Метамарфозы суда: дальнабойшчыка абвінавачвалі за падрыў петарды, але асудзілі за ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні
Мінскі гарадскі суд завяршыў 29 лютага разгляд крымінальнай справы 50-гадовага кіроўцы-дальнабойшчыка Андрэя Бурака. Мужчыну першапачаткова абвінавачвалі ў хуліганстве (ч. 3 арт. 339 КК) і стварэнні экстрэмісцкага фармавання, альбо ўдзеле ў ім (ч. 3 арт. 361-1 КК). Судовы працэс пачаўся 15 лютага, справу разглядаў суддзя Яўген Хаткевіч.
Паводле следства, увечары 11 траўня 2023 года на аўтадарозе М-5 «Мінск-Гомель» паблізу вёскі Ясень, што каля Бабруйска, "кіроўца аўтамабіля DAF, які праязджаў міма спыненай ваеннай транспартнай калоны, зрабіў падрыў неўстаноўленай прылады, самастойна вырабленай з піратэхнічных вырабаў, кінуўшы яго ў бок вайскоўцаў і ваеннай тэхнікі. А пасля паспрабаваў схавацца.
Аднак у ходзе пераследу ягоны аўтамабіль быў блакаваны вайскоўцамі, а ён сам – затрыманы".
Устаноўлена, што ў кабіне аўтамабіля была налепленая "экстрэмісцкая" сімволіка, а ў мабільным тэлефоне – некалькі падпісак на радыкальныя каналы, прызнаныя экстрэмісцкімі, у тым ліку і на план "Перамога".
Зразумела, што набор петардаў ніякай шкоды вайскоўцам не прычыніў. Налепкі таксама пагрозы не ўяўлялі, тым болей, сярод іх было і лога гурта "Rammstein".
Вядома таксама, што папярэдне мужчыну абвінавачвалі толькі ў хуліганстве, артыкул аб стварэнні экстрэмісцкага фармавання з“явіўся падчас следства, а на судзе ўсё вывернулася наадварот: застаўся толькі ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні.
Суд прызнаў Андрэя Бурака вінаватым і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на пяць гадоў.