viasna on patreon

Затрыманні святароў і перакладчыцы, папаўненне ў "спісе экстрэмістаў": хроніка пераследу 9-10 траўня Дапоўнена

2024 2024-05-10T15:27:00+0300 2024-05-10T16:36:43+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kalackaja-03.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 9-10 траўня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

КДБ прызнаў "экстрэмісцкімі фармаваннямі" чатыры кааліцыі, якія будуць удзельнічаць у выбарах у КР

Гэта "Воля/Рух Воля/Блок Воля", "Закон и правопорядок", "Еўрапейскі выбар" і "Моладзевы наступ".

Усе яны былі прызнаныя КДБ «экстрэмісцкімі фармаваннямі» 6 траўня. Адзначым, што ў дакуменце таксама пералічана больш за 80 чалавек, якія маюць дачыненне да вышэй згаданых кааліцый.


Арыштавалі актывістку руху "Маці-328"

У Менску 15 сутак арышту прысудзілі актывістцы грамадзянскага руху "Маці-328" Марыне Уладыка. У дадзены момант яна знаходзіцца ў ІЧУ на Акрэсціна.

Вядома, што жанчыну затрымалі раніцай 7 траўня па месцы жыхарства, дзе быў праведзены ператрус.

Падставай мог стаць рэпост публікацыі з рэсурсаў, прызнаных "экстрэмісцкімі".

Марына Уладыка з'яўляецца каардынатарам дапамогі сіротам, асуджаным да вялікіх тэрмінаў па артыкуле 328 КК (незаконны абарот наркотыкаў). У 2018 годзе яна была ў складзе галадаючых маці, якія дамагаліся сустрэчы ў Адміністрацыі прэзідэнта.


Сілавікі затрымалі студэнта БДУІРа

Блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал апублікаваў відэа з затрыманым 20-гадовым студэнтам трэцяга курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. На камеру затрыманы кажа, што ў 2020 годзе пісаў у чат-бот праекта «Голас», хадзіў на пратэсты і распаўсюджваў «экстрэмісцкія» матэрыялы. "Пасля тэракту ў" Крокус Сіці холе " радаваўся гэтай сітуацыі і распаўсюджваў сваё меркаванне на дэструктыўных пляцоўках.

Па якім артыкуле затрыманы студэнт і дзе цяпер знаходзіцца, невядома, піша “Медыязона”.


У "Спіс экстрэмістаў" дадалі яшчэ 22 чалавек — цяпер у ім 4056 прозвішчаў

10 траўня МУС зрабіла традыцыйнае пятнічнае абнаўленне "Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці".

Сярод іншых, у спіс дадалі грамадзяніна Расіі Міхаіла Бодаша, кухара Ігара Казубава, бацьку траіх непаўнагадовых дзяцей Віталя Максімчука.


Сілавікі затрымалі вядомую перакладчыцу Вольгу Калацкую

Затрыманне адбылося 7 траўня ў Мінску. Акрамя таго, дома ў яе правялі ператрус.

Вольга Калацкая пераклала на беларускую мову дзясяткі фільмаў, сэрыялаў і кніг, у тым ліку творы Вірджыніі Вулф, Тэнэсі Ўільямса, Уільяма Голдынга, Пола Остэра, Тоні Парсанза, Артура Голдэна, фільмы «Глядыятар», «Шрэк», «Сямейка Смітаў» ды іншыя, піша @radiosvaboda.

Вольга Калацкая ў судзе. Фота:

У 2021-ым годзе Вольгу асудзілі да 2 гадоў «хатняй хіміі» за тое, што падчас адной з акцый пратэсту яна нібыта ўдарыла прапагандыста Рыгора Азаронка.


Затрыманыя святары Анджэй Юхневіч і Павел Лемех

Клірыкаў затрымалі 8-га траўня пасля сустрэчы святароў і кансэкраваных асобаў Віцебскай дыяцэзіі ў Шуміліна. Падставы затрымання невядомыя.

Анджэй Юхневіч з'яўляецца старшынёй каардынацыйнай групы настаяцеляў і прадстаўнікоў манаскіх супольнасцяў Беларусі. Гэта касцёльны орган, які займаецца супрацай паміж манаскімі ордэнамі, піша @christianvision.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства