viasna on patreon

"Акт міжнароднага тэрарызму". У Гродне распачынаецца суд за "падрыхтоўку дыверсій"

2024 2024-02-21T12:52:47+0300 2024-02-21T12:52:47+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/pacenka_kulikau.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Гродзенскім абласным судзе 26 лютага распачнецца суд па "справе падрыхтоўкі дыверсій у Гродне". Беларуса Вадзіма Пацэнку і грамадзяніна Расійскай Федэрацыі Аляксея Кулікова абвінавачваюць агулам па пяці цяжкіх артыкулах Крымінальнага кодэкса, у тым ліку паводле ч. 3 арт. 126 (акт міжнароднага тэрарызму) і арт. 358-1 (агентурная дзейнасць). Справу будзе разглядаць Валер Раманоўскі. Распавядаем, што вядома пра справу, а юрыст "Вясны" Павел Сапелка каментуе, ці пагражае фігурантам справы смяротнае пакаранне.

pacenka_kulikau.jpeg
Вадзім Пацэнка і Аляксей Кулікоў

22-гадовы Вадзім Пацэнка родам са Свіслачы, але жыў у Гродне. Вядома, што мужчына займаўся спортам, у тым ліку прадстаўляў родны горад на юніёрскім спартыўным мнагабор'і. Пацэнку затрымалі 3 сакавіка 2023 года. У праўладным фільме "Гаспар не вышел на связь" заявілі, што ён нібыта павінен быў здзейсніць дыверсію ў Гродне. На кадрах допыту ён кажа, што яму "паставілі задачу падарваць нафтабазу з дапамогай дрона і выбухоўкі". Ужо тады заявілі, што яму інкрымінуюць ч. 2 арт. 289 КК (акт тэрарызму). 

Вадзім Пацэнка
Вадзім Пацэнка пасля затрымання. Скрыншот з фільма на АНТ

Грамадзяніну Расійскай Федэрацыі Аляксея Кулікову 36 гадоў. У тым жа праўладным фільме распавялі, што год таму Кулікоў збег ад прызыву, а трапіць у Гродна яму дапамог расейскі апазіцыянер Данііл Крынары (Кавалеўскі). Кулікова затрымалі 26 лютага 2023 года. Па версіі КДБ Аляксей здымаў на фота аб'екты ў Гродне для "ўкраінскіх спецслужб" — ваенкамат Гродна і Гродзенскага раёна, вайсковую частку 41780, нафтабазу раёна Аульс, нафтабазу раёна Дзевятоўка, генконсульства РФ. Кулікову выставілі абвінавачванні паводле ч. 2 арт. 289 (акт тэрарызму) і ч. 2 арт. 126 (акт міжнароднага тэрарызму) Крымінальнага кодэкса.


kulikau_90.png
Аляксей Кулікоў пасля затрымання. Скрыншот з фільма на АНТ

Вядома толькі, што мужчыны разам працавалі.

Вадзіма Пацэнку і Аляксея Кулікова агулам абвінавачваюць па наступных артыкулах Крымінальнага кодэкса:

  • ч. 3 арт. 289 (акт тэрарызму);
  • ч. 3 арт. 126 (акт міжнароднага тэрарызму);
  • арт. 358-1 (агентурная дзейнасць);
  • ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве);
  • ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці).

Якія і каму дакладна артыкулы ставяцца ў віну — пакуль невядома.
У праўладным фільме "Гаспар не вышел на связь" распавядалі, што Вадзіма Пацэнку і Аляксея Кулікова абвінавачваюць менавіта ў "падрыхтоўцы актаў тэрарызму" (арт. 13 Крымінальнага кодэкса). Паводле ч. 3 арт. 126 Крымінальнаго кодэкса прадугледжана смяротнае пакаранне.

"З наяўнай інфармацыі няма даных аб рэальным здзяйсненні тэрарыстычнага акту — здзяйсненні закончанага злачынства. Аднак прад'яўленае абвінавачванне выглядае пагрозліва, бо з траўня 2022 года нават замах на здзяйсненне злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 126 КК, можа карацца смяротным пакараннем (такое пакаранне па ч. 3 арт. 126 было прадугледжана першапачаткова толькі за закончанае злачынства, якое пацягнула смерць чалавека). Калі ж дзеянні кваліфікаваныя як падрыхтоўка да злачынства, то смяротнае пакаранне абвінавачаным (або аднаму з іх) не пагражае", — адзначае Павел Сапелка.

Пры гэтым, праваабаронца зазначае, што спадзеваў на тое, што па дадзенай справе будзе вынесены справядлівы прысуд, няма:

"Той факт, што справа будзе разгледжаная з грубымі парушэннямі прынцыпаў справядлівага суда — як мінімум, у адсутнасць спаборнасці бакоў, з парушэннем права на абарону і на разгляду справы ў прысутнасць публікі і прадстаўнікоў СМІ, а таксама парушэнне прэзумпцыі невінаватасці фігурантаў справы — не пакідае надзеі на законны і абгрунтаваны прысуд".

Падтрымаць вязняў: Турма-1, Гродна, вул. Кірава 1, 230023, Вадзім Андрэевіч Пацэнка, Аляксей Вітальевіч Кулікаў

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства