Зорку "Што? Дзе? Калі?" Фёдара Шведава ў Гродне судзяць за данаты Дапоўнена
У Гродзенскім абласным судзе 15 красавіка распачаўся суд над 48-гадовым Фёдарам Шведавым. Яго абвінавачваюць паводле арт. 361-2 Крымінальнага кодэкса (фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання). Па гэтым артыкуле мужчыне пагражае да васьмі гадоў калоніі. Справу разглядае Віталь Кулеш. На судзе яго ўтрымліваюць у кайданках. Працэс праходзіць у адкрытым рэжыме.
У першы дзень суда "Белта" і "СБ.Беларусь сегодня" апублікавала фотаздымкі і падрабязнасці з судовага працэсу Шведава. Згодна версіі абвінавачвання, Фёдар Шведаў са снежня 2020 года па сакавік 2021 года, выкарыстоўваючы аформлены ў ААТ "Сбер Банк" на сваё імя разліковы рахунак і плацежную карту, а таксама мабільны тэлефон, ажыццявіў перавод грашовых сродкаў на банкаўскія рахункі прадстаўнікоў "экстрэмісцкіх фармаванняў".
Як удакладніла выданне "СБ.Беларусь сегодня", ён заданаціў 52 рублі 88 капеек ініцыятыве "Честные люди", ініцыятыве "Беларуская Рада культуры" 26 рублёў 7 капеек, і яшчэ 26 рублёў 20 капеек — фонду By_Help.
Шведава затрымалі 26 студзеня 2024 года. Мужчына ўтрымліваецца пад вартай у турме Гродна.