viasna on patreon

Затрымалі на працоўным месцы: што вядома пра палітзняволенага аператара АНТ Антона Казельскага

2024 2024-05-22T18:10:18+0300 2024-05-23T10:25:53+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kazielski.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Мінскім гарадскім судзе 20 траўня распачаўся суд над 38-гадовым аператарам АНТ Антонам Казельскім. Яго абвінавачваюць паводле ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да санкцыяў і іншых дзеянняў, накіраваных на шкоду нацыянальнай бяспецы), а таксама ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы). На волі Антона чакаюць жонка і чацвёра дзяцей. Былы сукамернік палітвязня, з якім яны разам адбывалі адміністрацыйны арышт на Акрэсціна, распавёў "Вясне" падрабязнасці затрымання Антона.

kazielski.png
Антон Казельскі

Былы арыштант Акрэсціна Сяргей (імя зменена ў мэтах бяспекі) некаторы час у адной камеры знаходзіўся разам з Антонам Казельскім. Паводле Сяргея, аператара АНТ у кастрычніку 2023 года затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіКу наўпрост на працоўным месцы. Вядома, што на момант затрымання жонка палітвязня была цяжарная і неўзабаве нарадзіла чацвёртае дзіця.

Са словаў сукамернікаў, мужчына прапрацаваў на тэлевізіі паўтара года (з 2022 па 2023 год), а потым у яго знайшлі каментары за 2020 год, у якіх ён нібыта заклікаў выходзіць людзей на пратэст.

"З таго, што Антон распавядаў: яго ўзялі за каментары з заклікамі выходзіць на вуліцу. Хоць сам ён нікуды не хадзіў, за што з яго асобна смяяліся сілавікі, маўляў, "канапавы герой".

Прыехаў на працу, здаецца, па званку калегі або непасрэднага начальніка. З апаратурай (відэакамеры, штатывы). Каля офісу яго сустрэў той, хто тэлефанаваў, нічога не патлумачыўшы, паклікаў за сабой і сказаў: "Тэхніку таксама вазьмі". Відаць было, што чалавек баіцца і засмучаны тым, што патэлефанаваў, сустрэў і выпраўляе. Прывялі ў адзін з кабінетаў у офісе. Далей допыт: "пакажы тэлефон" і іншая класіка. Па прыездзе ў РУУС забралі тэхніку і забралі "на захоўванне". Туды — на захоўванне — патрапілі і асабістыя "складаныя тэхнічныя прылады", што менавіта — не памятаю, магчыма, асабісты фотаапарат і ноўтбук. Антон быў засмучаны тым, што чалавек, які выклікаў яго, сказаў узяць апаратуру з машыны з сабой у офіс. АНТшнае абсталяванне, што было пры ім, засталося ў РУУС", — распавядае сукамернік палітвязня.

Сяргей узгадвае, што Антон спрабаваў зрабіць прыемнае сваёй жонцы нават з-за кратаў: "зляпіў ёй кветку з хлеба і спрабаваў яе перадаць на волю".

Пасля адміністрацыйнага арышту Антона перазатрымалі ў межах крымінальнай справы. Цяпер яго абвінавачваюць паводле двух артыкулаў: ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да санкцыяў і іншых дзеянняў, накіраваных на шкоду нацыянальнай бяспецы) і ч. 1 арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы). Суд над ім распачаўся 20 траўня ў Мінскім гарадскім судзе. Справу разглядае суддзя Святлана Макарэвіч.


Падтрымайце Антона грашовымі пераводамі і пасылкамі: 

СІЗА-1. 223016, Навадворскі сельсавет, 143/4, в. Пашковічы, Мінскі раён, Мінская вобласць

Антон Уладзіміравіч Казельскі

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства