Жыхара Лунінца асудзілі да сямі год калоніі па шэрагу пратэсных артыкулаў
Брэсцкі абласны суд 4 сакавіка вынес прысуд 36-гадоваму жыхару Лунінца Аляксандру Паліўка, абвінаваціўшы яго па пяці крымінальных артыкулах: заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый) (ч. 3 арт. 361 КК), стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім (ч. 3 арт. 361-1 КК), абраза прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК), абраза Аляксандра Лукашэнкі (ч. 1 арт 368 КК) і паклёп на яго (ч. 2 арт. 367 КК). Справу разглядала Суддзя Святлана Крамянеўская.
Аляксандр Паліўка быў затрыманы за каментары ў сацсетках. Адзін з праўладных тэлеграм-канал паказаў скрыншоты паведамленняў, якія ставяць у віну Паліўку. Напрыклад: "Калабарацыяністы і рабы, брыдка глядзець! Каб яны ўсё ўзлаваліся і гэтага фашыста вусатага на кол пасадзілі."
Вядома таксама, што ў ліпені 2023 года Аляксандр быў пад вартай (і аспрэчваў гэта праз суд). У жніўні сілавікі публікавалі "пакаяннае відэа" з мужчынам.
Напрыклад, Паліўка “абразіў” ужо памерлага міліцыянта. Невялікі каментар у адрас Лукашэнкі раздзялілі на два артыкулы: абраза і паклёп.
Паводле жыхароў Лунінца, якія ведаюць Аляксандра Паліўка, ён добры і сумленны чалавек:
– Увогуле не палітычны хлопец сам па сабе. То бок ён ніколі не быў ніякім актывістам, у акцыях удзелу не прымаў. Проста сачыў за сітуацыяй, як большасць беларусаў перажываў за сітуацыю, адсочваў і быў на баку добрых людзей, быў за перамены. Выражаў свае эмоцыі ў каментарах, проста па наіўнасці сваёй не адсочваў сітуацыю ў Беларусі, што тут адбывалася на заканадаўчым узроўні.
Абвінавачанне запрасіла для Аляксандра Паліўка сем год пазбаўлення волі у калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, піша “Беларускае Радыё Рацыя”.
Суд пагадзіўся з меркаванням пракурора і прысудзіў роўна столькі.