viasna on patreon

"Гэта першыя хвіліны, як я надзела на сябе ружовы мяшок". Жанчыны распавялі пра фота на бірку пасля этапу ў калонію

2024 2024-03-06T13:01:54+0300 2024-03-07T14:27:42+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/mugshoty_zhanchyny.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У праекце "Магшоты палітвязняў" беларусы і беларускі падзяліліся з праваабаронцамі гісторыямі, як іх фатаграфавалі ў месцах няволі. Былыя палітзняволеныя жанчыны распавялі, як іх фатаграфавалі на "жоўтыя біркі" адразу пасля цяжкіх этапаў у жаночую гомельскую калонію № 4. Напярэдадні Міжнароднага дня правоў жанчын публікуем некаторыя аповеды. 

Былую палітзняволеную па "справе цюкоў" Вольгу Дубовік фатаграфавалі на "жоўтую бірку" ў красавіку 2022 года:

"Супрацоўнікі калоніі фатаграфавалі ў першы ж дзень па чарзе ўсіх, хто толькі прыехаў. Дзень выдаўся нялёгкі, мітуслівы, але і дрэнным яго нельга назваць. Позна ўвечары пачаўся этап з Магілёва ў Гомель. Ехалі ў "сталыпіне" ўсю ноч, таму нармальна не выспаліся. Потым, як звычайна: "шмон", душ, сартаванне рэчаў (што можна браць з сабой, а што ідзе на склад). Нам усім выдалі аднолькавую форму, мы запаўнялі нейкія тэсты і была іншая мітусня. Затое мы ўбачылі вуліцу — дрэвы і дамы, нармальныя вокны без вейчыкаў, з якіх бачны прагулачны дворык і нейкія склады. Убачыла сваё адлюстраванне ў люстэрку пры нармальным асвятленні. І хутка было заканчэнне тэрміну — праз тры тыдні! Але ў гэтым я не была дакладна ўпэўненая, баялася, што маглі адкапаць яшчэ што-небудзь з мінулага. Так што, была стомленая, але настрой быў нядрэнны". 

Актывістка Алана Гебрэмарыям таксама ўзгадала цяжкасці этапу:

"Калі не памыляюся, здымак быў зроблены 09.10.2021 у будынку атрада "каранціну", дзе мы знаходзіліся 14 дзён па прыбыцці ў калонію. Гэтаму моманту папярэднічаў вельмі складаны — эмацыйна і фізічна — шлях: этап з СІЗА-1 на аўтазаку да сталыпінскага вагона* і цягніка да жаночай калоніі (*цягнік, які едзіць праз усе СІЗА краіны і вязе асуджаных і заключаных ў калоніі ці іншыя далёкія СІЗА).

З чатырма цяжкімі торбамі-баўламі, якія прымушалі пераносіць на сябе адначасова, пад крыкі і пагрозы сілавікоў, забароны дапамагаць мне, я перасоўвалася паміж часткамі гэтай вандроўкі, слухала дзікія гісторыі спадарожнікаў, асуджаных па розных артыкулаў, і не спала ўсю ноч у дрыготкім набітым 15 людзьмі і задымленым вагончыку. Па прыезду ў калонію абсалютна не адчувалася палёгкі, бо з самага ранку да вечара мы перацягвалі нажытае, хутка прымалі душ, выкідвалі забароненыя рэчы па спісу, праходзілі доўгі вобшук, у тым ліку, голы, і атрымоўвалі свой камплект робы — форменнага адзення.

Пасля таго як я апранулася і перайшла ў актавую залю атрада "каранціна" з пакінутымі мне рэчамі, мне "селі на вушы" і пачалі дыктаваць далейшыя інструкцыі і даваць падпісаць розныя арганізацыйныя паперы. У гэты момант я адчула адчай, злосць, моцную трывогу, неверагодную стомленасць і бясілле, якія стаялі ў горле камяком. Адчуванне, што я страціла штосьці вельмі важнае".

Фігурантка "справы студэнтаў" Кася Будзько ўзгадвае, што магшот зрабілі 20-22 кастрычніка 2021 года пасля цяжкага этапу ў жаночую гомельскую калонію № 4:

 "Як толькі ты трапляеш на тэрыторыю калоніі, цябе адразу абшукваюць, усе твае рэчы забіраюць і выдаюць жудасную форму. Як толькі ты апранаеш гэтую форму — адбываецца фатаграфаванне. Стан, у якім цябе захавалі на гэтай фатаграфіі, вельмі дзіўны. Ты толькі што перажыла этап — больш за восем гадзін транспарціроўкі ў аўтазаках, цягніку, кайданках. Не лепшы перажыты час. І вось ты нарэшце дабралася да калоніі, дзе ў цябе толькі што забралі ўсе твае рэчы, ты пакуль наогул не разумееш, што адбываецца... І вось даюць ружовую сукенку і кажуць: "Станавіся да сцяны — мы цябе сфатаграфуем!" Там нельга зрабіць некалькі дубляў. Адзін дубль — на ўвесь твой тэрмін.

Мне не вельмі падабаецца гэтая фатаграфія. Мне здаецца, што я выглядаю на ёй вельмі па-дурному. Я памятаю, як адчувала сябе ў моманце, і гэта непрыемнае адчуванне. Мне было вельмі непрыемна знаходзіцца ў гэтай сукенцы. Гэта былі першыя хвіліны, як я надзела на сябе гэты ружовы мяшок, і мне было настолькі дыскамфортна... Я не ведаю як гэта апісаць — гэта было агідна. Я ненавіджу сукенкі — гэта першае. Не вельмі люблю ружовы колер — гэта другое. Ну і трэцяе — я не вельмі люблю знаходзіцца ў турме. Таму гэта ўсё было непрыемна і ў цэлым ўсведамленне, што табе прыйдзецца ў гэтай сукенцы правесці бліжэйшыя два гады. Мяне вельмі прыгнятаў гэты стан і мне здавалася, што я вельмі дрэнна выглядаю і дрэнна сябе адчуваю. Так і атрымалася гэтая фатаграфія".

Былая палітзняволеная Ася Булыбенка распавяла:

"Я досыць цьмяна памятаю гэты момант, таму што было вельмі кантрасна пасля СІЗА — пасля замерзлага жыцця трапіць у калонію. Гэта было літаральна ў першыя некалькі гадзін, як мы прыехалі. Нам выдалі форму. Гэта адбывалася досыць бязладна. Мы ўвесь час чакалі, каб кудысьці пайсці, пагаварыць з кімсьці. І ў нейкі з такіх момантаў мне кажуць: "Заходзь у секцыю!" Там стаялі некалькі асуджаных, якія трымалі белую прасціну. Мне кажуць устаць... І мяне ўжо фатаграфуюць. Я нават не зразумела, што адбываецца. Я заходжу ў гэтую секцыю з калідора, там гэты фатограф робіць кадр... На фота ў мяне трохі разгублены погляд, таму што я не паспела зразумець, што адбываецца, дзе я і што за прасціна".

Больш сведчанняў тут:

"Станавіся да сцяны — мы цябе сфатаграфуем!" Магшоты палітвязняў

У 30 экс-палітзняволеных захаваліся магшоты рознай якасці. Былых палітвязняў мы папрасілі адказаць на адныя і тыя ж пытанні наконт магшотаў. Вось, што з гэтага атрымалася.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства