Новыя затрыманні і ціск на палітвязняў: хроніка пераследу 20 лютага
У Беларусі працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 20 лютага 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
САХР са зброяй і ў спартыўных касцюмах прыйшоў затрымліваць мужчыну за каментары ў інтэрнеце
Затрыманы нібыта ўдзельнічаў у акцыях пратэсту і пакідаў абразлівыя каментары пра сілавікоў і прадстаўнікоў улады.
На "пакаяльным відэа" ад 20 лютага мужчына кажа, што яму інкрымінаваныя арт. 130 КК (распальванне варожасці), арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады), арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі), арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
Былога палітвязня аштрафавалі за атрыманне "замежнай дапамогі" ад INeedHelpBY
У Оршы 1 лютага адбыўся суд над былым палітвязнем Дзянісам Сяргеевым паводле ч. 2 арт. 24.15 КаАП (выкарыстанне замежнай бязвыплатнай дапамогі для ажыццяўлення тэрарыстычнай і іншай экстрэмісцкай дзейнасці). Дзяніса затрымлівалі 23 студзеня падчас рэйду КДБ за прадуктовую дапамогу ад ініцыятыву INeedHelpBY.
Паводле пратаколу, Дзяніс "атрымаў і выкарыстаў замежную бязвыплатную дапамогу ў выглядзе таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў на агульную суму 244 рублі і 38 капеек, пералічаных прадстаўнікамі экстрэмісцкага фармавання INeedHelpBY у адрас інтэрнэт-крамы "Еўраопт".
Суддзя Юлія Хаткевіч прызначыла Дзянісу штраф памерам 1 000 рублёў (25 базавых велічыняў) з кампенсацыяй сумы "замежных" аплат у Е-дастаўцы.
Для палітвязня Міколы Статкевіча не прынялі рэчавую перадачу і медычную бандэроль
Нагадаем, Статкевіч, асуджаны да 14 гадоў калоніі, знаходзіцца за кратамі амаль 4 гады. Але ўжо 373 дні ад палітвязня няма ніякіх звестак. У другой палове лістапада сваякі Мікалая праз "другія рукі" атрымалі інфармацыю, што ён сядзіць па чарзе то ў адзіночнай камеры ПКТ, то ў камеры штрафнога ізалятару.
Жонка палітвязня Марына Адамовіч была затрымана 23 студзеня падчас рэйда КГБ. Яе асудзілі за "дробнае хулігнаства" да 15 сутак арышту.
19 лютага на сваёй старонцы ў фэйсбуку жанчына напісала, што з калоніі ў чарговы раз вярнулі рэчавую перадачу і медычную бандэроль.
Падтрымайце палітвязня: ПК № 13, 211791, Глыбокае, Савецкая, 205, Мікалаю Віктаравічу Статкевічу
Былога палітвязня Андрэя Кудзіка знайшлі на "сутках"
20 лютага стала вядома, што актывіст з Вілейкі знаходзіцца ў мясцовым ІЧУ, дзе адбывае 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Па якім артыкуле — пакуль не вядома.
Нагадаем, сувязь з былым палітвязнем знікла 15 лютага. У мінулым кастрычніку яму ўжо прызначылі 15 сутак арышту за віншаванне Украіны з Днём Незалежнасці ў TikTok.
Памёр палітвязень Ігар Леднік. Ён меў вялікія праблемы са здароўем