viasna on patreon

Ютуб-праект, палітычная кааліцыя і суполка лекараў – "экстрэмісцкія фармаванні": хроніка пераследу 8 траўня

2024 2024-05-08T15:25:00+0300 2024-05-08T15:35:54+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/narodny-reparcior.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" восьмага траўня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Падтрымайце Алену Яфрэменку, у якой пачаліся сур'ёзныя праблемы са здароўем

alena-jafremenka.jpg
Алена Яфрэменка

Алена ўжо больш за два годы ўтрымліваецца ў зняволенні. У лістападзе 2022 года ў Гродне над ёй адбыўся суд паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса за каментары і ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту. Справу жанчыны разглядаў суддзя Уладзімір Пазняк, але вынік суда пакуль невядомы. Вядома, што ў жанчыны на волі засталіся дзве непаўнагадовыя дачкі.

Як паведамляе dissidentby, у Алены ў калоніі пачаліся сур'ёзныя праблемы са здароўем. Калі яна прыехала ў калонію, у яе адняліся ногі. Іншым асуджаным было забаронена ей дапамагаць нават у гігіенічных справах, медыкаменты для жанчыны не прымаюць, таксама яе пазбавілі спатканняў, званкоў і блакуюць ліставанне нават са сваякамі.

Падтрымайце яе лістамі і тэлеграмамі: ПК № 4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3, Алена Аляксандраўна Яфрэменка


Віцебскага лекара арыштавалі за падтрымку Украіны ў чат-рулетцы

У судзе Першамайскага раёна Віцебска 15 красавіка разглядзелі справу Аляксандра Рандарэнкі, якога абвінавацілі паводле арт. 24.23 КаАП. Падставай для затрымання стаў лозунг грамадска-палітычнага характару, які мужчына нібыта выкрыкнуў у чат-рулетцы, а таксама дэманстрацыя прадмета з выявай сцяга жоўта-сіняга колеру. Гэта міліцыянты расцанілі як "несанкцыянаванае пікетаванне". Вядома, што затрымлівалі лекара супрацоўнікі ГУБАЗіКу.

На судзе Аляксандр прызнаў віну і патлумачыў, што падчас стрыму быў п'яны. У выніку суддзя Наталля Карабліна прызначыла яму 15 сутак арышту.


Палітзняволеная Наста Лойка не задаволеная станам свайго здароўя, але "скардзіцца яна не мае звычкі"

Наста Лойка. Фота з архіва сяброўкі Насты
Наста Лойка. Фота з архіва сяброўкі Насты

Пра гэта распавялі крыніцы "Радыё свабода". 

Вядома, што Наста працягвае чытаць шмат мастацкай і гістарычнай літаратуры.

"Кажа, што збольшага ў яе ўсё нармальна: працуе на пашыве адзення, шмат чытае. Апошняя прачытаная кніга — „Крыжакі“ Генрыка Сянкевіча. Сказала, што кніга, у якой вядзецца пра часы Грунвальдскай бітвы, падаравала ёй новыя веды і цікавыя вобразы, што вельмі карысна, бо інфармацыі з волі ў яе мала. Але з гэтым нічога не зробіш, даводзіцца ёй трываць", — расказала крыніца.


За ўдзел у паслявыбарчай акцыі пратэсту затрыманы жыхар Брэста

На "пакаяльным відэа" ад восьмага траўня хлопец кажа, што выходзіў на праезную частку, выкрыкваў лозунгі, перакрываў дарогу транспарту і знаходзіўся там у той момант, калі людзі кідалі камяні і будавалі барыкады.


Кааліцыя "Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду", ініцыятывы "Врачи за правду и справедливость" і "FreeInfoBel" прызнаная "экстрэмісцкім фармаваннем"

У спісе КДБ 45 чалавек, якія нібыта маюць дачыненне да кааліцыі.

Да ініцыятывы "Врачи за правду и справедливость", паводле ведамства, дачыненне маюць Завадскі Васіль, Дарашкевіч Алег і Вялічка (Гуштын) Вольга. Да "FreeInfoBel" — Пашкевіч Вольга і Дулеба Іосіф.

Адпаведнае рашэнне па ўсіх названых ініцыятывах прынятае КДБ 3 траўня.


"Экстрэмісцкім фармаваннем" прызнаны праект "Народный Репортёр"

Пра гэта паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы.

Сцвярджаецца, што гэты праект займаўся "арганізацыяй дзейнасці па падрыхтоўцы здзяйснення замахаў на суверэнітэт і грамадскую бяспеку Рэспублікі Беларусь, дыскрэдытацыю і абразу службовых асоб".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства