Хроніка палітычнага пераследу беларусаў 17 траўня Дапоўнена
У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 17 траўня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Па месцы рэгістрацыі намесніка старшыні БАЖ прыходзілі з ператрусам
17 траўня сілавікі прыходзілі з ператрусам па месцы рэгістрацыі ў Мінску намесніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыса Гарэцкага. Супраць яго заведзеная крымінальная справа, за што – невядома.
"Сілавікі прыходзілі з пастановай на ператрус. Я не ведаю, ці нешта было забрана з кватэры, людзі вельмі напалоханыя і цяпер баяцца камунікаваць. Але ніякіх маіх рэчаў у кватэры няма, бо я вымушана не жыву ў Беларусі ўжо тры гады.
Усё адно гэта вельмі непрыемна. Відавочна, гэта чарговая атака сілавікоў на БАЖ і незалежных журналістаў з мэтай прымусіць нас спыніць важную працу для беларускай аўдыторыі".
У кватэры журналіста-фрылансера Змітра Казакевіча з Віцебску супрацоўнікі КДБ выламалі дзверы, а жыллё апячаталі
Мужчына са жніўня 2021 года не жыве ў Беларусі. У 2020-2021 гадах яго затрымлівалі, дома адбылося тры ператрусы.
Кватэру Змітра супрацоўнікі КДБ апячаталі 16 траўня. Падрабязнасці таго, як гэта адбывалася, Казакевіч распавёў "Радыё Свабодзе".
"Пасля таго, як я выехаў з Беларусі, было ціха. Нібыта. Але 15 траўня „органы“ выпытвалі ў суседзяў, ці жыве хто ў кватэры, ці з'яўляецца нехта там. Недзе ў 6:40 16 траўня туды прыйшлі супрацоўнікі КДБ разам з супрацоўнікамі МНС і пачалі ламаць дзьверы, паднялі на вушы ўвесь дом".
Паводле суразмоўцы, на дзвярах кватэры сілавікі пакінулі паперку: "Опечатано. КГБ. По всем вопросам обращаться в СК Республики Беларусь". Фрылансэр дадаў, што ня ведае, ці быў у кватэры ператрус. Зміцер кажа, што на акцыях салідарнасці за мяжой бываў, але па працы, не як актывіст.
Сілавікі затрымалі сямейную пару за ўдзел у пратэстах
На "пакаяльным відэа" затрыманы мужчына кажа, што працаваў інжынерам і "па родзе дзейнасці валодаў інфармацыяй аб месцы пражывання вышэйшых службовых асоб, у тым ліку кіраўніка дзяржавы". Гэтую інфармацыю ён нібыта пакідаў у чаце "Краіны для жыцця".
Таксама мужчына кажа, што быў адміністратарам дваровага чата і арганізоўваў мерапрыемствы, а таксама выходзіў разам з жонкай на пратэсты. З-за гэтага яго звольнілі і ён быў вымушаны звярнуцца ў ініцыятыву ByHelp па дапамогу.
Леанід Судаленка не мае магчымасці кантактаваць з адвакаткай, якую прызначылі абараняць яго па завочнай крымінальнай справе
Аб гэтым паведаміла "Радыё Свабода".
Між тым працэс над праваабаронцам можа пачацца ў любы дзень. Пры гэтым Судаленка лічыць, што ягонае права на абарону ігнаруецца.
"Фактычна гэта адмова ў прававой абароне. Пасылаю лісты сваёй адвакатцы, званю на яе тэлефонны нумар, званю па Viber, але слухаўкі не бярэ і на лісты, дасланыя па электроннай пошце, не адказвае. Прававая сваволя адносна мяне працягваецца, бо і скаргі выніку не даюць. Адказ, які я атрымаў, проста смешны.
Адвакатка мусіць абараняць мае правы, а значыць, хаця б ведаць маю прававую пазіцыю адносна абвінавачання, мае аргументы. Але яна проста ігнаруе мае звароты, чым, дарэчы, парушае і правілы прафэсійнай этыкі, якія абавязваюць яе ўзгадняць пазіцыю з падабаронным. Таму напісаў скаргу ў Гомельскую абласную калегію адвакатаў і заявіў пра адвод адвакату. Але адводу не прынялі".
Сілавікі затрымалі шматдзетнага бацьку з Брэста за ўдзел у пратэстах
"Медыязона" знайшла старонку затрыманага ў сацсетках, там ён падпісаны як Юры Бутурлакін.
На відэа мужчыну затрымліваюць як мінімум сямёра сілавікоў — некаторыя з іх у абмундзіраванні, некаторыя ў цывільным і з камерамі.
Па якіх менавіта артыкулах затрыманы жыхар Брэста і што з ім зараз — невядома.