viasna on patreon

Ліквідацыя грамадскіх аб'яднанняў, пераслед палітвязняў: хроніка пераследу 9-10 чэрвеня Дапоўнена

2024 2024-06-10T14:21:00+0300 2024-06-10T17:29:44+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/abu-bekir-shabanovich.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 9-10 чэрвеня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У Мінску сілавікі затрымалі мужчыну, які ў 2020 годзе быў на акцыі пратэсту

Сілавікі затрымалі мужчыну, які ў 2020 годзе быў на акцыі пратэсту на праспекце Машэрава. Ролік з ім апублікаваў адзін з праўладных тэлеграм-каналаў.

На міліцэйскім відэа мужчына ў чырвонай кофце прадстаўляецца Кірылам і кажа, што 10 жніўня 2020 года быў на праспекце Машэрава «сярод натоўпу мітынгоўцаў» якія «кідалі камяні». Старонка мужчыны "ВКонтакте" да моманту публікацыі відэа выдаленая, піша "Медыязона".


Каля 10 сілавікоў у поўнай амуніцыі і са зброяй прыйшлі затрымліваць жыхара Брэста

Мужчыну абвінавацілі ў тым, што 10 жніўня 2020-га году ён знаходзіўся на праезнай частцы сярод іншых пратэстоўцаў.

У відэа сілавікоў бачны нумар шэрагу буса, на якім яны і прыехалі на затрыманне — АР 5935-1. На гэтым самым бусе затрымлівалі ў сакавіку і жыхара Бярозы.


Следчы камітэт распачаў спецвытворчасць у дачыненні да Генадзя Капітанава

43-гадоваму Генадзю інкрымінаваныя ч. 1 арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці альбо варажнечы), ч. 3 арт. 361 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім), ч. 1 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі), арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады).

Яго збіраюцца судзіць завочна і заклікаюць вярнуцца ў Беларусь і прыйсці ва Упраўленне СК па Мінску.


Назіральніцу за выбарамі 2020-га году Гражыну Гетка адправілі на "суткі"

Гражыну затрымалі ў Бярозаўцы яшчэ 5 чэрвеня. Па інфармацыі праваабаронцаў, жанчыну арыштавалі на 10 сутак. Паводле якога артыкула яе судзілі — невядома.

Гэта ўжо другое затрыманне жанчыны за гэты год — напрыканцы зімы ёй прызначылі 25 сутак арышту.


На Віцебшчыне ліквідавалі грамадскае аб'яднанне каратыстаў

Суддзя Віцебскага абласнога суда Наталля Хількевіч 6 чэрвеня прыняла рашэнне ліквідаваць Віцебскае моладзевае грамадскае аб'яднанне "Клуб баявых мастацтваў "Поспех". Гэтае рашэнне стала магчымым дзякуючы ініцыятыве кіраўніцтва Галоўнага ўпраўлення юстыцыі Віцебскаблвыканкама, піша "Віцебская вясна".

У арганізацыі, якая ў сваіх шэрагах мела каля 80 чальцоў, актыўна развівалі каратэ-до. Сябры «Поспеху» ўдзельнічалі і праводзілі спаборніцтвы рознага маштабу, ім прысвойвалі спартыўныя званні паводле Адзінай спартыўнай класіфікацыі.


Актывіста Яўгена Афнагеля перавялі ў наваполацкую калонію

Палітзняволенага актывіста "Еўрапейскай Беларусі" Яўгена Афнагеля, асуджанага да 7 гадоў калоніі, утрымліваюць за кратамі амаль 3 гады і 9 месяцаў. Ён адбываў тэрмін у наваполацкай калоніі № 1, а потым яму ўзмацнілі рэжым і перавялі ў магілёўскую турму № 4.

Цяпер стала вядома, што па заканчэнні тэрміну турэмнага рэжыму Яўгена зноў перавялі ў Наваполацк. Там яго размеркавалі на працу па ачыстцы кабеля. Вядома, што яго адразу пазбавілі перадачы і спаткання. Акрамя гэтага, ад яго ўжо месяц няма ні лістоў, ні званкоў. Блізкія палітвязня мяркуюць, што яго змясцілі ў ШІЗА.

Нагадаем, за час у зняволенні ў Яўгена сапсаваўся зрок, таму цяпер ён вымушаны насіць акуляры. За кратамі ён шмат чытае і малюе. Вядома, што ў зняволенні на Яўгена аказваецца ціск з боку адміністрацыі папраўчых установаў.

Падтрымайце Яўгена: ПК № 1. 211440, г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8, Яўгену Ігаравічу Афнагелю.


У Паставах арыштаваная і выстаўленая на продаж машына асуджанага за здраду дзяржаве 

Паставах арыштаваны і выстаўлены на продаж аўтамабіль Volkswagen Golf, асуджанага за здраду дзяржаве Валерыя Раманоўскага, піша тэлеграм-канал "Віцебск, я гуляю".

Палітзняволены Валерый Раманоўскі – былы кіраўнік Службы паветранай разведкі, вясной 2023 года яго ў закрытым рэжыме асудзілі па артыкуле аб здрадзе дзяржаве (артыкул 356 КК). Вынік суда невядомы.


Улады хочуць ліквідаваць аб'яднанне татараў, якое ўзначальвае муфтый Беларусі

18 чэрвеня Мінскі гарадскі суд разгледзіць пазоў Мінюста з патрабаваннем ліквідаваць Беларускае грамадскае аб'яднанне татараў "Зікр ульт-Кітаб”, піша “Позірк".

Афіцыйна арганізацыя ў Беларусі працуе з 1993 года. Старшынёй "Зікр уль-Кітаб" з'яўляецца муфтый Абу-Бекір Шабановіч, які з 2005 года ўзначальвае мусульманскае рэлігійнае аб'яднанне.

У 2017 годзе Лукашэнка ўзнагародзіў яго прэміяй «За духоўнае адраджэнне».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства