Новая крымінальная справа супраць Змітра Дашкевіча, ціск на сваякоў палітвязняў: хроніка пераследу беларусаў 25-27 траўня Дапоўнена
У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 25-27 траўня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Паліне Шарэндзе-Панасюк трэці раз выставілі абвінавачванне ў "непадпарадкаванні адміністрацыі калоніі"
Палітзняволеная мусіла выйсці на волю 21 траўня, але за два дні да гэтага яе этапавалі ў СІЗА. Андрэй Шарэнда распавёў "Свабодзе", што ягоную жонку абвінавачваюць паводле арт. 411 КК:
"Цяпер мне дакладна вядома, што яшчэ 19 траўня, перад тым, як вывезці яе з калоніі, туды паклікалі дзяжурнага адваката і ў ягонай прысутнасці зачыталі новае абвінавачанне. І вось ужо тыдзень яна ў гомельскім СІЗА.
Магу толькі дадаць, што ў Паліны цяпер будзе іншы следчы. І яшчэ крыху пра тое, як Паліну рыхтавалі да выстаўлення новага абвінавачання. Пачалі „навешваць“ нібыта парушэнні яшчэ ў красавіку, але іх не хапала, таму скарысталіся парушэннямі з мінулага году. Цяпер усяго парушэнняў у яе ўжо 8. Відаць, разлічваюць, што потым, падчас следства, замяніць старыя парушэньні на "свежыя“. Ціск на яе ўжо пачаўся".
Беларуса затрымалі за каментары ў "Чорнай кнізе Беларусі"
У "пакаяльным відэа" ад 27 траўня затрыманы кажа, што быў падпісаны на "дэструктыўныя каналы", у тым ліку "Чорная кніга Беларусі". А таксама "пісаў паведамленні, якія не адпавядаюць рэчаіснасці" і "звяртаўся ў ЧКБ з радыкальнымі заклікамі".
Як сцвярджаецца ў апісанні пад відэа, супраць яго завялі шэраг крымінальных справаў.
Паводле якіх артыкулаў затрыманы мужчына і яго месцазнаходжанне — пакуль невядомыя.
Чарговы завочны суд супраць актывістаў распачнецца 31 траўня ў Брэсце
У Брэсцкім абласным судзе 31 траўня пачнецца завочны суд адразу супраць 6 чалавек: Андрэя Павука, Вольгі Павук, Маргарыты Ляўчук, Аляксандра Чахоўскага, Іллі Салянкова, Уладзіслава Наважылава.
У справе фігуруе ажно 14 артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці", "здзек над дзяржаўнымі сімваламі", "фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці". Суд будзе праходзіць у закрытым рэжыме пад старшынствам Святланы Крамянеўскай.
Адзначым, што на 31 траўня ў Беларусі прызначаны адразу тры завочныя суды. Таксама ў гэты дзень у Мінску распачнуцца працэсы па "справе аналітыкаў Ціханоўскай" і Франака Вячоркі.
Затрымалі адміністратарку буйнешага чату беларусаў у Турцыі
Тэлеграм-чат "Беларусы ў Турцыі" дыяспары ўваходзіць у сетку чатаў Dzechat. У "пакаяльным відэа" сілавікоў затрыманую прымусілі сказаць, што яна мае чатыры кватэры ў ЖК "Мінск Мір". Таксама дзяўчына кажа, што ў 2020 годзе яна звярталася ў "экстрэмісцкія чат-боты".
Як паведаміў 24 траўня тэлеграм-канал "Мотолько Помоги", "Беларусы ў Турцыі", меракавана, быў захоплены сілавікамі. Адмін чата раптам змяніўся на невядомую асобу, а былым удзельнікам чата пішуць з пагрозамі пераследу крымінальнай справы.
Паводле тг-канала сілавікоў, жанчыну затрымалі за "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" (арт. 361-4 КК). Па гэтым артыкуле ёй пагражае да 6 гадоў пазбаўлення волі.
Сілавікі апублікавалі відэа з затрыманай хірургіняй Алена Церашковай
Як паведаміла "Зеркало", 26 траўня тэлеграм-канал сілавікоў апублікаваў "пакаяльнае" відэа з затрыманай сківічна-тваравай хірургіняй, пісьменніцай, двухразовай чэмпіёнкай Беларусі па тэквандо Аленай Церашковай. У відэароліку яна кажа, што затрымана за ўдзел у пратэсных акцыяй 2020 года. Акрамя таго, жанчыну прымусілі сказаць, што яна гадуе 4 дзяцей і атрымала кватэру як шматдзетная маці.
Дачка палітвязняволенай Алены Гнаук выехала з Беларусі праз крымінальны пераслед
23 студзеня 2024 года, падчас рэйда за салідарнасць з палітвязнямі, да Аляксандры Семянюк прыйшлі сілавікі. Праз дапамогу, якую яна атрымлівала ад DissidentBy, затрымалі і пагражалі крымінальнай справай.
"Мяне пасадзілі на трое сутак у ІЧУ, дзе для ўтрымання "палітычных" створаныя ўмовы, каб зламаць і здушыць чалавека. Увесь гэты час я думала пра маму. Апынуўшыся ў адзіночнай камеры, я сказала пра сябе: "Вы мяне не зламаеце". Гэта дало мне сілы вытрымаць усё, што адбываецца", — кажа Аляксандра.
З трыма дзецьмі яна пакінула Беларусь. Цяпер у новай краіне ёй з дзецьмі давядзецца пачынаць жыццё нанова. На падтрымку сям'і абвешчаны грашовы збор.
Супраць палітвязня Змітра Дашкевіча завялі новую крымінальную справу
Па гэтым артыкуле яго судзяць ужо другі раз.
Як паведаміла 25 траўня на Facebook жонка палітвязня Наста Дашкевіч, Змітру ставяць у віну "злоснае непадпарадкаванне" адміністрацыі калоніі (ч. 2 арт. 411 КК). Па гэтым артыкуле палітвязню пагражае да двух гадоў пазбаўлення волі.
Нагадаем, Змітра Дашкевіча асудзілі летам 2022 года за ўдзел у акцыі пратэстаў на паўтара года калоніі. Восенню 2023 года палітвязня асудзілі паводле арт. 411 КК на адзін год калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.