viasna on patreon

Жанчыну асудзілі па фота з Маршаў, якія захаваліся на воблачным сховішчы яе тэлефона

2024 2024-04-03T11:14:36+0300 2024-04-03T11:14:54+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/silavik_404.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Маскоўскага раёна Мінска 6 сакавіка за ўдзел у трох паслявыбарчых Маршах у 2020 годзе да трох гадоў "хатняй хіміі" асудзілі 49-гадовую бухгалтарку Наталлю Хлызову. Суддзя Юлія Варакса прызнала яе вінаватай паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Ілюстрацыйнае фота spring96.org
Ілюстрацыйнае фота spring96.org

Жанчыну абвінавацілі ў тым, што падчас трох акцый пратэсту яна выходзіла на праезныя часткі і "блакавала і заступала шлях транспартным сродкам".

Наталлля на судзе віну прызнала цалкам. Яна распавяла, што сапраўды з іншымі асобамі прымала ўдзел у трох Маршах, пра правядзенне якіх дазналася са СМІ і навін. Разумела, што правядзенне гэтых масавых мерапрыемстваў было абумоўлена грамадска-палітычнымі падзеямі ў дзяржаве, аднак "паставілася да свайго ўдзелу ў іх несур'ёзна". Будучы ўдзельніцай масавых мерапрыемстваў, сумесна з іншымі асобамі выходзіла на праезныя часткі дарог у напрамках, зададзеных натоўпам. Падчас удзелу ў акцыях пратэсту міліцыянтаў назірала не заўсёды, аднак дапускае, што яны прысутнічалі ў месцах правядзення такіх мерапрыемстваў. На судзе жанчына не аспрэчвала, што сваім знаходжаннем на праезнай частцы сумесна з іншымі асобамі блакавала рух грамадскага транспарту.

Падчас удзелу ў Маршах Наталля рабіла фатаграфіі сябе і мужа, а таксама асоб, якія ўдзельнічалі Маршах, на свой тэлефон. Агулам міліцыянты знайшлі сем фотаздымкаў з пратэстаў, якія захаваліся на воблачным сховішчы. У пратаколах агляду некаторых фота пазначана, што "фатограф размяшчаецца на праезнай частцы дарогі".

З прысуду, які апублікаваны на pravo.by, вынікае, што фота з пратэстаў жанчыны знайшлі на тэлефоне падчас выкліку ў РУУС Маскоўскага раёна Мінска.

Да суда Наталля ўтрымлівалася пад закладам у памеры 8000 рублёў.

Улічваючы, што ў жанчыны на ўтрыманні дзіцё, суд прызначыў ёй тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняй хіміі").

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства