Двух беларусаў завочна асудзілі за ўдзел у мірных сходах
12 красавіка 2024 году вынесены прысуд у дачыненні да 35-гадовага Яўгена Пруднікава і 31-гадовай Вольгі Пруднікавай — беларусаў, якіх завочна судзілі паводле "народнага" арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Прысуд агучыла суддзя Вольга Царык.
Яўгена і Вольгу Пруднікавых прызналі вінаватымі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу. Падчас аднаго з мірных сходаў яны нібыта выходзілі на праезную частку, чым перашкаджалі руху транспарта і нанеслі шкоду "Мінсктрансу" у памеры 7580 рублёў 22 капейкі. Яны знаходзяцца за межамі Беларусі і не прысутнічалі на судзе. Іх абвесцілі ў вышук 21 снежня 2022 году. На судзе зачытвалі іх сведчанні, якія яны далі ў статусе сведак па іншай справе ў жніўні 2022 году. Тады яны распавядалі пра свой удзел у Маршах 16 і 30 жніўня 2020 году.
Доказамі па справе былі фотаздымкі з Facebook Вольгі Пруднікавай з Маршаў, паказанні сведкаў, якія нібыта пацвердзілі "факт наяўнасці першапачатковай дамоўленасці з абвінавачанамі на сумесны ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах у цэнтральнай частцы Мінска". Суд таксама зрабіў высновы пра "наўмысны характар дзеянняў" праз тое, што на фотаздымку ёсць нацыянальны сцяг, прысутныя дэманструюць "пратэсныя жэсты", а абвінавачаныя прысутнічаюць "у месцах знаходжання вялікай колькасці грамадзянаў спосабам, які забяспечвае ўсеагульны агляд пазначанай пратэснай атрыбутыкі і жэстаў". Таксама ў якасці доказаў выкарыстоўвалі даныя сотавых злучэнняў.
Такім чынам, Яўгена і Вольгу прызналі вінаватымі і асудзілі завочна да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Таксама вядома, што іх маёмасць вызваленая ад арышту, бо маёмасных спагнанняў ім не выставілі: шкода "Мінсктрансу" была цалкам кампенсаваная іншымі ўдзельнікамі мірных сходаў.