viasna on patreon

"Будзеш ездзіць па свеце і распавядаць нам, як жыве беларуская дыяспара". Як КДБ схілялі мінчанку да супрацы

2024 2024-04-03T16:55:00+0300 2024-04-03T17:37:19+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/budynak-kdb_fota-tut.by.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Анастасія (імя зменена ў мэтах бяспекі) адвучылася ў адным са сталічных ВНУ, пасля чаго адпрацоўвала размеркаванне экскурсаводкай у мінскім музеі. Дзяўчына праяўляла актыўную грамадзянскую пазіцыю: ўдзельнічала ў пратэсных акцыях у 2020 годзе, запісалася ў ініцыятыву "Кадравы рэзерв для Новай Беларусі", вучылася ў Вольным беларускім універсітэце і стала сяброўкай "Аховы птушак Бацькаўшчыны". Вясною 2024 года да дзяўчыны прыйшлі супрацоўнікі КДБ. На допыце цікавіліся ейным стаўленнем да беларускай мовы і прапаноўвалі збіраць звесткі пра беларускую дыяспару за мяжою. Пасля гэтага дзяўчына з’ехала з краіны.

Дзяўчына распавяла "Вясне" пра затрыманне і допыт, як паспела выдаліць з тэлефона "партызанскі" тэлеграм падчас вобшуку і як выйшла на волю пасля допыту, не пагадзіўшыся на супрацу з КДБ.

Будынак КДБ_фота TUT.BY
Будынак КДБ у Мінску. Фота: TUT.BY

У 2020-2021 гадах Анастасія выходзіла на пратэсныя Маршы, а таксама ўдзельнічала ў студэнцкіх акцыях. А перад самым пачаткам поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну дзяўчына ўступіла ў "Ахову птушак Бацькаўшчыны", каб сяброўскім унёскам падтрымаць арганізацыю. Тады з’явіліся чуткі, што арганізацыю збіраюцца ліквідаваць.

Дзяўчына да канца 2023 года вучылася анлайн у Вольным беларускім універсітэце. Гэта ёй пазней "прад’яўлялі" супрацоўнікі КДБ на допыце.

"Навучацца ў "Кадравым рэзерве" мне не давялося. Але я была зарэгістраваная ў іх на сайце".

"Як думаеш, чаму мы да цябе прыйшлі?"

У дзень затрымання, пятага лютага, Анастасія дамовілася сустрэцца са сваім хлопцам. Але за некалькі гадзінаў да выхаду ёй у дзверы пагрукалі невядомыя.

"Гэта былі апранутыя ў цывільнае два мужчыны. Адзін з іх прад’явіў пасведчанне, але вельмі хутка яго прыбраў, і я не паспела нічога прачытаць. Яны адразу спыталі: "Як думаеш, чаму мы да цябе прыйшлі?". Я адразу зразумела, што мною зацікавіліся спецслужбы. Але на ўсе пытанні адказвала, што не ведаю або не памятаю", – распавядае суразмоўца.

"Куды схавала сцяг?"

Супрацоўнікі КДБ сцвярджалі, што дзяўчына захоўвае беларускі нацыянальны сцяг і выпытвалі, дзе ён схаваны.

"Сцяг у мяне сапраўды быў. Я схавала яго ў лядоўні. Але ім адказала, што выкінула яго яшчэ ў 2020 годзе. Таксама на лядоўні вісеў маленькі гліняны магніт з надпісам "Жыве Беларусь" і гербам "Пагоня". Але яны яго на дзіва не прыкмецілі. У мяне на паліцы стаяла кніга "Ваенная сімволіка беларусаў" Віктара Ляхора. Раней яна ўжо была "на алоўку" ва ўладаў.  Але ў кнізе чырвона-зялёная вокладка, таму, напэўна, яны не звярнулі на яе ўвагу".

Падчас вобшуку супрацоўнікі КДБ перыядычна перапытвалі суразмоўцу, ці мае яна здагадкі пра прычыну іх візіту. Дзяўчына адказвала адмоноўна, і ёй загадалі збірацца на допыт.

"Сілавікі запатрабавалі аддаць ім усю маю тэхніку. У мяне на ноўтубуку была налепка, якую дарылі ўсім, хто ўступіў у "Ахову птушак Бацькаўшчыны". Флэшку з пратэснымі фотаздымкамі я загадзя схавала. З тэлефона паспела выдаліць паштовую скрыню на Proton, а калі пачала выдаляць "партызанскую" версію тэлеграма, яны гэта заўважылі. Я не была ўпэўнена, што паспела ўсё выдаліць, таму ўтапіла тэлефон у імбрыку з вадою".

Дзяўчыне заламалі руку і прыціснулі тварам да канапы. Пасля гэтага дзяўчыну прымусілі пераапранацца пры сілавіках, бо як яны сказалі, "да цябе няма больш даверу".

Анастасіі дазволілі ўзяць з сабою толькі тыя рэчы, якія былі апранутыя на ёй, таму яна апранула адразу некалькі пар бялізны, рыхтуючыся да працяглага зняволення.

tekst-malitvy_1.jpg
Малітва, якую дзяўчына захоўвала ў чахле тэлефона, які ўтапіла падчас вобшуку. Фота з асабістага архіву гераіні

"Паспрабуеш уцякчы — прыменім сілу"

Дзяўчыну везлі на шэрым Hyundai па цэнтры Мінска ў будынак КДБ, а сілавікі працягвалі змушаць  распавесці, за што яны яе затрымалі. За гэта абяцалі зменьшыць тэрмін. За спробу ўцякчы пагражалі збіццём.

"Сілавікі адразу папярэдзілі: "Паспрабуеш уцякчы — прыменім сілу". Яны пыталі, за каго я галасавала на апошніх прэзідэнцкіх выбарах. Але на той момант я была яшчэ непоўнагадовая, таму не магла галасаваць".  

"Не магу размаўляць — я ў бібліятэцы"

Па дарозе сілавікі пыталі Анастасію, як яна ставіцца да супрацоўнікаў міліцыі, і абураліся, што ўсе іх лічаць карнікамі, кажа суразмоўца.

У кабінеце КДБ на дзверцах сейфа быў налеплены чырвона-зялёны сцяг з паперы, а на палічцы стаяла настольная гульня "Шляхта". На сценах віселі дываны з гербамі КДБ і СК.

Там дзяўчыну пачалі распытваць пра "Кадравы рэзерв для Новай Беларусі" і прозвішчы выкладчыкаў. Падчас рэгістрацыі на сайце ініцыятывы Анастасія не карысталася VPN. Яна мяркуе, што праз гэта яе маглі выкрыць сілавікі.

"На ўсе іх пытанні я адказвала максімальна нейтральна. Сказала, што зарэгістравалася там, каб атрымаць візу".

Анастасіі на тэлефон увесь час тэлефанавала знаёмая. Сілавікі нарэшце дазволілі дзяўчыне адказаць, але загадалі не казаць, дзе яна знаходзіцца.

"Я адказала, што зараз не магу размаўляць, бо ў бібліятэцы. І пазней ператэлефаную".

"Чаму не арыентуешся на Расію?"

У 2022 годзе дзяўчына ездзіла на навучанне ў Швецыю. У пашпарце з той паездкі ў Анастасіі засталася шэнгенская віза. Гэта прыцягнула ўвагу сілавікоў.

"Яны пачалі распытваць, навошта я туды ездзіла, дзеля чаго вучыла замежную мову і чаму не арыентуюся на Расію, а менаівта на Захад. Я сказала ім, што мне проста цікава вандраваць і пабачыць нешта новае".

Супрацоўнікі КДБ пачалі прапаноўваць Анастасіі супрацоўнічаць з імі.

"Яны цікавіліся, якія ў мяне далейшыя планы на жыццё. Я адказала, што пасля двух гадоў адпрацоўкі планую паступаць у магістратуру. Сілавікі спыталі, ці хацела б я паспрабаваць сябе ў чымсьці іншым. Я ім дала зразумець, што мяне гэта зусім не цікавіць".

Таксама яны пыталі, ці размаўляе дзяўчына на польскай мове і ці мае карту паляка.

"Кдбшнікі казалі, маўляў, "давай мы табе зробім візу, а ты будзеш ездзіць глядзець свет і распавядаць нам, як жыве беларусая дыяспара". Я ім адказала, што пасля візіту да іх больш нічога не хачу і буду ціхенька працаваць у сваім музеі за 800 рублёў".

"Дзякуй вам за мірнае неба"

Перыядычна ў кабінет заходзіў супрацоўнік у чорнай цішотцы, які граў ролю "злога паліцэйскага". Ён крычаў на дзяўчыну і зачытваў ейныя каментары за 2020 год, якія тая пакідала ў раённым тэлеграм-чаце Зялёнага луга.

"Адзін каментар я пакінула падчас Маршу на Дзяды ў 2020 годзе: "Сілавікі пабеглі на горку за 13 школу". А калі забілі Рамана Бандарэнку, напісала, што карнікі будуць пакараныя па законе. Кдбшнікі спыталі  мяне, ці я і цяпер так мяркую. Я ім адказала тое, што яны прыкладна хацелі пачуць: Дзякуй вам за мірнае неба над галавою, бо іначай было б як ва Украіне".

Падчас допыту сілавікі ўвесь час выпраўлялі дзяўчыну: "На Украіне", "Не вайна, а спецаперацыя", "Не другая сусветная, а вялікая айчынная".

Таксама Анастасію пыталі, як яна ставіцца да вайны ва Украіне і чаму ў яе ў фэйсбуку ёсць сябры, якія служаць у палку Каліноўскага.

"Я ім сказала, што мне проста падабаюцца хлопцы ў вайсковай форме. Калі сілавікі спыталі, чаму ў мяне тады няма ў сябрах расейскіх вайскоўцаў, я ім адказала, што тыя сядзяць ва "Укантакце", а я ў фэйсбуку".

aposzni-zdymak-perad-adezdam.jpg
Апошні фотаздымак, які зрабіла Анастасія перад ад'ездам з Беларусі. Фота з асабістага архіву гераіні

"Ні ў якім разе не распавядай "Вясне"

Напрыканцы допыту Анастасію пакінулі сам насам з адным супрацоўнікам, які проста сядзеў моўчкі працяглы час. Дзяўчына кажа, што няёмкую паўзу стварылі адмыслова, каб псіхалагічна паўздзейнічаць на яе.

"Тады я пачала распавядаць кдбшніку розныя нецікавыя рэчы пра музейную справу і іншае, што не мае дачынення да справы. У выніку мяне адпусцілі".

Пад пагрозаю расправы дзяўчыне строга загадалі нікому не распавядаць пра затрыманне.

"Яны мне асобна сказалі: "Ні ў якім разе не распавядай "Вясне" пра тое, што тут адбылося". Спрабавалі запужаць, што будуць за мною сачыць і прыязджаць у госці". 

Па вызваленні на наступны дзень Анастасія з’ехала з Беларусі. Праз дзве краіны дзяўчына даехала да мяжы з Польшчаю, дзе папрасіла палітычны прытулак.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства