viasna on patreon

За "падрыхтоўку дыверсій" у Гродне да 21 і 23 гадоў асудзілі двух мужчын

2024 2024-05-24T16:55:08+0300 2024-05-24T16:55:08+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/pacenka_kulikau.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Гродзенскім абласным судзе з 26 лютага ў закрытым рэжыме за "падрыхтоўку дыверсій" судзілі беларуса Вадзіма Пацэнку і грамадзяніна Расійскай Федэрацыі Аляксея Кулікова. Іх абвінавачвалі агулам па пяці цяжкіх артыкулах Крымінальнага кодэкса, у тым ліку паводле ч. 3 арт. 126 (акт міжнароднага тэрарызму) і арт. 358-1 (агентурная дзейнасць). 11 красавіка Валер Раманоўскі агучыў прысуд. Вадзіма Пацэнку асудзілі да 21 года калоніі, а Аляксея Кулікова — да 23 гадоў зняволення. Апошняе слова Кулікоў вымавіў па-ўкраінску, а Пацэнка заявіў "аб наяўнасці ў яго дзеяннях палітычнай падаплёкі", паведамляюць праўладныя Telegram-каналы, негледзячы на тое, што суд быў закрыты.

pacenka_kulikau.jpeg
Вадзім Пацэнка і Аляксей Кулікоў

Вядома, што 22-гадовы Вадзім Пацэнка родам са Свіслачы, але жыў у Гродне. Вядома, што мужчына займаўся спортам, у тым ліку прадстаўляў родны горад на юніёрскім спартыўным мнагабор'і. Пацэнку затрымалі 3 сакавіка 2023 года. У праўладным фільме "Гаспар не вышел на связь" заявілі, што ён нібыта павінен быў здзейсніць дыверсію ў Гродне. На кадрах допыту ён кажа, што яму "паставілі задачу падарваць нафтабазу з дапамогай дрона і выбухоўкі". Ужо тады заявілі, што яму інкрымінуюць ч. 2 арт. 289 КК (акт тэрарызму). 

Вадзім Пацэнка
Вадзім Пацэнка пасля затрымання. Скрыншот з фільма на АНТ

Грамадзяніну Расійскай Федэрацыі Аляксея Кулікову 36 гадоў. У тым жа праўладным фільме распавялі, што год таму Кулікоў збег ад прызыву, а трапіць у Гродна яму дапамог расейскі апазіцыянер Данііл Крынары (Кавалеўскі). Кулікова затрымалі 26 лютага 2023 года. Па версіі КДБ Аляксей здымаў на фота аб'екты ў Гродне для "ўкраінскіх спецслужб" — ваенкамат Гродна і Гродзенскага раёна, вайсковую частку 41780, нафтабазу раёна Аульс, нафтабазу раёна Дзевятоўка, генконсульства РФ. Кулікову выставілі абвінавачванні паводле ч. 2 арт. 289 (акт тэрарызму) і ч. 2 арт. 126 (акт міжнароднага тэрарызму) Крымінальнага кодэкса.


Вядома толькі, што мужчыны разам працавалі.

Вадзіма Пацэнку і Аляксея Кулікова агулам абвінавацілі па наступных артыкулах Крымінальнага кодэкса:

  • ч. 3 арт. 289 (акт тэрарызму);
  • ч. 3 арт. 126 (акт міжнароднага тэрарызму);
  • арт. 358-1 (агентурная дзейнасць);
  • ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве);
  • ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці).

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства