viasna on patreon

Працягваецца ціск у зняволенні: агляд навінаў пра палітвязняў з 23 траўня па 14 чэрвеня

2024 2024-06-14T17:20:45+0300 2024-06-17T12:29:22+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/rabochyruh_sud90.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Больш за тры з паловай гады ў Беларусі сілавікі бесперапынна ладзяць масавыя рэпрэсіі. Амаль штотыднёва ў краіне павялічваецца колькасць палітзняволеных, а праваабаронцы кожны дзень атрымліваюць інфармацыю пра ўтрыманне вязняў у жудасных умовах, пра ціск на іх з боку адміністрацыі ўстановаў, а таксама пра пагаршэнне здароўя палітвязняў у зняволенні. "Вясна" распавядае апошнія навіны пра палітвязняў.

Палітвязнямі за мінулыя тыдні былі прызнаныя 48 чалавек. На дадзены момант у спісе палітзняволеных налічваецца 1407 чалавек. Акрамя гэтага, праваабаронцы даведаліся, што адбылі тэрміны і выйшлі на волю 34 палітвязні, у тым ліку Яўген Мерунко, Аляксандр Іваноў, Ілля Бохан, Юрый Томашаў, Галіна Кавалёва, Ігар Вінакураў, Вольга Барушка, Дзяніс Дзейкун.

Таксама праваабаронцы даведаліся пра прысуды па палітычна матываваных справах шасці палітзняволеным:

Палітвязня Аляксандра Францкевіча будуць судзіць за "злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі" 

Аляксандр Францкевіч. Радыё Свабода

Аляксандр — актывіст анархісцкага руху і фігурант справы «Рэвалюцыйнага дзеяння», асуджаны да 16 гадоў і 9 месяцаў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.

Адбываць тэрмін палітвязня спачатку накіравалі ў івацэвіцкую калонію № 5, але пазней перавялі ў ваўкавыскую ПК-11. Па інфармацыі праваабаронцаў, з верасня 2023 года Аляксандра змясцілі ў ПКТ на паўгода, а таксама неаднаразова змяшчалі ў ШІЗА.

Супраць Аляксандра ўзбуджана крымінальная справа паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабавання адміністрацыі калоніі). Палітвязень да гэта часу знаходзіцца ў ПКТ.

Палітвязня Акіхіру Гаеўскага-Ханаду змясцілі ў ПКТ на чатыры месяцы

Акіхіра Гаеўскі-Ханада на вынясенні прысуду 6 верасня 2022 года

Нагадаем, актывіст анархісцкага руху ўтрымліваецца за кратамі ўжо амаль чатыры гады. У Мінгарсудзе 6 верасня 2022 года яму прысудзілі 16 гадоў калоніі.

28 лютага 2023 года Вярхоўным судзе ў закрытым рэжыме адбыўся разгляд апеляцыйных скаргаў. Судовая калегія пад старшынствам суддзі Аляксея Рыбакова скараціла тэрмін палітвязня на тры месяцы. Такім чынам, канчатковы тэрмін зняволення Акіхіра — 15 гадоў і 9 месяцаў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Актывіста Яўгена Афнагеля перавялі ў наваполацкую калонію. З ім ужо месяц няма сувязі

Яўген Афнагель

Палітзняволенага актывіста «Еўрапейскай Беларусі», асуджанага да сямі гадоў калоніі, утрымліваюць за кратамі амаль чатыры гады. Ён адбываў тэрмін у наваполацкай калоніі № 1, а потым яму ўзмацнілі рэжым і перавялі ў магілёўскую турму № 4.

Цяпер стала вядома, што па заканчэнні тэрміну турэмнага рэжыму Яўгена зноў перавялі ў Наваполацк. Там яго размеркавалі на працу па ачыстцы кабеля. Вядома, што яго адразу пазбавілі перадачы і спаткання. Акрамя гэтага, ад яго ўжо месяц няма ні лістоў, ні званкоў. Блізкія палітвязня мяркуюць, што яго змясцілі ў ШІЗА.

Нагадаем, за час у зняволенні ў Яўгена сапсаваўся зрок, таму цяпер ён вымушаны насіць акуляры. За кратамі ён шмат чытае і малюе. Вядома, што ў зняволенні на Яўгена аказваецца ціск з боку адміністрацыі папраўчых установаў.

Палітвязня Сяргея Дзяцука затрымалі па вызваленні з калоніі па новай крымінальнай справе

39-гадовага Сяргея затрымалі ў сакавіку 2021 года. Тады сілавікі прыйшлі затрымліваць яго маці, хацелі адабраць яе тэлефон. На абарону маці стаў яе сын Сяргей. У выніку яго абвінавацілі ў "гвалце альбо пагрозе прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў" (арт. 364 КК). Мужчыне прызначылі тры гады калоніі. Тэрмін ён адбываў у барысаўскай калоніі № 14. 

Па інфармацыі "Гомельскай Вясны", Сяргей мусіў выйсці на волю па заканчэнні тэрміну ў сакавіку 2024 года. Але адразу па выхадзе яго затрымалі ў межах новай крымінальнай справы па арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі).

20 чэрвеня ў судзе Барысаўскага раёна пачнецца суд над Сяргеем. Справу будзе разглядаць суддзя Людміла Зінкевіч.

Дзянісу Дзікуну дадалі два гады калоніі па новай крымінальнай справе. Ён падаў апеляцыйную скаргу

Дзяніс Дзікун

У судзе Горацкага раёна 25 сакавіка вынеслі прысуд палітзняволенаму Дзянісу Дзікуну. Яго абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі). Суддзя Наталля Фамічова прызначыла яму яшчэ два гады зняволення ў дадатак да 23 гадоў пазбаўлення волі. Палітвязень абскардзіў рашэнне суда.

У Магілёўскім абласным судзе 18 чэрвеня адбыўся разгляд апеляцыйнай скаргі Дзяніса. Рашэнне прымала судовая калегія пад старшынствам суддзі Сяргея Каралёва.

Палітвязня Юрыя Касцюка збіраюцца пераводзіць на турэмны рэжым

Юрый Касцюк

Юрыя, якога восенню 2022 года таемна вывезлі з Расіі ў Беларусь, асудзілі да 4 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Пяць месяцаў ён утрымліваўся ў расійскім следчым ізалятары, яшчэ тры месяцы — у беларускім.

Касцюка абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Паводле версіі абвінавачвання, Юрый дапамагаў іншым палітвязням: папрасіў знаёмых адкрыць польскую банкаўскую картку, куды атрымліваў грошы ад BYSOL і By_help, якія пасля накіроўваў сваякам палітвязняў. Грошы на дапамогу атрымліваў ад «арганізацый, якія пазіцыянавалі сабе як праваабарончыя». Сам Юрый на судзе віну не прызнаў і адмовіўся даваць паказанні.

У Оршы 27 траўня адбыўся суд па замене палітвязню рэжыма ўтрымання на турэмны. Рашэнне прымала суддзя Іна Кохава, але вынік невядомы.

Палітвязню Аляксандру Гашнікаву хочуць узмацніць пакаранне

Аляксандр Гашнікаў, Сяргей Дзюба

Аляксандр — супрацоўнік Беларускага металургічнага завода ў Жлобіне. 

Яго затрымалі 18 верасня 2021 года па справе "Рабочага руху". Гэтая ініцыятыва 21 верасня 2021 года была прызнаная экстрэмісцкай, і адначасова па краіне прайшлі затрыманні рабочых.

У Гомельскім абласным судзе 17 лютага 2023 года суддзя Аляксандр Піскуноў прызнаў Аляксандра вінаватым паводле ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве), ч. 3 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і ўдзел у ім) і прызначыў яму 14 гадоў зняволення. Палітвязень адбывае свой тэрмін у наваполацкай калоніі № 1. 

У судзе Наваполацка 28 траўня разгледзелі справу аб узмацненні палітвязню рэжыма ўтрымання. Па рашэнні суддзі Віталя Лапко Аляксандра могуць перавесці на турэмны рэжым. Вынік суда пакуль невядомы.

Ігара Аліневіча нядаўна змяшчалі ў ШІЗА, а Сяргей Раманаў адбыў паўгода ў ПКТ

Дзмітрый Дубоўскі, Ігар Аліневіч, Дзмітрый Рэзановіч і Сяргей Раманаў у судзе. Фота Ганны Няфёдавай

Напачатку траўня Сяргей Раманаў выйшаў з ПКТ, дзе правёў паўгода. Адміністрацыя горацкай калоніі блакуе ліставанне, таму ад палітвязня не даходзяць лісты і малюнкі. Таксама вядома, што напачатку траўня Аліневіча ў чарговы раз змяшчалі ў штрафны ізалятар.

Паведамляецца, што амаль няма ніякай інфармацыі і пра Дзмітрыя Дубоўскага.

Нагадаем, 22 снежня 2021 года Мінскі абласны суд прызначыў Аліневічу і Раманаву — па 20 гадоў калоніі; Рэзановічу — 19 гадоў калоніі; Дубоўскаму — 18 гадоў калоніі. Суд з першага пасяджэння адбываўся ў закрытым рэжыме.

Паліне Шарэндзе-Панасюк трэці раз выставілі абвінавачванне ў "непадпарадкаванні адміністрацыі калоніі"

Палітзняволеная мусіла выйсці на волю 21 траўня, але за два дні да гэтага яе этапавалі ў СІЗА. Андрэй Шарэнда распавёў "Свабодзе", што ягоную жонку абвінавачваюць паводле арт. 411 КК:

"Цяпер мне дакладна вядома, што яшчэ 19 траўня, перад тым, як вывезці яе з калоніі, туды паклікалі дзяжурнага адваката і ў ягонай прысутнасці зачыталі новае абвінавачанне. І вось ужо тыдзень яна ў гомельскім СІЗА.

Магу толькі дадаць, што ў Паліны цяпер будзе іншы следчы. І яшчэ крыху пра тое, як Паліну рыхтавалі да выстаўлення новага абвінавачання. Пачалі „навешваць“ нібыта парушэнні яшчэ ў красавіку, але іх не хапала, таму скарысталіся парушэннямі з мінулага году. Цяпер усяго парушэнняў у яе ўжо 8. Відаць, разлічваюць, што потым, падчас следства, замяніць старыя парушэнні на "свежыя“. Ціск на яе ўжо пачаўся".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства