Гродзенскага прадпрымальніка асудзілі на тры гады "хіміі" за абразу і паклёп на Лукашэнку
Суд Ленінскага раёна Гродна асудзіў 15 сакавіка дырэктара прыватнага прадпрыемства Віталія Шычко, абвінаваціўшы яго ў паклёпе на Аляксандра Лукашэнку (ч. 2 арт. 367 КК), а таксама ў ягонай абразе (ч. 2 арт. 368 КК). Справу разглядала суддзя Наталля Козел.
Да суда Віталь Шычко, які мае на ўтрыманні двух дачок, знаходзіўся пад вартай.
Па матэрыялах абвінавачання, Шычко, знаходзячыся ў горадзе Ліда, пакінуў у тэлеграм-канале "Гародня 97%" абразлівыя каментары ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі, якія “прынізілі гонар і годнасць асобы і былі спалучаныя з абвінавачваннем у здзяйсненні асабліва цяжкага злачынства”.
Суд прызнаў яго вінаватым і пастанавіў пакараць на падставе ч. 2 арт. 367 КК абмежаваннем волі на тэрмін тры гады, і на падставе ч. 2 арт. 368 КК абмежаваннем волі на тэрмін два гады.
Па сукупнасці абвінавачанняў канчаткова прызначана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тры гады.
Пасля абвяшчэння прысуду ён быў вызвалены з-пад варты.