Мінімум 416 судоў: вынікі адміністрацыйнага пераследу ў сакавіку
Па ўсёй Беларусі штодзённа працягваюцца жорсткія затрыманні беларусаў, большасць з якіх адпраўляюць за краты паводле адміністрацыйных пратаколаў. У сакавіку праваабаронцы "Вясны" зафіксавалі не менш за 453 фактаў рэпрэсій. Таксама ў мінулым месяцы было разгледжана мінімум 416 адміністрацыйных справаў. Суды прызначылі не менш за 82 адміністрацыйных арышты і 86 штрафаў. "Вясна" склала штомесячны спіс самых дзіўных і недарэчных прычын, па якіх беларусаў судзілі ў сакавіку.
Арышты за "дробнае хуліганства" ў РУУСе
У сакавіку людзей працягвалі актыўна судзіць за "дробнае хуліганства" (арт. 19.1 КаАП) і за "непадпарадкаванне міліцыянтам" (арт. 24.3 КаАП). Але па гэтых артыкулах у абсалютнай большасці затрымліваюць у Мінску. Звычайна супраць людзей складаюць пратаколы альбо за перашкоду праводзіць ператрус у доме, альбо за "хуліганства" ў кабінеце РУУСа падчас гутаркі з супрацоўнікам міліцыі.
Так, напрыклад, 25 сакавіка ў судзе Ленінскага раёна Мінска асудзілі мужчыну, які нібыта 23 сакавіка ў будынку Ленінскага РУУСа "гучна крычаў, нецэнзурна лаяўся, паводзіў сябе агрэсіўна і задзірліва, а на заўвагі не рэагаваў". Сваю віну на судзе мінчук не прызнаў. Ён патлумачыў, што затрымалі яго дома супрацоўнікі крымінальнага вышуку, пасля чаго яго прывезлі ў РУУС для размовы наконт шматлікіх зваротаў, якія мужчына дасылаў у розныя органы. У выніку суд арыштаваў яго на 14 сутак.
У судзе Фрунзенскага раёна Мінска 12 сакавіка мужчыну таксама асудзілі за "агрэсіўныя паводзіны" ў службовым кабінеце РУУСа. Паводле пратакола, мужчына ў тым ліку наўмысна скінуў са стала кветкавы вазон. На судзе агучылі пратакол апытання сведкі — супрацоўніка ГУБАЗіКу. Які пацвердзіў "хуліганства" мужчыны. Суд прызнаў яго вінаватым і прызначыў 12 сутак арышту.
Настаўніцу, якую звольнілі па загадзе міліцыі, аштрафавалі за "экстрэмісцкую падпіску"
У Быхаве 9 сакавіка адбыўся суд над мясцовай жыхаркай, якую абвінавацілі ў "распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў" за падпіску на забароненую старонку ва "Укантакце". Аднак на судзе жанчына не прызнала віну і заявіла, што хтосьці стварыў фэйкавы акаўнт з яе імем і прозвішчам.
Паводле жанчыны, раней яна працавала настаўніцай у школе. Аднойчы яе выклікаў дырэктар, у кабінеце якога таксама знаходзіўся супрацоўнік міліцыі. Ён забраў тэлефон жанчыны на "праверку", а праз некаторы час павярнуў яго са словам "чыста".
Пасля гэтага ў міліцыі прапанавалі адміністрацыі школы правесці "прафілактычнае мерапрыемства" ў дачыненні да жанчыны. У выніку яе наўпрост звольнілі.
На гэтым пераслед жанчыны не скончыўся. У лютым яе выклікалі ў РАУС праз тое, што яна нібыта з'яўляецца ўдзельніцай "экстрэмісцкай групы" і супраць яе ўзбуджана крымінальная справа. Але там яе адразу затрымалі паводле арт. 19.11 КаАП за "распаўсюд экстрэмізму". Жанчына лічыць сваё затрыманне незаконным.
Акрамя гэтага, яна лічыць, што хтосьці без яе згоды стварыў старонку ва "Укантакце" з яе прозвішчам. На судзе дапыталі сведку-настаўніцу, паводле якой, тая ліставалася ва "Укантакце" са сваёй калегай з гэтай старонкі. Да матэрыялаў справы таксама былі далучаны скрыншоты старонкі і паведамленняў на старонцы.
Суд прызнаў жанчыну вінаватай і аштрафаваў яе на 25 базавых велічыняў (1000 рублёў). Скаргу на незаконнае затрыманне жанчыны пакінулі без задавальнення.
Арышт за "Пагоню" на нумарным знаку аўтамабіля
Мужчыну асудзілі ў Мінску 6 сакавіка. Яго прызналі вінаватым у "пікетаванні выявай герба Пагоня на рамцы для рэгістрацыйнага знака аўтамабіля" паводле арт. 24.23 КаАП. Міліцыянты разглядзелі на нумарным знаку маленькі герб "Пагоня". Віну мужчына не прызнаў.
Па яго словах, год таму ён купіў машыну, на нумарах якой ужо была Пагоня. Але былы ўладальнік сказаў, што праблем праз гэта не мусіць быць праблем.
Пагоню на машыне заўважыў міліцыянт, а "паколькі ў цяперашні час гэты сімвал выкарыстоўваецца пэўнай групай грамадзян як сімвал, які ідэнтыфікуе і прапагандуе грамадска-палітычныя інтарэсы пратэснай накіраванасці, было прынята рашэнне аб затрыманні кіроўцы аўтамабіля".
Вынікам суда стаў 13-сутачны арышт.
"Несанкцыянаваныя пікеты" ў інтэрнэце
У Беларусі працягваецца масавы пераслед за пікетаванне нацыянальнай сімволікай у інтэрнэце. Супрацоўнікі міліцыі штодзённа праводзяць маніторынг сацыяльных сетак беларусаў і беларусак, а калі знаходзяць выявы Пагоні або бел-чырвона-белага сцяга, то складаюць пратаколы па 24.23 КаАП (несанкцыянаваны пікет).
Так, суд Бераставіцкага раёна 18 сакавіка прызначыў мясцоваму жыхару грамадскія працы тэрмінам на 60 гадзінаў за фота бел-чырвона-белага сцяга ва "Укантакце". А 15 сакавіка жыхарку Бераставіцы асудзілі за бел-чырвона-белага сцяг які з'явіўся на 15 хвіліне і 29 секундзе відэа, якое яна размясціла на сваёй старонцы. Яе таксама асудзілі да грамадскіх працаў тэрмінам на 60 гадзінаў.
У Браславе мужчыну асудзілі за "пікет" Пагоняй таксама на асабістай старонцы ва "Укантакце". Суд прызнаў яго вінаватым і асудзіў да 12 сутак арышту.
"Нафтанаўца" асудзілі адразу па двух артыкулах
29-гадовага Кірыла Барстоку затрымалі напрыканцы сакавіка. У 2016-м ён скончыў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт і пайшоў працаваць на "Нафтан". У апошні час быў у 5-й брыгадзе, якая абслугоўвала "Юнікрэкінг" (устаноўка для адной са стадыяў ачысткі паліва).
28 сакавіка суддзя Зінаіда Балаболава судзіла яго за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў" і "несанкцыянаванае пікетаванне". Згодна з інфармацыяй з канала, звязанага з адміністрацыяй "Нафтана", мужчыну асудзілі да 25 сутак арышту.
За "экстрэмізм" асудзілі ксяндза з Гродзенскага раёна
Пробашча касцёла вёсак Галынка і Пярстунь Гродзенскага раёна Паўла Гедройца асудзілі за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў" паводле арт. 19.11 КаАП. Суд адбываўся 12 і 14 сакавіка, справу разглядала суддзя Наталля Козел. Вынік пакуль невядомы.
Мінчука арыштавалі за БЧБ-балонікі на ліхтарным слупе
У судзе Савецкага раёна Мінска 1 сакавіка асудзілі Аляксея Скварчэўскага, якога абвінавацілі ў "несанкцыянаваным пікетаванні" (арт. 24.23 КаАП). Паводле пастановы суда, "мужчына ў 5:30 размясціў на лініях электраперадач ліхтарнага слупа паблізу сваяго дома пяць балонікаў бела-чырвона-белага колеру". Віну Аляксей на судзе не прызнаў і растлумачыў, што сапраўды адпусціў з акна ў паветра пяць балонікаў, якія яму падарылі на Дзень народзінаў, але тыя зачапіліся на лініях электраперадач. Але, подле яго, у пікетаванні ён удзелу не прымаў, а балонікі зачапіліся выпадкова.
У выніку суддзя Аляксандр Воўк прызначыў Аляксею 15 сутак арышту, а таксама пастанавіў знішчыць балонікі, якія былі знятыя з электрапровадоў і захоўваліся пры матэрыялах справы.