viasna on patreon

Затрыманні і ціск на палітвязняў: хроніка рэпрэсій 23-24 красавіка Дапоўнена

2024 2024-04-24T17:05:00+0300 2024-04-24T19:52:48+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/dzjanis-ivaszyn.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 23-24 красавіка 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

На 1000 рублёў аштрафавана былая палітзняволеная Таццяна Пыцько 

Жонка віцебскага журналіста Вячаслава Лазарава, шматдзетная маці Таццяна Пыцько ў верасні мінулага года была асуджаная да 3 гадоў пазбаўлення волі. Пазней Вярхоўны суд перагледзеў гэтае рашэнне і адтэрмінаваў ёй пакаранне на 3 гады. Так яна змагла ўжо ў лістападзе вярнуцца дадому ў пасёлак Кастрычніцкая і ўз'яднацца са сваімі дзецьмі, у тым ліку аднагадовай дзяўчынкай Евай.

Але стала вядома, што два тыдні таму яе судзілі. Сілавікі знайшлі ў «Аднакласніках» у яе профілі лагатып «экстрэмісцкага» канала. Гэта стала нагодай для штрафу ў 1000 рублёў.


Сілавікі затрымалі дачку палітзняволенага Рыгора Кастусёва

Кацярына Кастусёва

"Пакаяльнае відэа" з жыхаркай Магілёва Кацярынай Кастусёвай апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы. На відэа жанчыну прымусілі сказаць, што яна ў 2020-ым годзе «аказвала садзейнічанне "Вясне"», а таксама што яна нібыта прайшла рэгістрацыю ў чат-боце плана «Перамога».


У Беларусі прызналі "экстрэмісцкай" буйную суполку ў сацсетках, дзе прадаюць аўтамабілі

Гаворка пра суполку ва «Укантакце» «АВТОРЫНОК БЕЛАРУСЬ», на якую падпісана больш за 70 тысяч чалавек. Адпаведнае рашэнне прынятае судом Аршанскага раёну і Оршы 19 красавіка.

У суполцы публікуюцца аб'явы людзей аб продажах аўтамабіляў. Верагодна, у «экстрэмісцкі» спіс яна трапіла толькі з-за таго, што на аватарцы мае фрагмент беларускіх аўтамабільных нумароў узору пачатку 90-ых гадоў — на іх ёсць герб «Пагоня».

Таксама ў Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў трапілі:

  • Telegram-каналы і чаты «Пацаны», «Общество воли и дела»;
  • Instagram старонкі «belarusdaily_org», «international_male_choir_unia»;
  • TikTok-старонкі «ПРЕССА», «SovsemBespalevaTV», «Паняверка», «Нашы Навiны», «практикующий врач», «Tatjana», «Папа Карло», «Пра Вiцебск\Вясна», «Ирина».

Былога палітвязня Рамуальда Улана зноў судзілі за "распаўсюд экстрэмізму" 

Судовы працэс адбыўся сёння, 23 красавіка, у судзе Смаргонскага раёну. Справу разглядала суддзя Вікторыя Алянцэвіч. Вынік суда пакуль невядомы.

Нагадаем, былы заснавальнік і выдавец "Новай газеты Смаргоні" ў студзені 2021 года быў асуджаны да 2,5 гадоў "хіміі". Смаргонцу паставілі ў віну тое, што ён распаўсюдзіў заведама непраўдзівыя звесткі, якія ганьбяць гонар і годнасць міліцыянераў. У мінулым траўні стала вядома, што яго вызвалілі па амністыі.

Пасля выхаду на волю Улана двойчы затрымлівалі — агулам яму прызначылі 10 сутак арышту паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).

Сілавікі затрымалі гамельчука за "цынічныя каментары" пра памерлага Берасцейскага міліцыянта

Відэа з затрыманнем мужчыны з'явілася ў адным з праўладных тэлеграм-каналаў.

Паводле сілавікаў, мужчыну затрымалі за тое, што той пакідаў "цынічныя каментары" на адрас памерлага начальніка Ленінскага РАУС Брэсіа Дзмітрыя Каравякоўскага і распаўсюджваў "экстрэмісцкія матэрыялы" у сацсетках. Таксама пры затрыманні ў беларуса выявілі чатыры адзінкі зброі.

Нагадаем, інфармацыя пра смерць начальніка Ленінскага РАУС Брэста Дзмітрыя Каравякоўскага зʼявілася 13 красавіка. У жніўні 2020 года Каравякоўскі кіраваў падаўленнем пратэстаў У Пінску, зʼяўляючыся начальнікам мясцовага ГАУС. У 2021 годзе стаў начальнікам Ленінскага РАУС у Брэсце. У снежні 2020 у эфіры тэлеканала "Беларусь 1" міліцыянт распавёў, што гумавая дубінка мяккая і не наносіць сурʼёзных траўмаў.

Сілавікі затрымалі мужчыну, які ў жніўні 2020-га атрымаў раненне падчас акцыі

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне мужчыны, які ўдзельнічаў у паслявыбарчай акцыі пратэсту ў Мінску. На "пакаяльным відэа" затрыманы кажа, што ў той дзень атрымаў раненне і быў шпіталізаваны. Па якім артыкуле затрыманы мужчына і дзе цяпер знаходзіцца, невядома.


Палітзняволенага журналіста Дзяніса Івашына пазбавілі перадач 

dzjanis-ivaszyn.jpg
Дзяніс Івашын перад судом

Пра гэта напісала ў адмысловым тг-канале ягоная жонка Вольга. Таксама яна адзначыла, што цяпер, каб даслаць вітаміны ў турму ці калонію, неабходна атрымаць спецыяльны дазвол ад лекара медычнай часткі ўстановы. Раней такое правіла распаўсюджвалася толькі на неабходныя лекі.

"Ранейшы сьпіс дазволеных для перасыланьня вітамінаў скасаваны. Цяпер нават вітамін С нельга даслаць вязьню без "рэкамэндацыі мэдыка"", — піша Вольга Івашына.

Нагдаем, у верасні 2022 года Гродзенскі абласны суд прызнаў Івашына вінаватым паводле арт. 365 КК (умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў) і ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве) і асудзіў яго да 13 гадоў і 1 месяца калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Летась Дзянісу ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым у Жодзіна.

Падтрымайце палітвязня: Следчая турма № 8. 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А, Дзянісу Яўгенавічу Івашыну

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства