viasna on patreon

"Я выйшаў з атэстацыяй «не стаўшы на шлях выпраўлення»". Аповед экс-палітвязня "Віцьбы"

2024 2024-03-14T15:03:38+0300 2024-03-14T16:05:51+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/muzei-palitvjaznjau_iljustracyinyja-fota_8.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Былы палітзняволены (імя не называецца ў мэтах бяспекі) быў асуджаны на два з паловай гады калоніі за ідэю Жывога ланцуга ў 2020 годзе. Сваё пакаранне ён адбываў у папраўчай калоніі №3 ("Віцьбе"). "Вясне" ён распавёў пра сваю гісторыю: пра тое, як працаваў і рабіў канверты ў калоніі, пра забавы і самадзейнасць, пра парушэнне за прыбіральню, пра тое, як трэба паводзіць сябе ў калоніі і пра жыццёё пасля яе. "Вясна" публікуе расповяд экс-палітвязня ад першай асобы.

muzei-palitvjaznjau_iljustracyinyja-fota
Ілюстрацыйнае фота

Перадгісторыя. Жывы ланцуг не адбыўся

Я скончыў гістарычны факультэт БДУ ў 2016 годзе, пасля адпрацаваў настаўнікам у адной з мінскіх школ каля дзвух гадоў, а ўжо перад падзеямі 2020 года я змяніў сферу дзейнасці і працаваў у рознічным гандлі ў Мазыры.

Ужо тады, калі я навучаўся ў гістарычным факультэце, у мяне сфармаваўся настрой супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, бо я ўжо тады думаў, што гэты рэжым перазайшоў усё і што патрэбны змены ў нашай краіне. Так як я цікавіўся гісторыяй, я займаўся паліталогіяй нават, мая дыпломная работа была прысвечана адной з галін кіравання краіны, у якой вельмі шмат было недахопаў. І работу я вельмі добра абараніў. І цікавіўся надалей, што адбывалася ў краіне, чытаў ТУТ.бай, глядзеў апазіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы, глядзеў у ютубе вельмі шмат каналаў. А калі ўжо пачалася прэзідэнцкая кампанія 2020 года, тады пачалі фармавацца мясцовыя суполкі. І адна з іх — "Мазыр 97". Спачатку колькасць людзей там была невялічкай. Затым іх колькасць спачатку павольна, а потым ужо вялікімі штуршкамі пачала павялічвацца. З некаторымі мы сустракаліся ананімна, не кажучы імёны, каб абмяркоўваць, што адбываецца ў краіне і што нам рабіць. Менавіта тады, летам 2020 года, я напісаў план правядзення мірнай акцыі пратэсту, а менавіта Жывы ланцуг. Ён прадугледжваў аб'яднаць ланцугом спачатку два гарады адным маршрутам, але невядома якім. То бок тут ужо былі варыянты, па якому шляху рабіць ланцуг — альбо напрамую, альбо ў абыход. І задача была такая, каб гэтым Жывым ланцугом аб'яднаць гарады, і ўжо разлік рабіўся на тое, каб дзякуючы гэтай акцыі потым заахвоціць людзей далей ужо аб'ядноўваць ланцуг і так сфармаваць Усеагульны жывы ланцуг беларускі. Я гэтую ідэю даў на размеркаванне, ланцуг размеркавалі, але нажаль далейшых дзеянняў тады не пачалося — то бок Жывы ланцуг не адбыўся.

Перад выбарамі, 9 жніўня, я пакінуў некалькі паведамленняў, якія пазней следчыя палічылі як прызыў да дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Хаця там я выказваў сваё меркаванне наконт таго, што трэба рабіць. У выніку чаго, калі праводзіліся лінгвістычныя экспертызы ўжо падчас следства, то там выявілася, што большасць паведамленняў, якія я пакінуў у тэлеграме, не нясуць нейкай пагрозы. Некаторыя з іх нават не ўказвалі асобу альбо сацыяльныя групы, на якіх накірованы гэтыя дзеянні. Але гэта пазней...

Калі пачаліся пратэсты, я таксама браў у іх удзел, то бок хадзіў, скандыраваў, і потым ужо, калі пратэсты ўжо пачалі ісці на спад, я ўжо таксама, заўважыўшы гэтую з'яву, я вярнуўся да сваёй дзейнасці, то бок працягваў працаваць гандляром.

Затрыманне. "Вось і наш кліент!"

Ужо ўлетку 2021 года за мной прыйшлі. Гэта адбылося 10 ліпеня. Тады быў сонечны дзень. А 12-й гадзіне я вырашыў пайсці на абедзенны перапынак. Не дайшоўшы да службовага памяшкання, мяне падазвалі двое мужчын з віду спартовага выгляду, але яны былі апрануты ў такую неспартыўную форму, дзесьці так нагадваючы афіцыйную. Я не падазраваў нічога і падыйшоў да іх, але яны мяне схапілі за рукі, паказалі пасведчанне КДБ і cказалі:

"Калі будзеш супраціўляцца, мы на цябе надзенем кайданкі. Нічога не крычы, надзень маску [тады яшчэ ажыццяўляўся масачны рэжым] і ідзі за намі".

Я падпарадкаваўся, пайшоў. Мы селі ў службовы мэрсэдэс, і яны мяне павязлі ў раённы аддзел КДБ. Па шляху да яго яны патрабавалі мой тэлефон, доўгі час я адмаўляўся, але пад ціскам вымушаны быў яго аддаць, разблакаваў яго. І яны пыталі мяне:

"Ведаеш, за што мы цябе затрымалі?"

"Не".

"Мы цябе зтрымалі пра справе "АГСБ"".

Гэта атрады грамадзянскай саамаабароны Беларусі.

"Ты, што, тэлевізара не бачыў?".

Я: "Не, не бачыў, я гэтым не цікавіўся".

І насамрэч я гэтым не цікавіўся, але гэтае расследаванне вялося закрыта, толькі частку інфармацыі на гэты конт была дадзеная ў рэпартажы тэлеканала АНТ напачатку ліпеня, дзе былі затрыманы пяць ці шэсць асобаў. І з-за гэтага па ўсёй Беларусі пачалі праводзіцца праверкі тых людзей, якія альбо былі падпсаныя на іх чаты ў тэлеграме, альбо маглі быць падазроныя. Прыехалі да мясцовага аддзялення КДБ, мяне прыводзяць у адзін з кабінетаў. І потым пачаўся допыт з маральным і псіхалагічным ціскам. Як гэта выглядала: спачатку заходзіць адзін чалавек, потым іншы, і яшчэ — і так па адному зайшло дзесьці чалавек восем, і сталі колам вакол мяне. Яны ў вясёлым настроі, здзекліва смяяліся, абражалі, прыгражалі не толькі мне, але і маім бацькам. Пагражалі, што яны апублікаюць маю дзейнасць у мясцовых газетах. І дарэчы, шчыра кажучы, менавіта тады, калі яны забралі мой тэлефон і пачалі лазіць у тэлеграм, яны зайшлі ў мясцовы чат і знайшлі як раз такі ўсе мае паведамленні. І вось тады яны сказалі: "Опа, вось і наш кліент!".

Яны пачалі праводзіць допыт па справе ОГСБ і адначасова пачалі распытваць наконт гэтых паведамленняў, дзе я вымушаны быў прызнацца, што гэта я пісаў іх. Пасля яны паехалі разам са мной праводзіць вобшук у часовым памяшканні, якое я арэндаваў. Яны ўзялі суседзяў у якасці панятых, праводзілі вобшук, забралі ўсю маю тэхніку: то бок акрамя тэлефона забралі ноутбук, два сховішча памяці, нацыянальную сімболіку (бел-чырвона-белы сцяг, дзве сарочкі з гербам Пагоня), і яшчэ забралі адзін сшытак, у якім я пачаў пісаць свой дзённік, але так і не скончыў.

muzei-palitvjaznjau_iljustracyinyja-fota
Ілюстрацыйнае фота

ІЧУ. Толькі голыя "нары"

Пасля яны мяне зноўкі прывезлі ў мясцовы аддзел, а ўжо далей яны мяне адвезлі ў Гомель, ужо ў абласное упраўленне КДБ. У паперах — быццам бы, што магчыма ёсць падазрэнні на мяне па частцы 6 артыкула 16 [Заўв.: Саўдзел у злачынстве] і частцы 2 артыкула 289 [Заўв.: Акт тэрарызму] Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. То бок мяне падазравалі ў тым, што я як быццам бы ўдзельнічаў у падрыве двух участкаў чыгункі ў Вілейскім раёне Мінскай вобласці. На мяне напісалі пастанову аб затрыманні і накіравалі ў ІЧУ МУС Гомельскага аблвыканкама. Там мяне пасадзілі ў камеру, дзе на той час ужо знаходзіўся чалавек, які выконваў дазнаўчую роль, то бок шпіён, альбо як кажуць на мове жаргона, "утка", альбо "наседка". Як я гэта зразумеў? Па-першае, у яго былі запалкі і цыгарэты, а ў ІЧУ забаронена мець запалкі (там праз кожныя дзве гадзіны падыходзіў канваір, які адкрываў кармушку-акенца ў дзверы, і падпальваў цыгарэту). Па-другое, ён вольна сядзеў і ляжаў на ложку, меў пасцельнае. Мне ж забаронена было мець бялізну, не было ні матраца нічога, толькі голыя "нары". Мне толькі дазволена было толькі сядзець на голай "нары", а асаблівасць гомельскіх нар была ў тым, што там зазоры былі вельмі вялікімі: то бок там не былі дошкі, а рашоткі, і на іх было незручна не тое, каб сядзець, на іх было нязручна спаць. Больш за тое, мяне ж забралі адразу, мне не далі сабраць нейкія рэчы, хаця б сродкі асабовай гігіены: мне іх далі толькі, калі мае родныя дазналіся, што мяне затрымалі, і толькі на пятыя суткі мне іх далі. То бок сродкі асабовай гігіены і якое адзенне, якое я выкарыстоўваў у якасці падлогі, каб хоць неяк можна было паспаць.

 Але спаць можна было толькі ўначы, і то яны не давлі табе спаць: яны будзілі ў дзве альбо чатыры гадзіны ночы і праводзілі праверкі. То бок яны проста выклікалі цябе да дзвярэй, ты павінен быў прадставіцца і назваць свой артыкул, па якім ты сядзіш як падазроны. А ўдзень яны праводзілі чатыры праверкі. Ва ўсіх выпадках яны праводзіліся так: мяне выклікаюць да дзвярэй, я высоўваю рукі ў кармушку, дзе на мяне надзяваюць кайданкі, а потым яны ставілі мяне ў позе “ластаўкі”. І вось так вось яны праводізілі кожны дзень, а дзесцьці ўжо пачынаючы з трэціх сутак яны пачалі праводзіць такое мерапрыемства, якое на мове жаргона вядома як "веласіпед". Гэта калі чалавек, прабыўшы суткі ў адной камеры (з гэтай "наседкай" я праседзеў толькі выходныя, потым мяне перасялілі ў іншую камеру, і ўжо ўсе астатнія дзён я сядзеў адзін) — то бок не паспеў чалавек суткі як абжыцца, яго выклікаюць зноў з рэчамі і пераводзяць у іншую “хату”. І так гэта можа цягнуцца альбо суткі, альбо праз палову сутак цябе могуць проста ўзяць выклікаць пасля абеду да дзвярэй, каб ты зноў падыйшоў з рэчамі, і ўсё гэта праводзілася з кайданкамі. Ты хадзіў з кайднкамі, з рэчамі, тым больш што яны ж кайданкі апраналі на рукі не ўперадзе, а ззаду. Таму вельмі было нязручна хадзіць: мала таго, што кайданкі, дык яшчэ і з рэчамі.

muzei-palitvjaznjau_iljustracyinyja-fota Ілюстрацыйнае фота

Допыты: што вы рабілі падчас пратэстаў 2020?

Мяне выклікалі на допыт спачатку ў першы дзень у Мазыры, а ў Гомелі ўжо, калі праводзілі допыт, тады я замовіў адваката, але далі там дзяжурнага з Гомельскай абласной калегіі адвакатаў. КДБ задаў такія ж пытанні, як мне задавалі ў першы раз: ці знаёмы я з гэтай арганізацыяй, ці ўдзельнічаў ў ёй, ці размяшчаў якую-небудзь інфармацыю, што вы рабілі падчас пратэстаў 2020 года, ці гэта вы пакідалі паведамленні, якія маглі падбухторваць людзей да правядзення дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак, і гэтак далей. Я на гэтыя пытанні адказаў, пасля чаго 20 ліпеня з-за адсутнасцю доказаў па справе ОГСБ мяне вызвалілі.

Справу перакваліфікавалі і перадалі ў Мазырскі РАУС, і цяпер яны праводзілі праверку па мне па двум артыкулам: частка 1 артыкула 130 [Заўв.: распальванне іншай сацыяльнай варожасці] і частка 1 артыкула 342 КК [Заўв.: Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх].

Пачынаючы са жніўня па лістапад мяне неаднойчы выклікалі ў Мазырскі РАУС для допытаў і паясненняў. Туды я ездзіў ужо разам з адвакатам, які мае родныя нанялі. Яны ж таксама падчас гэтага забралі ў мяне пашпарт, які потым перадалі ў РАУС.

Аднойчы мяне забралі для праверкі па справе аб ілжывых званках наконт мініравання адміністрацыйных аб'ектаў у Мазыры падчас 17 верасня. Тады ж яно было зацверджана толькі ў тым годзе, і яго ўпершыню пачалі святкаваць. І як раз такі ў гэты дзень з'явіліся ілжывыя паведамленні, што як быццам бы былі замініраваны ўсе грамадскія аб'екты, то бок: пракуратура, следчы камітэт, райвыканкам. І па гэтаму яны пачалі праводзіць праверкі па тых, хто калісьці быў затрыманы. Мяне таксама затрымалі, праглядзелі тэлефон, пасля чаго мяне адпусцілі.

Новая справа. Вярнуў маю тэхніку, акрамя нацыянальнай сімволікі

Праверка па маёй справе скончылася дзесьці ў пачатку лістапада 2021 года. Яны закрылі справу па частцы 1 артыкула 130, але далей праводзілі праверку па частцы 1 артыкула 342. І менавіта тады адзін з аператыўнікаў мяне выклікаў да сябе, сказаў, што па мне справа зачыняецца, але ён не сказаў, па якім артыкуле зачыняецца. І ён вярнуў маю тэхніку, акрамя нацыянальнай сімволікі. І гэта было зафіксавана ў пратаколе аб вяртанні рэчаў ад 1 лістапада. А потым ён апомніўся, што ён зрабіў памылку, і пачаў да мяне тэлефанаваць і казаць:

"Прабачце, але я вам загадзя аддаў усе гэтыя рэчы. Можаце вы іх звянуць?"

Я тады ўжо разгубіўся: спачатку вы казалі, што на мяне справа была закрыта, а тут вы адказваеце аб тым, што як быццам бы патрэбна вярнуць рэчы. Гэта штосьці падазронае. Я пазваніў адвакату, распавёў гэтую сітуацыю. Адвакат палічыў: "Тут можаце рабіць, што хочаце: то бок хочацевяртайце, хочацене вяртайце, але ён не мае права, бо вы ўжо падпісалі паперы аб тым, што рэчы вашыя вярнулі".

Міліцыянт нават дамовіўся аб сустрэчы, каб падалей ад майго месца працы і ад відэакамер. Я з ім паразмаўляў, ён сказаў, што "хутчэй за ўсё хутка да вас могуць прыйсці". Я ўжо тады сваім родным казаў, што мне трэба ўжо ўцякаць. Але яны сказалі:

"Не спяшайся, давай пачакаем, можа ўжо ўсё добра будзе".

Але на наступны дзень гэты аператыўнік перадаў маю справу ў Следчы камітэт. І ўжо на наступным тыдні, 9 лістапада 2021 года Мазырскі следчы выклікаў мяне на допыт. Туды я паехаў з адвакатам. І ўжо потым следчы мяне арыштовае канчаткова. То бок ужо было падазрона, але я на гэта не звярнуў увагу на тое, што ён выклікаў мяне ўвечары ў пятніцу. То бок ужо тады на той момант трэба было мне ўключыць мозг і рабіць што-небудзь. Але я гэтаму не прыдаў увагі, я бацькам паабяцаў, што хутка вярнуся. Але мой бацька, адчуваючы штосьці нядобрае, паехаў за машынай Следчага камітэта, які даслалі за мной, і я ехаў тады разам з адвакатам. І ўжо потым адвакат мая казала, што вас затрымаюць на трое сутак, і ўжо потым можа штосьці вырашыцца.

muzei-palitvjaznjau_iljustracyinyja-fota
Ілюстрацыйнае фота

Ізноў ІЧУ, а потым і СІЗА. Большая частка матэрыялаў сабраная КДБ і РАУС

Прачакаў я трое сутак у мазырскім ІЧУ. Умовы ўжо там былі крыху лепш, там хаця б была дошка роўная ў падлоге ложку, дзе можна было б хаця б ляжаць. Але рэжым такі ж самы, як у Гомелі: чатыры праверкі ў дзень, дзве ўначы.

Потым пачалі туды напіхваць да мяне. Хто за крадзёж, хто за хуліганку. І ўжо па сканчэнні трох сутак мне ўжо выклікае следчы, паказвае мне пастанову аб тым, што мяне будуць утрымліваць ужо пад вартай, і што я ўжо падазроны па 342 артыкуле. Потым я чакаў дзесьці два тыдні да этапавання ў Гомельскае СІЗА№3. Як і ў мінулы раз, мяне забралі без рэчаў. А тут ужо абмежаванняў такіх не было, то бок мне далі і канцэлярскія прыналежнасці, і кнігі, і рэчы, і сродкі асабістай гігіены, так што было крыху лягчэй.

І ўжо 20 лістапада мяне этапавалі ў Гомельскае СІЗА№3, дзе я ўжо правёў амаль паўгады ў рэжыме ІЧУ-СІЗА. Да мая 2022 года. Гэта ўлічвачваючы следчыя дзеянні, суды і апеляцыю. Справу маю ён правёў вельмі хутка, таму што большая частка матэрыялаў сабраная была КДБ і РАУС. То бок яму ўжо было значна прасцей. Адзінае, што толькі была праведзеная псіхалагічная экспертыза ў СІЗА, і менавіта ў СІЗА 2 снежня 2021 года мне надалі прафілактычны ўлік як "схільны да эктрэмізма і іншых дэструктыўных дзеянняў".

Справа была закрыта на Новы год 2021-2022 года. Потым я весь студзень чакаў суда ў СІЗА. А ўжо 9 лютага 2022 года пачаліся суды. Усяго іх у мяне было тры. Гэта 9 і 14 лютага, і канчатковы вырак быў вынесены праз два тыдні, таму што суддзя захварэла на прастуду, і тады быў перапынак. І 9 сакавіка 2022 года быў вынесены мне канчатковы вырак: два гады і шэсць месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Адзінае, што мне доўгі час было невядома, у якую калонію мяне накіруюць. Я напісаў апеляцыю. І амаль што няпоўных два месяцы, з сакавіка па май, я знаходзіўся ў СІЗА пад апеляцыяй ужо як асуджаны. Ужо 6 мая 2022 года Гомельскі абласны суд адмовіў мне ў апеляцыі. Пасля чаго я два тыдні я чакаў этапа ў калоніі, і ўжо ў ноч з 20 на 21 мая 2022 года мяне накіравалі ПК№3 Віцьба, дзе я адбыў да канца тэрміна.

ПК№3. Віцьба. Схадзіў у прыбіральню падчас прагляду фільму

Ва ўмовах, у якіх трымалі тады палітычных зняволеных, у ПК №3 была нейкая адліга. Таму што тыя, хто сядзеў ужо з самага пачатку, першыя палітычныя, гэта менавіта тыя, хто заехалі туды ў 2020-2021 гадах, кажуць пра вельмі жорсткія ўмовы ўтрымання, тады рапарты аб парушэннях пісалі за любую дробязь, нават за расшпілены гузік на тваёй турэмнай робе. За гэта яны маглі цябе пасадзіць у ШІЗА і пратрымаць цябе захочуць 10 дзён, захочуць 15 дзён, захочуць — 20 дзён. Адзін з палітычных зняволеных (ён яшчэ сядзіць і я не буду называць яго імя) адсядзеў адным разам 44 дні. Гэта на 2022 год. А ў 2023 годзе гэты рэкорд быў пабіты, і ўвогуле скончылася тым, што 48 дзён без перапынку ў ШІЗА. То бок спачатку ў паперу афармляюць там "не выканаў норму ў прамысловай зоне". Усё — паехаў у ШІЗА. Ці напрыклад "адсутнічаў падчас прагляду фільма". Гэта быў рэжымны час, там было забаронена выходзіць нават у прыбіральню. І ў выніку чаго там гэта вельмі лічыцца гэта жорсткім парушэннем, і ты адразу адпраўляешся ў ШІЗА. Вось напрыканцы свайго тэрміна я ў такім выпадке быў, я схадзіў у прыбіральню падчас прагляду фільму. У гэты момант папярэдзілі, што ідзе дзяжурны афіцэр. Усе бягуць у комнату выхаваўчай працы, якую называюць на жаргоне "ленка", але я і некалькі чалавек не паспяваюць, і на нас складаюць рапарты аб парушэнні. Выклікаюць мяне тады на камісію, якую таксама называюць "хрэсьбінамі", і мяне нахрэсьбілі на шэсць сутак у ШІЗА. Гэта першы і адзіны раз, калі я быў у ШІЗА.

pk3_vitba.jpg
ПК№3 (Віцьба). Фота: Белсат

А так умовы ўтрымання тады на той момант, гэта з 2022 па 2024 гады, былі такімі. Усе палітзняволеныя ходзяць з жоўтымі біркамі. Рознакаляровай дыферэнцыяцыі, як было раней, ужо не было, але там засталіся толькі два колеры: жоўты альбо чырвоны. Да жоўтага адносіцца любы профулік, нават палітычны і экстрэмісцкі, а чырвоны надаецца тым, хто ўжо схільны да пабегу. Чырвонымі былі і непалітычныя, і палітычныя. З калоніі на той момант дзесьці адсодкаў 20 былі жоўтабірачныя, і з іх дзесьці працэнтаў 80 гэта былі палітычныя. То бок калі браць колькасць на той момант ПЦ№3, то там лічбы розныя, але там колькасць у асноўным было 900 альбо 1000 чалавек. Вось такая вось хваля. І з гэтай 1000 чалавек каля 200 чалавек — гэта людзі з прафулікамі, і з іх дзесьці чалавек 160-180 — гэта палітычныя. І з іх спачатку было два чалавекі, якія былі з чырвонымі біркамі менавіта палітычнымі, потым застаўся адзін.

Прафулік ляжыць заўсёды на верхніх ложках, падчас шыхтавання (пастраення) яны стаяць заўсёды ў першых радах і заўсёды першымі яны ідуць куды заўгодна (хоць у клуб, хоць у сталовую, хоць на працу, яны заўсёды ідуць у першым радзе). Абмежаванне па грашовых перакладах па пошце, па званках (то бок толькі родныя — іншым людзям званіць забаронена, бо гэта парушэнне, і можна адразу паехаць у ШІЗА). Калі штосьці пішаш альбо штосьці кажаш не тое — адразу таксама ШІЗА.

Распарадак дня. Зарадка і "злоснікі"

Працаваць абавязкова, інакш таксама ШІЗА, потым ПКТ, а потым ужо раскрутка па 411 артыкуле — “злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі” — і табе могуць дадаць год альбо два пазбаўлення волі, і цябе могуць накіраваць альбо у крытую турму (то бок перавесці цябе ў турэмны рэжым дзесьці да трох гадоў), альбо дадаць табе год — і ты едзеш ужо на строгі рэжым. Таксама табе надаюць паперы, якія ты павінен падпісаць, аб працы, што будзеш выконваць унутраны расклад дня, і там яшчэ табе прысвойваюць групу самадзейнасці. Гэта такія рэчы, якія амаль ні на што не паўплываюць, адзінае што толькі яно ўплывае на тое, што табе даюць трохвугольнік, які ты носіш на турэмнай форме. То бок акрамя біркі на турэмнай форме яшчэ носяць гэтыя трохвугольнікі. Той, хто ўжо знаходзіцца ў статусе злосны парушальнік, не мае права насіць трохвугольнік, і ён яго здымае. І там як раз такі ў злосных парушальнікаў абмежаванне: у іх адразу скарачаецца ліміт у краму, бо агульны альбо пасілены рэжым у краме мае пяць-шэсць базавых велічынь, гэта тая сума, якую ты можаш выстарчыць у краме (то бок закупіць сабе сродкі асабовай гігіены, якіясьці прадукты харчавання, прылады, напрыклад тазікі, пральныя парашкі, і г.д, ты можаш набыць у гэтай краме), а калі ты ўжо становішся злосным парушальнікам, альбо "злоснікам" (як іх скарочана называюць), у цябе адразу скарачэнне ідзе да дзвюх базавых велічынь у месяц. У краму ходзяць толькі ў пэўны час і ў пэўную гадзіну. То бок раней было адзін атрад — адзін дзень набыцця. А потым адміністрацыя пачала штосьці мяняць, уводзіць "асноўная лаўка", "другасная лаўка", яны ўзялі напалам падзялілі дзень, то бок адзін атрад — у асноўны дзень, а другасны — гэта ўжо другі атрад, але справа ў тым, што ім даецца дзесьці паўтары гадзіны. А тады як на асноўную краму даецца дзесьці гадзін шэсць-сем.

muzei-palitvjaznjau_iljustracyinyja-fota
Ілюстрацыйнае фота

І ўсё ж канешне залежыла ад змены. У лагеры там дзве змены: першая і другая, але розніка ў тым, што там пад'ём у другую змену на адну гадзіну пазней, і кладуцца спаць таксама на адну гадзіну пазней. То бок першая змена шэсць гадзінаў раніцы пад'ем, другая — у сем. Адбой у першую змену дзесяц гадзін вечара, а адбой у другую змену — адзіннацатая гадзіна вечара. Абавязкова падчас пад'ёму ты павінен ісці на зарадку. Бо калі не выйдзеш — адразу папера. Пасля заняткаў там ужо ёсць вольны час да сняданка. Сняданак у тым атрадзе, дзе я быў, пачынаўся адразу пасля зарадкі. То бок а сёмай дзесяць мы ішлі ўжо ў сталовую. Снедалі, потым вярталіся абратна і прыводзілі сябе ў парадак: свае лыжкі, самі сябе. Але большая частка заўсёды прачыналася загадзя, каб паспець не толькі ложак свой прывесці ў парадак, але яшчэ там памыцца, каб ужо потым падчас сігналу "пад'ём" усе былі падрыхтаваныя ісці да зарадкі. Бо там дзесьці даецца на ўсё дзве-тры хвіліны, нават пяць, і ты павінен за гэты час паспець апрануцца, засцяліць ложак, і калі аб'яўляецца вось за дзве хвіліны падрыхтавацца да зарадкі, то ты павінен вельмі хутка —  калі гэта ўжо ўвосень, узімку альбо ўвесну, ты павінен ужо хутка апрануць на сябе верхнюю вопратку, і ўжо ляцець ламя галаву, туды, на лакальні дворык, дзе мы займаемся зарадкай.

Практыкаванні там адныя і тыя ж, некаторыя робяць, некаторыя не робяць. Але выйсці павінны ўсе, абавязкова. Акрамя прыбіральнікаў — тых людзей, якія прыбіраюць на бараках. Пасля сняданак, потым вольны час, і ўжо ранішняя праверка. Усе строяцца —прафулік у першых радах. Потым усе астатнія. І "нізкі статус" асобна стаіць, таму што яны сядзяць па так званым артыкулам, якія прэзіраюцца ўсімі, то бок гэта ў асноным гвалтоўнікі — тыя, хто гвалціў альбо жанчын, альбо непаўнагадовых. Яны стаяць асобна — і іх патрэбна называць менавіта "нізкі статус". Калі ты менавіта на турэмнай мове іх пачнеш называць пры наяўнасці кагосьці з прадстаўнікоў адміністрацыі, будзь то канваір альбо афіцэр які-небудзь, ты адразу атрымаеш паперу. Бо гэта забаронена.

Пасля ранішняй праверкі ідзем на працу. Мяне дзесьці псля двух тыдняў карантыну накіравалі ў атрад, які займаўся адной з самых цяжкіх прац на прамзоне: разборка металу. Ды і ўвогуле гэты атрад лічыўся штрафным. Першапачаткова ў ПК№3 вось той атрад, у якім я быў, ён фарміраваўся менавіта з "наркаманаў". Туды накіроўвалі ўсіх наркаманаў асабліва гэта пачалося пасля 2015-2016 гадоў, калі былі прыняты знакамітыя дэкрэты аб жорсткасці пакаранняў па артыкуле 328 [Заўв.: Незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў]. А потым ужо з-за таго, што людзей пачалі садзіць па наркатычным артыкуле, ПК№3, першапачаткова разлічаная на былых сілавікоў, чынавенства і бізнесоўцаў, атрымалася так, што яна стала ўжо агульнай зонай, куды ўжо пачалі садзіць усіх падрад.

Праца: дроты і канверты

Першая змена праца пачынаецца ў 8:30, ты прыходзіш на сваё працоўнае месца і бярэш пад запіс інструменты, якімі ты працуеш. Асноўнай працай на разборцы метала было разбраць электрычныя дроты: медзяныя, алюміневыя, свінцовыя. І справа ў тым, што гэта было не так і проста, бо першапачаткова іх разбіралі ўручную. Абертку, якая пакрывае сам дрот, патрэбна было ашышчаць з дапамогай нажэй, а калі трэба было даставаць сам дрот, які ўжо ў больш тлустай абёртцы, то яго патрэбна было раструшчваць ужо ўручную нажом і малатком. І кожны раз трэба было рабіць норму. У розныя часы яны былі розныя, у залежнасці ад таго, якія былі правады. То бок медныя — адну вагу патрэбна было здаць, алюміневыя — іншую, свінцовыя — іншую. Прычым свінцовыя вельмі цяжка дабываюцца, таму што такі дрот сам па сабе тлусты, а яшчэ там як раз такі абёртка ідзе свінцовая, і табе ў першую чаргу яе трэба здабываць. І з цягам часу яна настолькі важкая станавілася, што ў цябе рукі адвальваліся кожны дзень вось так вось уручную дзяўбаць гэты дрот, спачатку яго разабраць і пачысціць ад рознага бруду (усё ж такі іх выкопвалі з-пад зямлі), таму гэта была не самая простая праца. Тым больш, што прамзона там невялічкая, і там акрамя разборкі метала там быў дрэваапрацоўчы цэх, шавецкі цэх (то бок там шылі вопратку розную, ад турэмнай формы да формы для сілавікоў альбо прадпрыемстваў розных), вопытна-эксперыментальны цэх (гэта звычайная ўпакоўка: там займаюцца выбарніцтвам упакоўкі альбо мэблі, у асноўным займаліся мэбляй). Мэблю яшчэ таксама вырабляла ПТВ (вучылішча) — гэта быў філіял Віцебскага каледжа лёгкай прамысловасці. Туды палітычных не пускалі. І таму ў асноўным усе працавалі альбо на дрэваапрацоўцы, альбо на разборцы метала, альбо на швейцы — калі як пашчасцісь.

pkvicba3.jpg
ПК№3 (Віцьба). Фота: Белсат

Я дзесьці прапрацаваў у разборцы метала каля трох месяцаў, потым працаваў кожны дзень, але да сямі гадзін, і праз некаторы час мяне перавялі ў цэх па вырабу канвертаў. Звычайныя паштовыя канверты, але: у першую чаргу гэта было не для продажу на грамадзянскі рынак, яны вырабляліся менавіта для сілавых структур і пенітэнцыярнай сістэмы. Выраблялася альбо з белай афсетнай паперы, альбо з карычневай крафтавай паперы.  А яна выраблялася ў розных памерах, ад вельмі маленькіх да вельмі вялікіх, больш фармата А4, там А1, А2 і А0. У залежнасці ад таго, якая структура замаўляла гэта, і колькасць. Справа ў тым, што ў пенітэнцыярнай сістэме Беларусі толькі дзве ўстановы вырабляюць канверты: гэта Жодзінская турма і ПК№3. Але там ёсць адрозненне: у Жодзінскай турме выраб паперы ажыццяўлаецца ўручную, то бок там зняволеныя вырабляюць канверты, выразаючы яго ўручную па трэфарэту з дапамогай нажэй. А вось у Віцьбе выкарыстоўваецца спецыяльны раскроены станок, які дазваляе рабіць ужо нашмат больш канвертаў. І замовы былі вельмі рознымі, і колькасць іх ужо лічылася тысячамі. Напрыклад, у краму патрэбна было 1000 аднаго памеру канвертаў і 1000 іншага памеру канвертаў, напрыклад для паштовак. Я нарываў кіпу паперы дзесьці каля 100 штук, потым я браў трафарэт і расчэрчваў контуры будучых канвертаў, то бок рабіў загатоўку. На адным лісце можна розную колькасць канвертаў размясціць, у залежнасці ад памераў, і менавіта з-за гэтага ўплывала колькасць. Напрыклад, там канверты для паштовак, калі браць адзін ліст, то ён можа ўмясціць дзесьці тры штукі. І калі тры штукі, то памнажаючы на 100, гэта 300 штук. Потым майстар-раскройшчык бярэ па маіх контурах рыхтуе загатоўкі, пасля чаго іх уручную складваюць, склейваюць і дадаюць самаклеячыся палоскі. Прычым, калі звычайна склейваць, то выкарыстоўваюць клей (менавіта пры складанні), а калі ўжо справа даходзіць да клапана, які поўнасцю зачынае канверты, то там ужо выкарыстоўваецца сілікон.

У першую змену праца была з 8:30 да пятай гадзіны вечара, а ў другую змену — з 17:30 і доўжылася да 22 гадзін. Другая змена была больш зручная ў тым сэнсе, што ты мог схадзіць на стадыён. А так падчас першай змены стадыён быў да цябе даступны толькі ў выходныя дні.

Забавы. Кожны стараўся заняцца чым-небудзь, каб не з'ехаць з глузду

Розныя забавы былі ў гэтым ПК. Там можна было пагуляць шахматы, нарды, шашкі. Калі хочаш, можаш паглядзець тэлевізар, тым больш што там у кожным бараку, у пакойчыку выхаваўчай працы быў DVD. Дзякуючы яму можна было замаўляць дыскі, што і рабілася. Але былі абмежаванні. Гэта мог рабіць толькі “актыў”. “Актыў” — гэта аналаг капоў з нямецкіх концлагероў. То бок гэта людзі, якія супрацоўнічаюць з адміністрацыяй, гэта старшыя днявальныя, звычайныя днявальныя, фізорг (арганізатар фізкультуры), кіраўнікі самадзейнага атрада па побыту і дасугу — яны і з'яўляюцца “актывам”, і толькі яны могуць замовіць дыскі. Бо калі хтосьці з палітычных гэта замовіць, то патрэбна размаўляць з аператыўнікам — і то, калі ён толькі пагадзіцца, бо ён будзе, як і рэжымны аддзел, праводзіць праверкі па гэтым дыске, і гэта можа зацягнуцца дзесьці альбо на два тыдні, альбо на месяц, альбо ўвогуле яны не захочуць табе аддаваць —  і ўсё, і ты ўжо потым сядзіш, і гэты дыск ляжыць у цябе "на рэчах", табе яго проста не прапусцілі.

Да масавых мерапрыемстваў звычайна палітычных зрэдку калі дапускалі. А потым ужо пачалі. У выніку што: палітычныя ўдзельнічалі ў спартыўнымм мерапрыемствах чыста для сябе, удзельнічалі ў інтэлектульных гульнях таксама чыста для сябе, і плюс яшчэ там быў шахматны клуб, туды хадзілі. Плюс яшчэ таксама там быў гурт, арганізаваны зняволенымі, які называўся "Экслібрыс" — літаратурны клуб, які займаўся арганізацыяў мерапрыемстваў, распавядаў пра штосьці цікавае, праводзіў лекцыі, былі паказы якіх-небудзь фільмаў. Яны дарэчы рабілі працы, прысвечаныя беларускім пісьменнікам, і іншаземным пісьменнікам, распавядалі пра творы, пра якіясьці асобы, якія пакінулі вельмі важны след у гісторыі. Наведванне гэтага было ба жаданні, і іх як раз большай часткай наведвалі палітычныя, бо ім было як раз такі больш цікава. Хаця потым ужо пачалі прымусова туды вадзіць у клуб, каб выглядала як быццам бы, што наведванне хоць якое ніякое было. Бо справа ў тым, што адзін час забаранялі палітычным хадзіць на гэтыя мерапрыемствы, а потым адзін з прадстаўнікоў адміністрацыі, менавіта бібліятэкар, звярнуўся да адміністрацыі і сказаў: калі вы хочаце, штоб хоць як-та гэтая самадзейнасць працавала і наведвальнасць была, то дазваляйце хаця бы палітычным хадзіць. Бо справа ў тым, што там большай частцы зняволеных тыя мерапрыемствы, якія праводзіліся, былі нецікавыя, бо некаторыя з іх ужо маглі неаднаразова на іх быць і потым з цягам часу страчваць да яго цікаўнасць.

muzei-palitvjaznjau_iljustracyinyja-fota
Ілюстрацыйнае фота

То бок кожны стараўся заняцца чым-небудзь, каб не з'ехаць з глузду. А з глузду з'ехаць там даволі такі проста. Калі ты нічога не робіш, то ў цябе ўжо пачынаюць лезці дурныя думкі ў галаве, і ты ўжо пачынаеш адчуваць сябе разгубленым, і ўвогуле справа там можа дайсці да адчаю. І палітычныя заўсёды стараліся падтрымліваць адзін аднаго, заўсёды. То бок калі патрэбна дапамога альбо псіхалагічная, заўсёды мы размаўлялі паміж сабой, на любыя тэмы, акрамя палітычных тэмаў... На палітычныя тэмы таксама разважалі, але толькі так, зрэдку, бо справа ў тым, што ўсё ж такі шпіёнская сістэма як-неяк была даволі такі развіта ў пенітэнцыярнай сістэме, і там некаторыя зняволеныя актыўна ходзяць да адміністрацыі, і распавядаюць аб тым, хто чым дыхае. Але калі ўзнікла цікавасць там у адміністрацыі альбо напрыклад аператыўнага аддзела да кагосьці са зняволеных, то накіроўваюць да яго чалавека, каб ён сачыў, што ён робіць, аб чым размаўляе і гэтак далей. Бо не паспееш ты сказаць адно слова, як раптам ужо аб гэтым слове ведаюць у адмінстрацыі. Самы яркі прыклад аб тым, як гэта адбывалася, калі ў 2023 годзе пачаліся падзеі ў Расіі наконт Вагнера, я тады казаў: "Вагнер паўстаў!", і потым мяне выклікае аператыўнік, бо ўжо аб гэтым даведаліся. Ён выклікаў мяне на размову, дзе кажа:

"Хлопча, ну гэта добра, але ты стрымлівай сваае паводзіны, бо калі ты не будзеш стрымліваць іх, то ўсё можа скончыцца вельмі дрэнна".

Пакаранні. "Што, па маю душу?"

Калі патрэбна было адміністрацыі каго-небудзь пакараць, гэта было зрабіць вельмі проста. Дастаткова было проста правесці праверку, як ён вырабляе норму на прамзоне, альбо проста накіраваць двух канваіраў, якія займуцца вобшукам тваіх рэчаў. А гэта даволі такі была такой звычайнай з'явай, што ўсе да гэтага звыкліся. Калі прыходзяць да цябе, то ты пытаеш:

"Што, па маю душу?"

Яны кажуць: "Да" І "Хадземце тады праверым".

Хаця вопісы павінны весціся так, што ў цябе павінна паказваць не колькасць рэчаў, а наяўнасць тых рэчаў, якія ў цябе напісаны ў вопісе. Але, заўважачы, што да нечага дачапіцца да зняволенага, то прыдумалі, каб зняволены яшчэ ўлічваў колькасць тых рэчаў, якія знаходзяцца ў тваёй торбе. Калі гэтага не ўлічваць, то вось табе падстава для таго, каб на цябе скласці рапарт. 

А сістэма пакаранняў там была даволі такі розная. Самымі мяккімі лічыліся вымова альбо пазапланавае дзяжурства (звычайна гэта прыборка тэрыторыі). А ўжо потым ідуць больш жорсткія пакаранні: ты страчваеш пасылку альбо спатканне (кароткатэрміновае альбо доўгатэрміновае). Ну і самы жорсткі гэта ШІЗА альбо ПКТ. Спачатку садзяць у ШІЗА, а потым у ПКТ, калі ўжо сітуацыя будзе такая, што іншага рашэння для адміністрацыі ўжо не будзе.

pk3_vicba-1.jpg
ПК№3 (Віцьба). Фота: Белсат

Спатканні і паводзіны. "Жыві, як жыў па волі"

Атрымаць спатканні вельмі няпроста. Калі кароткатэрміновае спатканне, ты можаш падысці да свайго старшыні атрада, звычайна гэта афіцэр, і з ім можаш дамовіцца, аб якой даце ты хочаш пайсці на кароткатэрміновае спатканне. Пішаш заяву, і гэта без асаблівых праблем. Але ўжо з доўгатэрміновым спатканнем ўсё значна цяжэй. Па-першае, адміністрацыя іх неахвотна дае. Яны прыдумваюць звычайныя апраўданні наконт таго, што "ты прасядзеў вельмі мала, нам патрэбна да цябе прыглядзецца, хто ты за чалавек такі. Ці можна табе даваць спатканне доўгатэрміновае". То бок цябе прымушаюць ісці да прадстаўнікоў адміністрацыі, каб табе далі гэтае спатканне. У асноўным ішлі да намесніка начальніка калоніі па рэжымна-аператыўнай працы. Гэты чалавек з'яўляецца  амаль што галоўным ў калоніі. Звычайна начальнік калоніі толькі падпісвае і узгадняе тыя рашэнні, якія прымае адміністрацыя альбо "зампарор". А гэты чалавек уплывае на ўсё. Ён ведае амаль што ўсё: як ты дыхаеш, чым ты дыхаеш. І калі там напрыклад ты ідзеш да яго на прыём, альбо цябе ён выклікае, і ты з ім вядзеш размову, то ён звычайна кажа: "На цябе там ходзяць чуткі такія, што ты зрабіў тое, тое, тое...". А ты яму кажаш: "Як я мог зрабіць тое, тое, тое, калі я быў увогуле быў не ў тым месцы, не ў тым часе, і гэтак далей. Можа, гэта прыдумалі". То бок звычайна зампарор ведае заўсёды аб тым, што адбываецца ў зоне. Таксама як і ведаюць аб гэтым аператыўны альбо рэжымны аддзел. І таму у першую чаргу там, калі знаходзішся, трэба весці сябе вельмі пільна і асцярожна. Бо гэта тое, што менавіта дазволіць табе без якіх-небудзь недарэчнасцяў "дасядзець" свой тэрмін. Але ўсё роўна там бываюць выпадкі, калі на цябе могуць звярнуць увагу. Напрыклад, у мяне быў такі выпадак, я вось казаў, што мяне затрымлівалі ў ШІЗА за прыбіральню падчас рэжымнага часу. У мяне на той момант была адна папера напачатку тэрміну за тое, што ў мяне былі несупадзенні ў вопісе рэчаў. Тады мне далі пазапланавае дзяжурства, і гэтая папера, звычайна калі ты не парушаеш, у цябе трымаецца год, пасля чаго яна скасоўваецца. Прайшоў год, папера скасавалася, і бачыш тое, што ў мяне няма ўвогуле папер — а чаму б і не, давайце! Я таксама апынуўся не ў тым часе не ў тым месцы, як я ўжо казаў вышэй.

muzei-palitvjaznjau_iljustracyinyja-fota
Ілюстрацыйнае фота

Палітычныя зняволеныя — да іх адносіны былі зусім неадназначныя. Адных яны паважалі, таму што завадзілі сяброўства, станавіліся як быццам бы сваі. Іншых яны недалюблівалі, нават кпілі з іх. Таму што іх магло раздражняць абсалютна ўсё: паводзіны, а там справа ў тым, што там кантынгент, які сочыць за табой кожны дзень, і ўсё ж такі ты жывеш разам з ім ў адным памяшканні і трэба заўсёды там быць у тонусе, то бок павінен ты быць заўсёды напружаны. Альбо інакш, калі ты зробіш якую-небудзь недарэчнасць, якую ты палічыш дробяззю, то для тых, хто ўжо сядзеў, гэта ўжо можа быць не дробязь, а ўжо стане падставай для таго, каб увогуле стварыць канфліктную сітуацыю. І гэта ўсё жыццё такое у ПК. То бок як ты пабудуеш адносіны з кожным чалавек, няважна які там зняволены (альбо палітычны, альбо проста са звычайным профулікам, альбо з простым зняволеным), то таксама залежыць, як ты будзеш будаваць сваё жыццё там. Бо на некаторы час ён становіцца тваім домам. І таму там заўсёды казалі:

"Жыві, як жыў па волі, але заўсёды абарочвайся і будзь пільным, каб не было праблем". 

І так я прасядзеў да канца студзеня 2024 года, калі ў мяне скончыўся тэрмін.

Вызваленне і пасля. "Так ты ж ужо адсядзеў!"

Я вярнуўся да хаты, стаў на ўлік у мясцовую крымінальна-выканаўчую інспекцыю, якая займаецца праверкай былых зняволеных. То бок тыя, хто выйшаў на волю, у пэўны час павінны хадзіць на адзнаку. Умовы былі тады такія: так як я выйшаў з атэстацыяй "не стаўшы на шлях выпраўлення", і на мяне не было заведзена судовага працэсу аб наданні мне прэвентыўнага нагляду. У мяне быў звычайны прафілактычны ўлік: з'яўляцца у пастарунак раз на тыдзень, прысутнічаць на гэтых мерапрыемствах, пасля чаго ўжо ісці займацца сваімі справамі. Акрамя гэтага, калі ты беспрацоўны, то ты павінен удзельнічаць у палезнай для грамадскасці працы. Звычайна гэта альбо прыбіранне вуліц, альбо яшчэ якія-небудзь там працы безкаштоўныя. І ты павінен гэта рабіць раз на месяц, альбо два разы — усё залежыць ад таго, як ты туды ходзіш. Яны, канешне, кажуць, каб ты хадзіў часцей, калі ты не працуеш, каб у іх галава не балела на цябе.

Але там была адна непрыемнасць, якая вельмі перашкаджала жыццю, не толькі мне, але і маім родным. Справа ў тым, што абапіраючыся на якоесьці ўнутранае распараджэнне РАУС, яны яшчэ павінны прыходзіць да мяне правяраць, ці знаходжуся я дома ў той момант. То бок яны як быццм бы могуць прыйсці ў любы дзень у любы час. Я спытаў у кіраўніка гэтай інспекцыі:

"Прабачце, але ж у мяне няма прэвентыўнага нагляду, рашэнне суда не было замовы ад адміністрацыі калоніі на наданне гэтай рэчы".

"Ну, што ёсць, то ёсць. Так што мірыся з гэтым. А калі ты альбо твае родныя не хочаце мірыцца з гэтай рэччу, то звяртайцеся да пракуратуры са скаргай аб тым, што не трэба рабіць такія даволі частыя праверкі".

Спачатку першыя два тыдні былі амаль што нармалёвыя, то бок яны там прыйшлі два разы на тыдзень, праверылі мне — і усё. А ўжо за тыдзень да "парламенцкіх" выбараў 25 лютага 2024 года яны пачалі хадзіць усё часцей. Спачатку ў нядзелю яны прыйшлі пасля адзнакі. А дзве гадзіны дня, а потым яны ўвогуле прыйшлі а 12-й ночы. І так было амаль што кожны дзень, пакуль мае родныя проста не ўзялі не адключылі ўвогуле і дамафон, і званок, таму што гэта іх увогуле пачало нерваваць, і яны нават абураліся гэтым. Яны прад'яўлялі прэтэнзіі нават тым, хто прыходзіў — міліцыянтам. Але тыя кажуць:

"Мы нічога рабіць не можам, такое распараджэнне".

І там увогуле сапраўды, калі я бачыў паперы, з якімі яны прыходзілі, там дзейсна асобнае ўнутранае распараджэнне, падпісанае начальнікам РАУСа аб тым, што патрэбна ў гэты час мяне праверыць. Добра. Праходзіць некаторы час, тэлефануе мне старшыня інспекцыі, якая займаецца адзнакамі, кажуць: патрэбна падысці. У той момант мае бацькі былі абураныя вось гэтым частым наведваннем міліцыянтаў мяне, якія правяраюць. І вось мы пайшлі разам з імі ў інспекцыю. Давоміліся: так і так, у мяне ёсць нумар тэлефона, на які можна пазваніць, каб не турбаваць ні маіх родных, ні маіх суседзяў:

"Вы пазваніце, я выйду  і стану на адзнаку".

І ён такі кажа: "Ну добра, я пастараюся зрабіць усё, што ў маіх сілах, але табе патржбна пайсці да мясцовага ўчастковага інспектара, таму што ён цябе выклікаў".

Я падумаў: "Але гэта ўжо надта падазрона. Калі б мяне ўчастковы выклікаў, то ён выклікаў бы не праз інспектара, а выклікаў бы мяне ўжо напрамую. А то ён праз пасрэдніка выклікае мяне ў РАУС".

Ну добра, я пайшоў. Ну і потым ён наіўна мне паказвае паперы аб тым, што на мяне заведзена справа аб адміністратыўным правапарушэнні. То бок прыйшлі матэрыялы на мяне аб тым, што на маёй старонцы ў Інстаграме, якая належыла раней мне, але я над ёй страціў кантроль, знаходзіліся падпіскі на суполкі, якія былі прызнаны экстрэмісцкімі. І таму патрэбна мяне затрымаць, бо патрэбна правесці праверку па частцы 2 артыкула 19.11 КаАП [Заўв.: Распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або якая прапагандуе такую дзейнасць]. Добра. І што далей?

"Ну, я вымушаны цябе затрымаць".

Потым я паведамляю сваім родным, што мяне затрымліваюць. Яны кажуць:

 "Так ты ж адсядзеў!".

"Ну вось, прыйшоў на мяне новы матэрыял. На адной са старонак сацсеткі знайшлі падпіскі, якія прызнаны экстрэмісцкімі".

Адабралі ў мяне тэлефон у якасці зброі злачынства, хаця на той момант той тэлефон, якім я карыстаўся, нават не падтрымліваў Інстаграм, і я з яго нават туды ўлазіць не мог. Ён проста быў звычайным для таго, каб званіць. Мне аформілі пратакол аб затрыманні, потым ён зрабіў скрыншоты, скрыншоты былі і ў матэрыялах адміністратыўнага правапарушэння, потым ён павёз мяне ў фармальную праверку у мясцовую бальніцу — каб выпісалі мне спраўку аб тым, што я годны "сядзець" у ІЧУ. А чаму я сказаў фармальна — таму што калі ты прыходзіш туды ў кайданах (а мяне як раз такі вазілі ў міліцэйскай машыне ў кайданах і прывялі мяне туды у кайданах), яны пасадзілі мяне, падыйшла доктар, паглядзела маю галаву на наяўнасць вошаў, і ўсё. І потым яна дае канчатковы вырак "годны" — і я паехаў туды. Падчас таго, як займаўся афармленнем на мяне мясцовы ўчастковы, падыйшоў адзін з аператыўнікаў і пачаў нада мной здзеквацца, крычаць:

"Мы вас знойдзем усіх! Мы вас вытравім усіх! Мы вас знійшчым усіх і будзем нішчыць да той пары, пакуль вы не знікніце канчаткова".

Я яму адказаў: "Вы мяне нічым не здзівілі, і можаце нават гэтымі словамі мяне не пужаць".

"А чаму ты так смела кажаш?"

"Я ўжо адбыў свой тэрмін, і вы мяне ўжо нічым не зачэпіце і нават не спужаеце".

"А колькі ты адсядзеў?"

"Два з паловай гады".

"Ааа, так мала. Можна табе яшчэ пяцёрку навешаць".

 Я: "Вы спачатку матэрыялы знайдзіце, па якім вы можаце мяне пасадзіць".

 "Нічога, знойдзем"— і пачаў глядзець скрыншоты маёй старонкі ў Інстаграм, і бачыць фатаграфію:

"Так ты ж удзельнічаў у 20-м годзе!".

Я: "І што? Я за яго сядзеў ужо".

А той кажа ўчастковаму: "Так ён жа ш удзельнічаў, трэба было памеціць у пратаколе".

"Навошта? Ён жа ж адсядзеў"

"Ай, няправільна вядзеш ты справу!"

А той участковы быў навічком, то бок чалавек, які прыйшоў некалькі месяцаў, толькі працуе і ў яго мала вопыту ў вядзенні гэтых спраў. І ён сам мне прызнаўся шчыра, што ў яго ўпершыню такое, што ён вымушаны завесці такую справу.

Калі я паведаміў сваім родным аб тым, што мяне затрымалі, яны тут жа пабеглі да адваката дапому заключаць, каб яна абараняла мае інтарэсы. Дзякуючы ёй усё ж такі мы змаглі абараніцца, і я абмяжаваўся тым, што адседзеў — то бок гэтымі трыма суткамі. Таму што калі мы з ёй праглядалі матэрыялы па справе, там як раз такі выявілася, што большая частка тых суполак, якія былі ў Інстаграме, на той момант прызнаваліся экстрэмісцкімі тады, калі я ўжо быў у месцах зняволення. То бок я ўжо тады адбываў свой тэрмін, у той час, як прымаецца рашэнне беларускіх судоў аб наданні суполак статуса экстрэмісцкага. І ты сядзіш ужо і думаеш пра сябе: мала таго, што ты спачатку ў турме пасядзеў, паразважаў з рознымі людзьмі, пабачыўшы іх адносіны да сябе, потым у лагеры прасядзеў, вытрымліваў часткова здзекі над зэкамі, якія спачатку глядзелі тэлевізар, альбо чыталі газеты, бо іншай крыніцы інфармацыі не было, і як вельмі хутка мяняецца ў іх меркаванне. Спачатку, калі пачаліся пратэсты 2020 года, яны падтрымліівалі, казаліі "Во, пацаны, малайцы! Можа штосьці зменіцца" А потым, калі адключылі спутнікавае тэлебачанне, менавіта тыя каналы, якія потым былі забароненыя, напрыклад Еўраньюс, то адразу меркаванне памянался кардынальна, і ўжо яны пачалі разважаць так, як разважаюць зараз некаторая ці большая частка адміністрацыі, а некаторым і ўвогуле абыякава было да таго, за што мы сядзелі і што мы рабілі. Вось і ўсё.

muzei-palitvjaznjau_iljustracyinyja-fota
Ілюстрацыйнае фота

Пакіданне радзімы. "Баюся, што доўга на волі не пабуду"

І ўжо тады, падчас вызвалення, да мяне ўжо звярнулася беларуская асацыяцыя палітвязняў "ДА ВОЛІ" і BYSOL, спыталі:

"Вам патрэбна эвакуацыя?".

Я кажу: "Так, мне патрэбна эвакуацыя, бо баюся, што доўга я тут на волі не пабуду".

А ўлічваючы той факт пра апошнія затрыманні, то гэты працэс паскорыўся, і дзякуючы менавіта "ДА ВОЛІ" і BYSOL я апынуўся тут [ў Еўропе—заўв.], хоць гэта было няпроста. Да, гэта было няпроста, але ўсё прайшло без якіх-небудзь перашкод, хоць гэта і патрабавала некаторы час, але дзякуючы ім я апынуўся тут. І цяпер ужо буду вяртацца да звычайнага жыцця ўжо тут. Там, дзе ўжо ёсць якая-ніякая свабода.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства