viasna on patreon

Праваабаронцу Анара Мамедлі пакінулі пад вартай, а Алега Арлова этапавалі ў Сызрань: дайджэст міжнародных навінаў

2024 2024-05-10T14:00:00+0300 2024-05-10T17:53:12+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/mamedly-4.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

"Вясна" падрыхтавала чарговы дайджэст аб пераследзе праваабаронцаў на постсавецкай прасторы і набольш значных парушэннях правоў чалавека.

Суд у Баку пакінуў пад вартай вядомага праваабаронцу Анара Мамедлі

Бакінскі апеляцыйны суд шостага траўня пакінуў пад вартай кіраўніка Цэнтра маніторынгу выбараў і навучання дэмакратыі Анара Мамедлі, праігнараваўшы довады абароны аб неабгрунтаванасці арышту і дапушчаных парушэннях, паведамляе “Каўказкі вузел”.

“Суд адмовіўся задаволіць скаргу на арышт Анара Мамедлі, – пракаментаваў рашэнне адвакат арыштаванага Эльмар Сулейманаў. – Пры абранні меры стрымання ў выглядзе арышту ў дачыненні да Анара Мамедлі быў дапушчаны шэраг парушэнняў закона, якія звычайна не здзяйсняюцца судамі". 

29 красавіка ў Баку быў затрыманы кіраўнік Цэнтра маніторынгу выбараў і вывучэння дэмакратыі (EMDS) і сябра Human Rights House Анар Мамедлі. Паведамлялася, што яго гвалтоўна заштурхалі ў аўтамабіль, затрымалі і цяпер абвінавачваюць у "кантрабандзе групай асоб". Нагадаем, што менавіта паводле такога ж абвінавачвання асудзілі чатырох праваабаронцаў "Вясны" Алеся БяляцкагаВалянціна Стэфановіча,Уладзіміра Лабковіча і Зміцера Салаўёва.

Паведамляецца, што затрыманне Анара рушыла ўслед за мэтанакіраванай паклёпніцкай кампаніяй супраць яго з боку дзяржаўных СМІ і з'яўляецца адплатай за яго незалежную і жыццёва важную дзейнасць па назіранні за выбарамі.

2 сакавіка 2023 года Мамедлі запісаў зварот напярэдадні вынясення прысуду па справе «Вясны» — ён заклікаў вызваліць усіх беларускіх палітвязняў, у тым ліку праваабаронцаў «Вясны».


Amnesty International асуджае жорсткія напады невядомых асоб на крытыкаў ўрада ў Грузіі

Намеснік дырэктара Amnesty International па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі Дзяніс Крывашэеў, рэагуючы на жорсткія напады невядомых асоб на крытыкаў ўрада, якія далучыліся да пратэстаў у Тбілісі, заявіў:

"Рэпрэсіі ў Грузіі супраць тых, хто выступае супраць законапраекта "аб замежным уплыве", цяпер перараслі ў шакавальны гвалт. Спачатку ўлады накіравалі паліцыю для жорсткага разгону пратэстаў супраць рэпрэсіўнага законапраекта. Цяпер бандыты ў цывільным жорстка нападаюць на пратэстоўцаў да і пасля мітынгаў, нават нападаюць на пратэстоўцаў каля іх дамоў. Таксама мае месца запалохванне праціўнікаў урада і іх сем'яў, уключаючы тэлефонныя званкі з пагрозамі і плакаты, якія змяшчаюць паклёп і абразы. Мы занепакоеныя сцвярджэннямі, што ўрадавыя чыноўнікі могуць стаяць за гэтымі дзеяннямі, якія, па-відаць, з'яўляюцца часткай добра арганізаванай кампаніі запалохвання крытыкаў ўрада".

Увечары 8 траўня ў Тбілісі былі зарэгістраваныя тры асобныя напады з ужываннем гвалту на Дзмітрыя Чыкавані, сябра парламента ад апазіцыйнай партыі Анд, Лашу Гвініянідзэ, арганізатара маршаў апазіцыйных байкераў, і Гію Джапарыдзэ, былога дыпламата і ўніверсітэцкага прафесара.

"Грузінскія ўлады павінны распачаць неадкладныя крокі для спынення гэтых гвалтоўных нападаў. Асобы, адказныя за парушэнні правоў чалавека, у тым ліку тыя, хто, магчыма, аддаваў загады паліцыі аб незаконным ужыванні сілы, павінны быць прыцягнутыя да адказнасці і паўстаць перад судом у рамках справядлівага судовага разбору," – заяўляе “Amnesty International”.


Праваабаронцу “Мемарыяла” Алега Арлова этапавалі ў СІЗА Сызрані

Алег Арлоў, былы сябра Рады праваабарончага цэнтра “Мемарыял”, асуджаны на 2,5 гады за “паўторную дыскрэдытацыю войска”, даслаў з Сызранскага СІЗА ліст, у якім распавядае пра вялікую колькасць арыштантаў у маскоўскіх турмах і пра тое, як цяжкія для зняволеных этапы ў суды і назад, піша "Новая газета".

Праваабаронцу этапавалі ў ноч з 11 на 12 красавіка. Прычым пра этап у іншы рэгіён не ведалі ні адвакаты, ні жонка Арлова. Сам праваабаронца перадаў, што яму не паведамілі пра канчатковы пункт маршруту:

“Я і так быў адрэзаны ад значнай часткі навін, а з 12 красавіка адрэзаны цалкам. Зараз я ў СІЗА - 2 Самарскай вобласці. Гэта ў Сызрані. Тут мяне перавялі ў “спецы” –  блок асабліва кантраляваных камер”.

"Ні пра што не шкадую і ні ў чым не раскайваюся"

У Галавінскім судзе Масквы 27 лютага вынесены прысуд вядомаму расийскаму праваабаронцу, сустаршыні цэнтра "Мемарыял" Алегу Арлову.


Больш за 400 тысяч подпісаў пад петыцыяй з патрабаваннем зняць абвінавачванні з кыргызстанскай праваабаронцы 

Актывісты і прыхільнікі Amnesty International сабралі 405 204 подпісы ў падтрымку Рыты Карасартавай, праваабаронцы з Кыргызстана, якой выстаўленыя надуманыя абвінавачванні ў спробе "гвалтоўнага звяржэння ўлады", за што ёй пагражае да 15 гадоў турэмнага зняволення.

Рыта Карасартава – абаронца правоў чалавека і экспертка ў галіне грамадзянскага кіравання з Кыргызстана, кіраўніца няўрадавага Інстытута грамадскага аналізу і ўдзельніца Аб'яднанага дэмакратычнага руху Кыргызстана.

kartasarava-rita.png
Фота:azattyk.org

23 кастрычніка 2022 года яна была арыштаваная разам з іншымі актывістамі і палітыкамі за патрабаванне забяспечыць празрыстасць працэсу паводле новага пагаднення аб дэмаркацыі мяжы з Узбекістанам.

"Колькасць подпісаў, сабраных у падтрымку Рыты, – гэта сведчанне глабальнай падтрымкі і салідарнасці з Рытай і іншымі актывістамі, журналістамі і праваабаронцамі, якія пацярпелі ад палітычных рэпрэсій у Кыргызстане», – заявіла Мэйзі Вайхердынг, даследчыца Amnesty International па Цэнтральнай Азіі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства