Заява аб прызнанні 15 чалавек палітычнымі зняволенымі
Сумесная заява праваабарончай кааліцыі
19 чэрвеня 2024 г.
Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, адзначаем:
- улады злоўжываюць магчымасцямі крымінальнага заканадаўства ды ўжываюць да пратэстоўцаў, іншадумцаў празмерна жорсткія меры адказнасці за ўчыненне дзеянняў, што не пацягнулі цяжкіх наступстваў, і што часта маюць відавочныя рысы штучна справакаваных. У прыватнасці, кваліфікацыя дзеянняў як тэрарызму загадзя не адпавядае таму, што, у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі, павінна згодна з Заявай праваабарончай супольнасці ад 18 кастрычніка 2022 года ўкладвацца ў гэтае паняцце. Парушэнне пры гэтым прынцыпаў справядлівага правасуддзя, у тым ліку – прэзумпцыі невінаватасці ды права на абарону, гарантый, прадугледжаных у міжнародным праве для непаўналетніх і асоб, супраць якіх ужываецца затрыманне, пагаршаюць адвольны характар пераследу
- утрыманне пад вартай у адсутнасць дастатковых падстаў для ўжывання меры стрымання, што абмяжоўвае асабістую свабоду насуперак заснаванай на нормах міжнароднага права пазіцыі Камітэта па правах чалавека ААН, якое стала ў сучаснай Беларусі агульнай практыкай; у адпаведнасці з Заявай праваабарончай супольнасці ад 6 верасня 2021 года гэты фактар з'яўляецца падставай для патрабавання перагледзець прынятыя ў дачыненні да іх меры і працэсуальныя рашэнні пры захаванні права на справядлівае разбіральніцтва;
- суды маюць права не дапускаць усю публіку або частку яе згодна з меркаваннямі маралі, грамадскага парадку або дзяржаўнай бяспекі ў дэмакратычным грамадстве або калі таго патрабуюць інтарэсы прыватнага жыцця бакоў, або ў асаблівых абставінах, калі публічнасць парушала б інтарэсы правасуддзя. У выпадку адсутнасці такіх выключных абставін разгляд павінен быць адкрытым для шырокай публікі, уключна з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі; нават у тых выпадках, калі публіка пазбаўленая доступу на судовае разбіральніцтва, судовая пастанова, уключна з асноўнымі высновамі, доказамі ды прававой аргументацыяй, мусіць быць аддадзена галоснасці. Парушэнне гэтага правіла, згодна з пазіцыяй, выкладзенай у Заяве праваабарончай супольнасці ад 22 снежня 2021 года, дае падставу патрабаваць перагляду прысуду пры ліквідацыі фактараў, што паўплывалі на яго;
- крымінальная адказнасць за распальванне іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы (арт. 130 КК) следствам і судамі селектыўна і дыскрымінацыйна ўжываецца выключна для абароны інстытутаў улады, прычым вылучэнне прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, дзяржаўных служачых, вайскоўцаў і да т. п. у якасці сацыяльных груп, што падпадаюць пад абарону ў гэтым кантэксце, нам уяўляецца неабгрунтаваным;
- дыспазіцыя артыкула 356 КК (здрада дзяржаве) сфармуляваная няпэўна, дапускае пашыральнае тлумачэнне, што з 2020 года на практыцы цягне адвольнае асуджэнне грамадзян, якія не замахваліся на нацыянальную бяспеку – у тым сэнсе, які ўкладваецца ў гэтае паняцце ў дэмакратычных дзяржавах; у сувязі з гэтым на дзяржаве ляжыць абавязак даказаць грамадскую небяспеку дзеі з няўхільным выкананнем працэсуальных гарантый;
- непрапарцыйна жорсткія дзеянні міліцыі, накіраваныя на спыненне мірных сходаў, нельга разглядаць як законную дзейнасць па абароне і ахове грамадскага парадку, а ў выпадках ужывання ў дачыненні да прадстаўнікоў МУС справакаванага імі ж гвалту "у адказ" з боку пратэстоўцаў, гэтыя дзеянні неабходна разглядаць зыходзячы з цяжару нанесенай шкоды здароўю і намеру на нанясенне такой шкоды, а таксама як абарону ад відавочна неправамоцных дзеянняў супрацоўнікаў праваахоўных органаў якія дзейнічалі ў тым ліку па незаконным загадзе (неабходная абарона, крайняя неабходнасць).
У сувязі з гэтым неабходна нагадаць, што любыя дапушчальныя абмежаванні, якія накладаюцца на асноўныя правы і свабоды, павінны быць "неабходныя ў дэмакратычным грамадстве". У сілу гэтага абмежавання павінны быць неабходнымі і прапарцыйнымі ва ўмовах грамадства, заснаванага на дэмакратыі, вяршэнстве права, палітычным плюралізме ды правах чалавека. Яны мусяць таксама быць найменш абмежавальнымі з ліку тых захадаў, якія маглі б забяспечыць адпаведную ахоўную функцыю. У іншым выпадку ўмяшанне дзяржавы, у тым ліку ў форме крымінальнага пераследу за парушэнне нацыянальнага закона, будзе азначаць парушэнне правоў чалавека.
Так, праваабаронцам вядома пра асуджэнне
Аляксея Навагродскага ў закрытым судовым пасяджэнні на тэрыторыі папраўчай установы паводле ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве) да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
Яўгена Гурыновіча ў закрытым судовым пасяджэнні на тэрыторыі папраўчай установы паводле арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім), арт. 130 (распальванне варожасці або варажнечы), арт. 356 (здрада дзяржаве), арт. 352 (неправамернае завалоданне кампутарнай інфармацыяй), арт. 203-1 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных звестках), арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
Яўгена Блахінскага паводле ч. 1 арт. 293 КК (арганізацыя масавых беспарадкаў), арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак), арт. 368 (абраза Лукашэнкі), арт. 130 КК (распальванне варожасці або варажнечы) за каментары ў сетцы Інтэрнэт да сямі гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
Андрэя Кобеля ў закрытым судовым пасяджэнні паводле ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве) да дзевяці гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
Томаша Бярозы, грамадзяніна Рэспублікі Польшча, у закрытым судовым пасяджэнні паводле арт. 358 (шпіянаж), 358-1 КК (агентурная дзейнасць) да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
Дзяніса Жалязко ў закрытым судовым пасяджэнні паводле ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы), арт. 188 (паклёп), ч. 3 арт. 203-1 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных); ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх); ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці); ч. 2 арт. 367 (паклёп у дачыненні да Лукашэнкі), ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі); арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады); арт. 369-1 КК (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь);
Алены Раманаўскене ў закрытым судовым пасяджэнні паводле 358-1 КК (агентурная дзейнасць) да шасці гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
Анатоля Кірэйчыка ў закрытым судовым пасяджэнні паводле арт. 188 (паклёп), арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады), арт. 391 (абраза суддзі альбо народнага засядальніка) і ч. 2 арт. 295 КК (за незаконнае захоўванне боепрыпасаў) да трох гадоў шасці месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
Артура Радзівановіча паводле ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 361-3 КК (удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеянняў, вярбоўка альбо падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу) за намер далучыцца да Беларускага добраахвотніцкага падраздзялення ў складзе Узброеных сіл Украіны да двух гадоў 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
Андрэя Шулганава паводле арт. 368 (абраза Лукашэнкі), арт. 130 КК (распальванне варожасці або варажнечы) да двух гадоў 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
а таксама працяглым утрыманні пад вартай Эдуарда Кашэцяна, Уладзіміра Алісіевіча, Андрэя Валахановіча паводле ч. 3 арт. 130 (распальванне варожасці або варажнечы), арт. 369-1 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь), ч. 3 арт. 130-1 (рэабілітацыя нацызму), ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі).
Таксама вядома аб асуджэнні Ягора Ібрагімава паводле арт. 364 (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў), 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) за ўдзел у мірны пратэстах і супраціў іх брутальнаму разгону сілавымі структурамі да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
Дзмітрыя Кушалевіча паводле арт. 366 ч. 1 (гвалт альбо пагроза гвалтам у дачыненні да службовай асобы, што выконвае службовыя абавязкі, іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак, ч. 2 арт. 367 (паклёп у дачыненні да Лукашэнкі), ч. 2 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі) за крытычныя каментары ў сетцы Інтэрнэт да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.
Крымінальныя захады ў дачыненні да ўсіх абвінавачаных прынятыя з грубымі парушэннямі прынцыпаў справядлівага суда і працэсуальных правоў абвінавачаных, у адсутнасць незалежнасці і аб'ектыўнасці суда, ва ўмовах паўсюднага ігнаравання судамі заяў аб парушэннях, ужыванні катаванняў і жорсткага, бесчалавечнага, зневажальнага абыходжання, у адсутнасць сапраўднай спаборнасці бакоў ды бесстаронняй ацэнкі доказаў.
Ацэньваючы ўсе гэтыя выпадкі, мы бачым палітычны матыў пераследу абвінавачаных. Мы лічым, што працэсуальныя меры і судовыя рашэнні прынятыя па палітычных матывах у парушэнне асноватворных прынцыпаў справядлівага правасуддзя.
У чарговы раз падкрэсліваем, што характар дзеянняў абвінавачаных быў следствам сістэматычных, шырока распаўсюджаных парушэнняў правоў чалавека, адсутнасці магчымасці свабоднага выказвання меркавання, быў выкліканы адсутнасцю расследавання злачынстваў у дачыненні да мірных пратэстоўцаў ды іншых ахвяр жорсткага абыходжання і катаванняў, расчараваннем у здольнасці ўладаў выкарыстоўваць сілу закона для абароны парушаных правоў грамадзян, адсутнасцю справядлівага суда і ўмоў для дэмакратычнай і канстытуцыйнай змены ўлады на сапраўдных выбарах.
Мы ў чарговы раз нагадваем, што разгляд палітычна матываваных крымінальных спраў у закрытым або ў фактычна закрытым судовым пасяджэнні, у адсутнасць публікі, назіральнікаў і незалежнай прэсы, у створанай уладамі абстаноўцы нецярпімасці да дзейнасці праваабарончых арганізацый ды праваабаронцаў і незалежных журналістаў груба парушае працэсуальныя правы абвінавачаных і крытычна дыскрэдытуе ацэнку дакладнасці, дастатковасці і дапушчальнасці якіх бы там ні было доказаў абвінавачвання. Таксама дыскрэдытуе судовы працэс грубае парушэнне прэзумпцыі невінаватасці.
У адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", палітычным зняволеным з'яўляецца асоба, пазбаўленая волі, калі пры наяўнасці палітычных матываў яго пераследу мае месца хоць бы адзін з наступных фактараў:
- a) пазбаўленне волі было ўжытае ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабод, гарантаваных пактам або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;
- d) асоба пазбаўлена волі выбарча ў параўнанні з іншымі асобамі.
Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, заяўляем аб прызнанні палітычнымі зняволенымі Аляксея Навагродскага, Яўгена Гурыновіча, Яўгена Блахінскага, Андрэя Кобеля, Томаша Бярозы, Дзяніса Жалязко, Алены Раманаўскене, Анатоля Кірэйчыка, Артура Радзівановіча, Андрэя Шулганава, Эдуарда Кашэцяна, Уладзіміра Алісіевіча, Андрэя Валахановіча, Ягора Ібрагімава, Дзмітрыя Кушалевіча. Мы патрабуем ад уладаў Беларусі:
- перагледзець вынесеныя ў дачыненні да названых палітвязняў прысуды пры захаванні права на справядлівае разбіральніцтва і ліквідацыі фактараў, якія паўплывалі на кваліфікацыю дзей, выгляд і памер пакарання;
- вызваліць названых палітвязняў, ужыўшы іншыя меры для забеспячэння іх яўкі ў суд;
- неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, перагледзець палітычна матываваныя меры стрымання і прысуды ды спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
Офіс па правах людзей з інваліднасцю;
Беларускі ПЭН;
Прававая ініцыятыва.