viasna on patreon

Працягваецца ціск у зняволенні: агляд навінаў пра палітвязняў з 12 красавіка па 2 траўня

2024 2024-05-02T17:23:15+0300 2024-05-06T11:29:30+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/luckina-sud-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Больш за тры з паловай гады ў Беларусі сілавікі бесперапынна ладзяць масавыя рэпрэсіі. Амаль штотыднёва ў краіне павялічваецца колькасць палітзняволеных, а праваабаронцы кожны дзень атрымліваюць інфармацыю пра ўтрыманне вязняў у жудасных умовах, пра ціск на іх з боку адміністрацыі ўстановаў, а таксама пра пагаршэнне здароўя палітвязняў у зняволенні. "Вясна" распавядае апошнія навіны пра палітвязняў.

Палітвязнямі за мінулыя тыдні былі прызнаныя 36 чалавек. На дадзены момант у спісе палітзняволеных налічваецца 1377 чалавек. Акрамя гэтага, праваабаронцы даведаліся, што адбылі тэрміны і выйшлі на волю 47 палітвязняў, у тым ліку Андрэй Тарасавец, Максім Імхавік, Іван Пацяйчук, Аксана Зарэцкая, Леў Цяліпка, Раман Гваздзёлка, Андрэй Дзмітрыеў, Артур Смалякоў, Вячаслаў Касцючык і Дзяніс Марусевіч .

Таксама праваабаронцы даведаліся пра прысуды па палітычна матываваных справах сямі палітзняволеным: 

Да палітзняволенай Паліны Шарэнда-Панасюк зноў не пусцілі адваката

Муж Паліны Андрэй Шарэнда ў сваім Фэйсбуку паведаміў, што 15 красавіка адвакат у чарговы раз спрабаваў трапіць да палітзняволенай, але яму было адмоўлена. Ужо чатыры месяцы адвакату не даюць сустрэцца з Палінай, хаця яна ўжо даўно напісала адпаведную заяву для гэтага.

Нагадаем, Паліна — грамадская актывістка з Брэста, якую затрымалі 3 студзеня 2021. Жанчыну спачатку асудзілі па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Пазней яе двойчы асудзілі за "злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі" яшчэ агулам да двух гадоў зняволення. 

Палітвязню Вадзіму Гусеву дадалі яшчэ адзін год зняволення

У Ваўкавыску 22 студзеня разглядзелі крымінальную справу супраць палітзняволенага, асуджанага раней за "абразу прадстаўніка ўлады". Гэтым разам яго абвінаваціліпаводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі).

Суддзя Мікалай Сяргейка асудзіў палітвязня яшчэ да аднаго года калоніі, а з улікам неадбытага раней пакарання канчаткова прызначыў яму пазбаўленне волі тэрмінам на адзін год і тры месяцы.

Вядома, што за парушэнне "правілаў унутранага распарадку" яму выпісалі дзевяць спагнанняў, у тым ліку змяшчалі ў ШІЗА і ПКТ. Таксама Вадзіма адразу па прыбыцці прызналі "злосным парушальнікам рэжыму".

Палітзняволены Вячаслаў Лазараў у калоніі захварэў на пнеўманію. Яго змясцілі ў ШІЗА 

Пра гэта паведаміў праваабаронца Павел Левінаў:

"Вячаслаў ляжаў у лякарні, цяпер хвароба адступіла, ён пачуваецца лепей, настрой у яго бадзёры. Аднак ёсць і не такія добрыя навіны: верагодна, што з 11 красавіка яго накіравалі ў штрафны ізалятар. За якія правіны і на які тэрмін, невядома".

Нагадаем, палітзняволеным сужэнцам Таццяне Пыцько і Вячаславу Лазараву прысудзілі да трох і пяці з паловай гадоў зняволення адпаведна.

У выніку апеляцыі Вярхоўны суд прызначыў Таццяне той жа тэрмін, але з адтэрміноўкай выканання пакарання на тры гады. Вячаславу зменшылі тэрмін на паўгода. Цяпер ён адбывае тэрмін у папраўчай калоніі № 15.

Палітвязня Ігара Аліневіча нядаўна змяшчалі ў ШІЗА 

Ігар Аліневіч

Вядома, што з пачатку 2024 года Ігара адпраўлялі ў штрафны ізалятар ужо некалькі разоў.

Ігар — актывіст анархічнага руху, якога затрымалі пры пераходзе мяжы Беларусі ў ноч з 28 на 29 кастрычніка 2020 года. Яго абвінавацілі па шэрагу артыкулаў за падпал службовых аўтамабіляў, будынка ДАІ, дзяржаўнага камітэта экспертыз у Гомельскай вобласці. У выніку Ігара асудзілі да 20 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Пазней яму ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым у Жодзіна.

Актывістку руху "Маці-328" пераводзяць з "хіміі" ў калонію 

Нагадаем, у траўні 2022 года Марыну Кісялевіч асудзілі да чатырох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Яе судзілі па "даносу неабыякавага" па допісах "УКантакце" па двух дыфамацыйных артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 368 (абраза Лукашэнкі) і ч. 2 арт. 367 (паклёп на Лукашэнку). Тэрмін жанчына адбывала ў берасцейскай ПУАТ-1.

Па інфармацыі праваабаронцаў, 12 красавіка 2024 прайшло судовае пасяджэнне па ўзмацненні пакарання палітзняволенай. У выніку Марыне замянілі абмежавання волі на пазбаўленне волі ў калоніі тэрмінам на 10 месяцаў.

Палітвязня Анатоля Латушку перавялі на турэмны рэжым у Гродна 

Анатоль Латушка

У судзе Шклоўскага раёна 22 сакавіка адбыўся суд па замене палітвязню рэжыму ўтрымання на турэмны. Суддзя Аляксандр Тараканаў пастанавіў перавесці палітвязня, асуджанага да шасці гадоў калоніі, у турму тэрмінам на шэсць месяцаў.

Анатоль — стрыечны брат палітыка Паўла Латушкі. У судзе Цэнтральнага раёна Мінска 20 верасня 2022 года Анатолю прысудзілі шэсць гадоў калоніі, Алене Маліноўскай — чатыры гады калоніі, Ліліі Ананян — пяць гадоў "хатняй хіміі".  

Палітзняволенага журналіста Дзяніса Івашына пазбавілі перадач

Пра гэта напісала ягоная жонка Вольга. Таксама яна адзначыла, што цяпер, каб даслаць вітаміны ў турму ці калонію, неабходна атрымаць спецыяльны дазвол ад лекара медычнай часткі ўстановы. Раней такое правіла распаўсюджвалася толькі на неабходныя лекі.

"Ранейшы спіс дазволеных для перасылання вітамінаў скасаваны. Цяпер нават вітамін С нельга даслаць вязню без "рэкамэндацыі медыка"", — піша Вольга Івашына.

Нагадаем, у верасні 2022 года Гродзенскі абласны суд прызнаў Івашына вінаватым паводле арт. 365 КК (умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў) і ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве) і асудзіў яго да 13 гадоў і 1 месяца калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Летась Дзянісу ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым у Жодзіна.

Вядомага глыбоцкага бодзібілдара Аляксандра Шарабайку зноў будуць судзіць

Аляксандра затрымалі 13 сакавіка 2023 года. За "абразу Лукашэнкі" яму прызначылі 1,5 года калоніі. Свой тэрмін палітвязень адбываў у Івацэвіцкай калоніі № 22

Цяпер стала вядома, што палітвязня зноў будуць судзіць 7 траўня. Акрамя яго па справе праходзяць яшчэ Андрэй Стабулянец і Дзяніс Цабульскі, якога год таму асудзілі за ўдзел у акцыях пратэсту ў Мінску (арт. 342 КК).

У залежнасці ад ролі кожнага іх абвінавачваюць паводлеарт. 368 (абраза Лукашэнкі), арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады) і арт. 361-1 КК (удзел у экстрэмісцкім фармаванні). Справу ў закрытым рэжыме будуць разглядаць у Віцебскім абласным судзе. Суддзя — Яўген Буруноў.

Палітзняволеная Ксенія Луцкіна ў калоніі зноў перахварэла на пнеўманію

Ксенія Луцкіна ў судзе

Пра гэта ў сацыяльных сетках напісала былая палітзняволеная. Паводле яе, надаўна ў Ксеніі, якая хварэе на астму, пачалася моцная алергія на піжаму сукамерніцы з моцным пахам парфумы. Праз гэта яна пачала моцна кашляць, задыхацца і не магла спаць некалькі сутак. Паведамляецца, што палітзняволеная захварэла на пнеўманію і яе на некаторы час змяшчалі ў санчастку.

Нагадаем, былую журналістку Белтэлерадыёкампаніі асудзілі да васьмі гадоў калоніі. У зняволенні ў яе пачаліся моцныя праблемы са здароўем — у яе расце пухліна ў галаўным мозгу. Вядома, што яна адмовілася пісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі. Дома журналістку чакае непаўнагадовы сын.

Мастака Івана Вярбіцкага зноў будуць судзіць за "злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі" 

Іван Вярбіцкі. Фота:

Іван — мастак з Гальшанаў, мае дзве вышэйшыя адукацыі. Палітвязня прызналі вінаватым адразу па некалькіх крымінальных артыкулах і асудзілі да васьмі гадоў і аднаго месяца калоніі.

Вядома, што ў папраўчай калоніі на зняволенага гальшанца аказваўся ціск: два месяцы Івана ўтрымлівалі ў ШІЗА і ПКТ. У верасні 2021 палітвязню ўзмацнілі пакаранне і этапавалі ў магілёўскую турму № 4. У 2022 годзе яго асудзілі па ч. 1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі). Справу разглядала суддзя Таццяна Касцюк. Вынік суда пакуль невядомы.

8 траўня ў Барысаве Івана зноў будуць судзіць паводле ч. 2 арт. 411 КК. Справу будзе разглядаць суддзя Людміла Зінкевіч. Івану могуць дадаць яшчэ два гады зняволення.

Адміністрацыя бабруйскай калоніі ініцыявала новую крымінальную справу супраць Эдуарда Бабарыкі 

Эдуард Бабарыка на на агалошванні прысуду 5 ліпеня 2023 года

З крыніцаў "Белсату" стала вядома, што адміністрацыя папраўчай калоніі № 2 г. Бабруйску ініцыявала супраць палітвязня Эдуарда Бабарыкі новую крымінальную справу. Гэтым разам яго абвінавацілі ў парушэнні арт. 411 КК — у злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі.

Адзначым, што ў раскладзе судоў справы палітвязня пакуль няма.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства