСДП "Пазіцыя". Палітвязень меў інваліднасць другой групы праз праблемы з сэрцам, але яму ўсё роўна прызначылі пазбаўленне волі. У зняволенні стан здароўя Ігара Ледніка істотна пагоршыўся, яму была зроблена аперацыя на страўнікава-кішачным тракце. Прычынай смерці палітвязня стала спыненне сэрца. Медыкі спрабавалі яго рэаніміраваць, аднак беспаспяхова. Ігар Леднік памёр у турэмнай бальніцы ў Калядзічах, куды быў планава дастаўлены з бабруйскай калоніі № 2, дзе ўвесь час знаходзіўся ў медчастцы. Гэта пятая смерць палітвязня за кратамі.
Ігар Леднік быў затрыманы 12 красавіка 2022 года. У верасні 2022 года былога сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) асудзілі да трох гадоў калоніі. Ігара абвінавацілі ў паклёпе на Лукашэнку (ч. 2 арт. 367 Крымінальнага кодэкса). Справу разглядала суддзя Таццяна Шоцік. Згодна з матэрыяламі справы, Леднік прадставіў для публікацыі ў адзін з часопісаў артыкул з загалоўкам "Міжнародна прызнаны нейтралітэт Беларусі – гарантыя бяспекі ў рэгіене АБСЕ". У ім ўтрымліваліся "загадзя ілжывыя звесткі, якія ганьбяць і зневажаюць гонар і годнасць Лукашэнкі, злучаныя з абвінавачваннем у асабліва цяжкіх злачынствах, у тым ліку супраць бяспекі чалавецтва".
У чэрвені 2022 г. адвакатка паведаміла, што стан здароўя палітвязня пагоршыўся, Ігар знаходзіўся ў санчастцы следчага ізалятара ў ляжачым стане. У ліпені стала вядома, што актывісту зрабілі аперацыю на страўнікава-кішачным тракце.
Прычынай смерці палітвязня стала спыненне сэрца, піша БСДП. Медыкі спрабавалі яго рэаніміраваць, аднак беспаспяхова. Ігар Леднік памёр у турэмнай бальніцы ў Калядзічах, куды быў планава дастаўлены з бабруйскай калоніі № 2, дзе адбываў тэрмін.
Праваабаронцы "Вясны" выказваюць спачуванні родным і блізкім палітвязня.
У калоніі казаў, што хутчэй за ўсё ён памрэ ў калоніі
Былы палітвязень Аляксей Галоўкін пэўны час знаходзіўся ў санчастцы ПК-2 разам з Ігарам Леднікам, піша "Новы Час". Хлопец кажа, што супрацоўнікі ўвесь час здзекаваліся з хворага Ледніка, не дазвалялі яму прымаць душ і атаварвацца ў турэмнай краме.
"Мы сустрэліся з Ігарам у санчастцы. Мяне паклалі туды пасля каранціна, а Ігар ужо быў там, калі мяне прывялі. Мы пасябравалі. Выдатны чалавек, вельмі разумны, цікавы. Стан яго здароўя ўжо на той момант быў жахлівы. Праз гэта Ігара нават не размяркоўвалі ў атрад. Ігар чакаў і спадзяваўся, што яго вывезуць у горад, у грамадзянскі шпіталь, і там хоць боль-менш падлечаць.
У Ігара была стома, да якой быў замацаваны адмысловы пакет, каб ён мог хадзіць у прыбіральню. Што мяне абурала найбольш — супрацоўнікі калоніі не дазвалялі Ігару прымаць душ, хаця ў санчастцы меўся нармальны душ з гарачай вадой. Сябру даводзілася ўвесь час ваяваць з турэмнікамі і змагацца за кожны паход у душ, гэта кашмар.
Ігар трымаўся вельмі годна, сапраўдны мужык. Разам з тым, ён казаў мне, што хутчэй за ўсё ён памрэ ў калоніі. Казаў, што яго стан здароўя ўвесь час пагаршаецца, і калі яму не акажуць кваліфікаваную, своечасовую медычную дапамогу, да вызвалення ён папросту фізічна не дацягне".
Пятая смерць палітвязня за кратамі
Гэта пяты палітзняволены ў Беларусі, які памёр у зняволенні. Першы вядомы выпадак смерці палітвязня за кратамі — смерць 50-гадовага актывіста з Бярозаўкі Вітольда Ашурка 21 траўня 2021 году ў шклоўскай калоніі № 17. Афіцыйная прычына — спыненне сэрца, хоць, па словах сваякоў, да зняволення на здароўе мужчына не скардзіўся. На відэа з калоніі мужчына выглядаў знясіленым і ледзь трымаўся на нагах. Калі родным паказалі цела палітвязня, то галава была практычна цалкам забінтаваная. Следчы камітэт заявіў, што смерць палітвязня не мела крымінальнага характару, і да гэтага часу не завёў крымінальную справу.
7 траўня 2023 году ў віцебскай калоніі № 3 памёр 61-гадовы палітзняволены блогер і грамадскі актывіст з Пінска Мікалай Клімовіч. Ён меў інваліднасць II групы з прычыны захворвання сардэчнай сістэмы, перанёс інсульт і складаную аперацыю на сэрцы. Нягледзячы на гэта, пінскі суд прызначыў яму зняволенне. Перад прысудам блогер выказаўся, што можа памерці за кратамі, бо яму трэба прымаць вялікую колькасць моцных лекаў. У зняволенні мужчына вытрымаў крыху больш за два месяцы.
Ноччу 11 ліпеня 2023 году ў рэанімацыі памёр 57-гадовы палітзняволены мастак Алесь Пушкін. У яго была прабадная язва, яму своечасова не аказалі дапамогу ў гродзенскай турме № 1. Мастака ўжо ў непрытомным стане прывезлі ў бальніцу, на аперацыйным стале ў яго спынілася сэрца.
У ноч 9 студзеня 2024 года ў віцебскай калоніі № 3 ад пнеўманіі памёр 50-гадовы палітзняволены Вадзім Храсько. У жніўні 2023 года Мінгарсуд прызначыў яму тры гады зняволення за некалькі данатаў, негледзячы на тое, што мужчына меў сур'ёзнае захворванне. Паводле інфармацыі праваабаронцаў "Вясны", Вадзім хварэў у зняволенні. У бальніцу мужчыну даставілі, калі яго ўжо нельга было выратаваць.
"Я, напэўна, проста памру тут": хто з палітвязняў знаходзіцца ў асаблівай рызыцы за кратамі