viasna on patreon

За ўдзел у мітынгу мінчанку асудзілі да "хатняй хіміі". Суд пастанавіў знішчыць ейныя два нацыянальныя сцягі Беларусі

2024 2024-04-22T16:01:12+0300 2024-04-22T16:01:34+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/protest_2020_zhanchuny_90.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Савецкага раёна Мінска 28 сакавіка да двух з паловай гадоў "хатняй хіміі" асудзілі Святлану Кудрыцкую. Жанчыну прызналі вінаватай паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) за ўдзел у адной акцыі пратэсту ў 2020 годзе. Доказамі па справе стала відэа, на якія трапіла жанчына, і адзенне, у якім яна была на акцыі. Прысуд па справе вынесла Вольга Емяльяненка. 

Жаночая акцыя пратэсту ў 2020 годзе, Мінск
Ілюстрацыйнае фота "Белсат"

Паводле версіі абвінавачвання, Святлана Кудрыцкая "блакавала і заступала шлях транспартным сродкам, у выніку чаго яе дзеянні пацягнулі парушэнне працы транспарту, якое выявілася ў прыпынку транспарту на тэрыторыі Мінска". Сума шкоды "Мінсктрансу" склала 5 839 рублёў 65 капеек.

На судзе жанчына віну прызнала. Яна пацвердзіла, што выходзіла на праезную частку дарогі, у выніку чаго блакавала шлях транспартным сродкам. Акрамя прызнальных паказанняў Святланы асноўнымі доказамі па справе сталі відэазапісы, на якім зафіксавана жанчына, у тым ліку на праезнай частцы, у момант яе ўдзелу ў акцыі пратэсту. Крыніцай відэа ў пастанове называецца "матэрыял аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў". У матэрыялах крымінальнай справы маюцца скрыншоты з гэтага відэа. Таксама доказамі сталі чорны заплечнік і джынсы, у якіх жанчына зафіксаваная на відэазапісах у момант яе ўдзелу ў мітынгу.

Акалічнасцю, змякчальнай адказнасць, суд прызнаў наяўнасць на ўтрыманні малалетніх дзяцей.

У выніку, суддзя Вольга Емяльянчанка прызначыла Святлане Кудрыцкай два гады і шэсць месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняй хіміі"). Акрамя гэтага, суд пастанавіў знішчыць два бел-чырвона-белыя сцягі, якія захоўваліся пры матэрыялах справы, і, верагодна, вынятыя пры ператрусе ў жанчыны.

Да суда Святлана была пад закладам у суме 12 000 рублёў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства