viasna on patreon

Працягваецца ціск у зняволенні: агляд навінаў пра палітвязняў з 20 лютага па 12 сакавіка

2024 2024-03-12T10:38:51+0300 2024-03-12T11:55:09+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kastysev_sud.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Больш за тры з паловай гады ў Беларусі сілавікі бесперапынна ладзяць масавыя рэпрэсіі. Амаль штотыднёва ў краіне павялічваецца колькасць палітзняволеных, а праваабаронцы кожны дзень атрымліваюць інфармацыю пра ўтрыманне вязняў у жудасных умовах, пра ціск на іх з боку адміністрацыі ўстановаў, а таксама пра пагаршэнне здароўя палітвязняў у зняволенні. "Вясна" распавядае апошнія навіны пра палітвязняў.

Палітвязнямі за мінулыя тыдні былі прызнаныя 33 чалавекі. На дадзены момант у спісе палітзняволеных налічваецца 1408 чалавекі. Акрамя гэтага, праваабаронцы даведаліся, што адбылі тэрміны і выйшлі на волю 42 палітвязні, у тым ліку Павел Пяскоў, Павел Наздра, Андрэй Рунцо, Аляксандр Русецкі, Дзмітрый Рыбак, Кірыл Жогалеў, Ігар Фалейчык, Яўген Зялкоўскі, Максім Сяргеенка, Уладзімір Гарбавец.

Таксама праваабаронцы даведаліся пра прысуды па палітычна матываваных справах шасці палітвязняволеным: 

Палітзняволены Рыгор Кастусёў скрадзіцца на здароўе 

Рыгор Кастусёў на судзе 29 ліпеня

Пра гэта ў Facebook напісаў зяць старшыні партыі БНФ Дзмітрый Антончык:

"Рыгор Кастусёў знаходзіцца ў гарадзенскай турме. Па апошняй інфармацыі ў камеры адзін. Скардзіцца на здароўе. Кажа, што апошнія два месяцы ў "Воўчых норах" былі вельмі цяжкімі. Доўгі этап у Гародню таксама падкасіў здароўе..."

Нагадаем, Кастусёва асудзілі да 10 гадоў калоніі. У зняволенні ў Рыгора абвастрыліся праблемы са здароўем — у яго выявілі анкалагічнае захворванне.

Для палітвязня Міколы Статкевіча не прынялі рэчавую перадачу і медычную бандэроль

Мікалай Статкевіч. Фота: Уладзь Грыдзін

Нагадаем, Статкевіч, асуджаны да 14 гадоў калоніі, знаходзіцца за кратамі амаль чатыры гады. Але ўжо 396 дзён ад палітвязня няма ніякіх звестак. У другой палове лістапада сваякі Мікалая праз "другія рукі" атрымалі інфармацыю, што ён сядзіць па чарзе то ў адзіночнай камеры ПКТ, то ў камеры штрафнога ізалятару.

Жонка палітвязня Марына Адамовіч была затрымана 23 студзеня падчас рэйда КГБ. Яе асудзілі за "дробнае хулігнаства" да 15 сутак арышту.

Пасля вызвалення на сваёй старонцы ў фэйсбуку жанчына напісала, што з калоніі ў чарговы раз вярнулі рэчавую перадачу і медычную бандэроль.

Палітвязня Аляксандра Зіязэтдзінава другі раз судзяць за данаты

Аляксандр Зіязэтдзінаў у калоніі. Скрыншот з фільма АТН

Аляксандра восенню 2022 года ўжо асудзілі да трох гадоў калоніі за перавод крыптавалюты ў BYPOL за шэсць месяцаў, як арганізацыю прызналі "экстрэмісцкім фармаваннем". Мужчыну прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 361-2 (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці). Адбываць тэрмін яго накіравалі ў шклоўскую калонію № 17.

Цяпер стала вядома, што 29 лютага Аляксандра зноўку будуць судзіць у Мінскім гарадскім судзе. Яго абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 361-2 (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці) і ч. 2 арт. 290-1 (фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці) КК. Цяпер мужчыне пагражае да 15 гадоў калоніі. Справу будзе разглядаць суддзя Алена Шылько.

Палітзняволеную Вольгу Маёраву асудзілі за "непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі"

Вольга Маёрава. Фота з facebook.com

Гродзенскі абласны суд 17 кастрычніка 2022 года агучыў прысуд 12 фігурантам "справы Аўтуховіча". Вольгу асудзілі да 20 гадоў калоніі.

Яе прызналі вінаватай паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса. На судзе яна не прызнала віну. У зняволенні яе неаднаразова змяшчалі ў карцар і выдалялі з судовых пасяджэнняў. У адным з лістоў яна паведаміла, што ў яе падазраюць цукровы дыябет.

У судзе Чыгуначнага раёна г. Гомеля 5 сакавіка над Вольгай адбыўся суд паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі). Справу разглядала суддзя Ганна Сакалова. Вынік суда праваабаронцам пакуль невядомы.

Палітвязня Вадзіма Гулевіча два з паловай месяцы ўтрымлівалі ў ШІЗА 

Вадзім Гулевіч

Вадзім — фігурант справы "Атрады грамадзянскай самаабароны Беларусі", якую ў Беларусі прызналі тэрарыстычнай арганізацыяй. Палітвязня прызналі вінаватым паводле пяці крымінальных артыкулаў і асудзілі да 18 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, а таксама прызначылі штраф у памеры 600 базавых велічыняў (19 200 рублёў).

Гулевіч адбывае тэрмін у папраўчай калоніі № 3. Стала вядома, што з 10 лістапада па канец студзеня яго ўтрымлівалі ў штрафным ізалятары. Прычыны спагнанняў невядомыя.

Ад палітзняволенай Алены Лазарчык ужо два месяцы няма лістоў 

Алена Лазарчык

Паводле праваабаронцаў, раней за "парушэнні ўстаноўленага парадку" палітзняволеную пазбавілі пасылак і перадач, спатканняў з роднымі, а таксама неаднаразова змяшчалі ў штрафны ізалятар. Адзначым, што падчас знаходжання ў ШІЗА вязням забаронена ліставанне.

Вядома, што ўжо два месяцы ад Алены не даходзяць лісты. Гэта можа сведчыць пра тое, што яе зноў адправілі ў штрафны ізалятар.

Нагадаем, актывістцы "Еўрапейскай Беларусі" прысудзілі восем гадоў калоніі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу. У калоніі ў жанчыны з'явіліся праблемы з зубамі, яна схуднела. На волі ў Алены засталося маленькае дзіця, бацька якога памёр пакуль жанчына знаходзіцца ў зняволенні.

Актывістку Паліну Шарэнду-Панасюк у лютым змяшчалі ў ШІЗА 

Муж палітзняволенай Андрэй распавёў карэспандэнту "Медыязоны" пра ціск на Паліну:

"Паліна прабыла ў атрадзе пасля карантыну прыкладна два-тры тыдні. У канцы студзёня-пачатку лютага яе кінулі ў ШІЗА.

У атрадзе яна з'явілася толькі ў самым канцы лютага, выглядала вельмі бледнай і схуднелай. Увесь гэты час Паліна была ў ШІЗА, імаверна 20 сутак. У пачатку сакавіка Паліна ізноў знікла з атраду, але куды дакладна — невядома".

Нагадаем, Паліна — грамадская актывістка з Брэста, якую затрымалі 3 студзеня 2021. Жанчыну спачатку асудзілі па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Пазней яе двойчы асудзілі за "злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі" яшчэ агулам да двух гадоў зняволення. 

Палітвязень Сцяпан Латыпаў у турме захварэў на цынгу 

Сцяпан Латыпаў 12 жніўня на акцыі салідарнасці калі Камароўскага рынку ў Мінску

Цынга – захворванне, звязанае з нястачай вітаміну С. Пры адсутнасці вітаміну яна можа развіцца за чатыры тыдні, пры недахопе – за чатыры месяцы. На фоне зьніжэння імунітэту характарызуецца ломкасцю сасудаў, кроватачывасцю дзясен, выпадзеньнем зубоў, болем у канцавінах.

Нагадаем, у 2021 годзе Латыпава асудзілі да васьмі з паловай гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і аштрафавалі на 300 базавых велічыняў. Пазней яму ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым у Магілёў.

Палітвязня Івана Зянько збіраюцца пераводзіць на турэмны рэжым

Іван знаходзіцца ў зняволенні ўжо тры з паловай гады. За гэты час яго ўжо чатыры разы асудзілі па шэрагу артыкулаў, адзін з якіх — арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Агулам яму прызначылі дзевяць гадоў зняволення.

Вядома, што яго часта змяшчалі ў ШІЗА і пераводзілі ў ПКТ. Прыкладна тры месяцы таму яго накіравалі адбываць у аршанскую калонію № 8. Цяпер стала вядома, што ў Оршы 12 сакавіка адбудзецца суд па замене Івану рэжыму ўтрымання. Па рашэнні суддзі Дзмітрыя Разумовіча палітвязня могуць перавесці ў турму.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства