viasna on patreon

Затрыманні ў Магілёве, папаўненне "экстрэмісцкага спісу": хроніка пераследу 18 траўня Дапоўнена

2024 2024-05-18T11:57:00+0300 2024-05-18T14:49:48+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/silaviki-babruisk-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 18 траўня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

За ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту затрымалі жанчыну

На «пакаяльным відэа» затрыманую прымусілі сказаць, што яна таксама распаўсюджвала «экстрэмісцкія матэрыялы», пакідала абразлівыя каментары і пісала ў чат-бот «Чорнай кнігі Беларусі».


Супраць гарадзенкі Юліі Сліўко пачалі крымінальную справу

На гарадзенскую грамадскую актывістку, удзельніцу страйкаму «Гроднапрамбуд» Юлію Сліўко завялі новую крымінальную справу.

Як паведамляе "Гарадзенская праваабарона", у Беларусі на яе маёмасць, да якой, па яе словах, яна не мае дачынення, наклалі арышт. Пра гэта яна напісала ў сваім акаўнце сацсеткі Facebook.

Юлія Сліўко напісала наступнае:

“Новая крымінальная справа. Арышт маёмасці, да якой, дарэчы, я не маю аніякага дачынення ад слова зусім. Удых-выдых."

Юлія Сліўко стала кіраўнічкай стачкаму на прадпрыемстве «Гроднапрамбуд» у жніўні 2020 года. Яна з’ехала ў Польшчу пасля пагроз ёй і непаўналетняму сыну. Зараз бярэ ўдзел як кандыдатка ў выбарах у Каардынацыйную раду.


"Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў" папоўніўся тэлеграм-каналам "Андрэй Бука. Думкі ўслых"

Адпаведнае рашэнне прынятае судом Кастрычніцкага раёну Мінска 15 траўня. «Экстрэмісцкім» таксама прызнаны тэлеграм-бот гэтага канала.

Адзначым, што ў вышэй згаданым тэлеграм-канале 3 падпісанты, а апошні пост там быў апублікаваны больш за год таму.


Чарговая крыміналка за абразу пракурорскага работніка

Мінская абласная пракуратура ўзбудзіла крымінальную справу на аўтара абразлівых каментароў на адрас пракурора Мінскага раёна, якія былі пакінутыя Telegram-канале “Дзікае Паляванне Chat” у траўні 2024 года.

Паведамляецца, што справу ўзбудзілі паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса (“Абраза прадстаўніка ўлады”).


За "негатыўныя каментары на адрас расійскіх вайскоўцаў" затрыманы жыхар Магілёва

Беларуса затрымалі за каментары ў падтрымку Украіны — яго "пакаяльнае відэа" знялі на фоне расійскага сцяга і пад песню пра "святую Русь".

Праўладныя тэлеграм-каналы пішуць, што затрыманы жыхар Магілёва пісаў «негатыўныя каментары на адрас расійскіх вайскоўцаў».


Новае затрыманне ў Магілёве

Сілавікі затрымалі жыхара Магілёва за каментары ў інтэрнэце. Праўладныя тэлеграм-каналы сцвярджаюць, што затрыманы напісаў «больш за 7000 негатыўных каментароў з пагрозамі фізічнай расправы ў адрас прадстаўнікоў улады».

Падчас затрымання адзін міліцыянтаў кажа мужчыну, што ён затрыманы паводле артыкулу аб абразе Лукашэнкі (арт. 368 КК).

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства