"Нібы вельмі іранічны мем". Былая палітзняволеная распавяла пра фатаграфанне ў калоніі ў Міжнародны дзень абароны дзяцей
У праекце "Магшоты палітвязняў" беларусы і беларускі падзяліліся з праваабаронцамі гісторыямі, як іх фатаграфавалі ў месцах няволі. Фігурантка "справы студэнтаў" Яна Арабейка таксама распавяла пра тое, як яе фатаграфавалі ў жаночай калоніі ў Міжнародны дзень абароны дзяцей. Фота ў рамачцы са звярком і подпісам "С Днём детства" абяцалі адправіць бацькам.
Яна Арабейка прабыла ў жаночай калоніі № 4 адзін год і адзін месяц. Яна падзялілася гісторыяй, якая з ёй адбылася там 1 чэрвеня 2022 года:
"У калоніі быў конкурс на лепшы асфальтавы малюнак. У нас у атрадзе перапалох. Прыйшла новая маладая загадчыца гаспадаркі, якой не ўсе былі рады. Жанчына, якая была адказная за насценгазеты нашага атрада, павінна была ўдзельнічаць у гэтым конкурсе. Яна нават намалявала эскіз. Але ў апошні момант адмовілася. Тады папрасілі мяне. Памятаю, што я не вельмі хацела. Але дзеля новай загадчыцы гаспадаркі, якая здавалася адэкватнай, пагадзілася.
Па-мойму, я малявала нейкае сонца на арэлях. Не ведаю, прычым тут дзень дзяцінства... У нейкі момант прыйшла культарганізатарка з фотаапаратам і тая ж відэагрофка, што фоткала нас на бірку.
Яны абвясцілі, што нас сфатаграфуюць і выдадуць нам фота, а мы зможам іх адправіць бацькам. Мяне сфатаграфавалі — зноў на відэакамеру. Я памятаю, як яны прасілі мяне ўсміхацца. Але мне вельмі не хацелася — больш хацелася плюнуць ім у твар.
Фота і праўда зрабілі. Хоць я ў гэта не верыла. Там я была ў мятай форме, а па крузе — дурная рамачка і нейкі звярок у куце. І подпіс: "С Днём детства". Гэта было вельмі смешна. Нібы вельмі іранічны мем. Я нават змагла паказаць фота маме на спатканні.
І я верыла, што фота не забяруць пры вызваленні. Яны ж самі яго мне далі. І самі прапаноўвалі яго адправіць дадому. Але фота забралі. Вялікая страта. Затое вельмі смешная гісторыя".
Гісторыя Яны пра фатаграфаванне на "жоўтую бірку"
"Станавіся да сцяны — мы цябе сфатаграфуем!" Магшоты палітвязняў