viasna on patreon

"Збівалі да фіялетавых ног, пасадзіўшы мяне каля дзвярэй, каб я чула". Мэрыем Герасіменка распавяла пра збіццё свайго хлопца

2024 2024-03-01T16:25:35+0300 2024-03-01T16:34:29+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/meriem_2.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Былая палітзняволеная спявачка Мэрыем Герасіменка рэпрэсаваная за выкананне каля бара "Банки-бутылки" на Зыбіцкай песні з рэпертуару ўкраінскага гурта "Акіян Эльзы". У студзені 2023 года яе асудзілі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак) да трох гадоў "хатняй хіміі". Пазней яна пакінула Беларусь. Мэрыем распавяла ў інстаграме гісторыю свайго пераследу, катаванні супраць яе хлопца Антона і спробу фальсіфікаваць справу супраць яе за "фінансаванне УСУ".

"Усе "законы" і "правы чалавека" можна было спаліць на вогнішчы"

"Майго Антона, паўтара года таму, дэпартавалі з Рэспублікі Беларусь, за адмову ад дачы на мяне "ілжывых паказанняў", пра тое, што нібыта сродкі, атрыманыя з майго вулічнага канцэрту ў бары "Банки-бутылки" ў жніўні 2022 года, былі пералічаныя на спансаванне і фінансаванне "УСУ Украіны".

Нагадаю, што гэта было бясплатнае выступленне на тэрыторыі бара, для жыхароў горада, дзе я не зарабляла, папрасіўшы толькі аб адным, што людзі могуць прынесці замест кветак, корм альбо іншую дапамогу для жывёл, і пасля канцэрта, мы ўсе перададзім валанцёрам, як я рабіла не першы раз, заўсёды дапамагаючы вушастым малым. Але "казачнікам" трэба было выкруціць і зрабіць шоў, што мы з уладальнікамі бара, галоўныя спонсары "УСУ і байрактараў" (апошняе слова, я даведалася толькі на допытах, якое не магла нават вымавіць, не тое што спансіраваць).

Працягну, збівалі Антона чатыры прадстаўнікі ГУБАЗіК, закрыўшы ў кабінеце, да фіялетавых ног, пасадзіўшы мяне каля дзвярэй, каб я чула, як здзекуюцца над чалавекам толькі за тое, што ён, адмаўляецца казаць ілжывы данос на мяне і тое, што ён мой малады чалавек!

У іх на яго не было нічога ... але ў той момант, для іх гэта было не важна. Усе "законы" і "правы чалавека" можна было спаліць на вогнішчы. P. S. У фінале маёй крымінальнай справы, праз пол года, быў рапарт, дзе было напісана, што "спансаванне мной і фінансаванне не пацверджана".

Ён грамадзянін РФ, з 7 гадоў жыў у Беларусі, вучыўся, працаваў, меў від на жыхарства. Яго 60 сутак трымалі на "Акрэсціна". Намалявалі чатыры адміністрацыйных правапарушэнні... Далі чатыры разы па 15 сутак за "непадпарадкаванне міліцыі" (хто не ў курсе, за пяць адміністрацыйных правапарушэнні пазбаўляюць віда на жыхарства) і дэпартавалі з краіны на 10 гадоў! Десяць, Карл! Хачу ўдакладніць, што ён не быў ні на маршах, ніякіх фотаздымкаў палітычных і г.д. у яго не было. Ні за што. Калі ён выйшаў, пасля 60 сутак, яго адразу ж этапавалі на дэпартацыю ў аэрапорт пад канвоем..."

"Майго маладога чалавека пасадзілі ў кабінет, нацягнулі ластаўкай"

Таксама некаторымі абставінамі сваёй справы яна падзялілася ў шоу "Ноч з Чалым". Спявачка расказала, што прыцягнула ўвагу да сябе яшчэ ў 2020-м, калі напісала песню "Не забудзем, не даруем". У снежні 2020-га на яе напісала "ананімку" адна з жанчын, якой Мэрыем адмовіла ў супрацы, каб спявачку праверылі, бо яе творчасць нібыта прапагандуе нянавісць да беларускага народу. Мэрыем выклікалі на допыт, на два тыдні забаранілі выязджаць з Беларусі. Але пасля справу не сталі заводзіць.

У жніўні 2022 года дзяўчыну затрымалі не адразу пасля канцэрта.

"Першы званок ад супрацоўніка мне паступіў пасля абеду на наступны дзень. Мне ніхто не сказаў пра тое, што ёсць пытанні да майго канцэрту. Была выдумана гісторыя, што я праходжу сведкай па нейкім выпадку. Але я, на шчасце, сканчвала юрфак, і вельмі многія мае аднагрупнікі працуюць у органах. І толькі адзін званок, дзе я сказала чалавеку: прабі мяне, калі ласка, па базе і скажы, якія пытанні да мяне. І ён мне проста кажа: «А ты наогул у крымінальным вышуку»".

На кватэру да спявачкі прыехалі сілавікі, выламалі дзверы.

"Прэтэнзія — змагарка, якая падтрымлівае фашызм", — так апісвае Мэрыем тое, у чым яе вінавацілі.

Сілавікі даказвалі дзяўчыне, што на фота з Балі яна сядзіць пад беларускім нацыянальным сцягам (а тое быў чырвона-белы сцяг Інданэзіі). Мэрыем правяла 12 гадзін у РУУС, пасля яе адправілі на Акрэсціна, праз пару гадзін адпусцілі і сказалі прыйсці ў суд. Сябры прапаноўвалі вывезці дзяўчыну адразу, але яна хацела адпачыць і паспаць.

"Праз гадзіну мы прачынаемся, бо тры амбалы з ГУБАЗа з пісталетамі кажуць «тварам у падлогу»", — згадвае яна.

З гаманца ў дзяўчыны дасталі грошы, забралі карткі. Яе і хлопца забралі ў ГУБАЗіК.

"Майго маладога чалавека пасадзілі ў кабінет, нацягнулі ластаўкай — гэта калі чатыры чалавекі цягнуць за рукі, за ногі. Збівалі яго проста да стану каматозу, таму што ён адмаўляўся даваць ілжывыя паказанні. Яны яго прымушалі сказаць, што сродкі з майго дабрачыннага канцэрта ў «Банкі-бутылкі» адпраўляліся на спансаванне УСУ Украіны, байрактараў".

Паўгода спявачка правяла ў СІЗА.

"Мая музыка, мой голас дапамагалі не толькі мне — яны дапамаглі маёй усёй камеры".

Спявачка згадвае, як у СІЗА даведаліся, што яе прывезлі.

"У нас у камеры сядзела жанчына, якая там была ўжо 2,5 года, і яна была такім лёгкім аўтарытэтам. І калі я зайшла, усе мяне пазналі. А яна такая: "А што тут мне кажуць, што ты спяваеш". І я такая стаю са сваім баулам, кажу: можна, я крыху пазней спяю. Яна сядзіць курыць сіжку. "Ты курыш?" Я не курыла, але ў СІЗА закурыла. "Ну, давай, калі мне спадабаецца, як ты будзеш пець, то будзеш са мной курыць. Тут ніхто не курыць". Я думаю: ну, трэба за месца пад сонцам змагацца".

Мэрыем спела "Кукушку" Цоя, і палова жаночага корпусу апладзіравала ёй. Дзяўчына па нядзелях часам спявала за кратамі. Першае, што спявачка зрабіла пасля вызвалення, — паехала ў СК даваць паказанні па справе, дзе праходзіла пацярпелай (чалавека, які падмануў яе на грошы, асудзілі пазней на некалькі гадоў). А пасля паехала ў "Макдональдс".

Музычную школу, якую трымала Мэрыем, закрылі ў першы месяц, пакуль яна сядзела.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства