Хроніка пераследу 20 чэрвеня
У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 20 чэрвеня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Затрыманы выкладчык мінскага ўніверсітэта
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што мужчыну затрымалі ў ягоны дзень народзінаў — 20 чэрвеня яму споўнілася 32 гады.
У «пакаяльным відэа» выкладчыка прымусілі сказаць, што ён нібыта адправіў у «Чорную кнігу Беларусі» інфармацыю пра супрацоўніка АМАПа і аднаго з выкладчыкаў.
Палітвязня Руслана Волкава могуць перавесці на турэмны рэжым
Руслана Волкава затрымалі 4 чэрвеня 2021 года ў Іўеўскім раёне пры спробе перасекчы беларуска-літоўскую мяжу, каб перабрацца ў Еўрасаюз. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў "масавых беспарадках" (арт. 293 КК) у Брэсце ў жніўні 2020 года.
8 лістапада 2021 года ў судзе Ленінскага раёна Брэста Руслану прызначылі 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Тэрмін палітвязень адбывае ў наваполацкай калоніі № 1.
Стала вядома, што 1 ліпеня ў Наваполацку адбудзецца суд па замене Руслану рэжыма ўтрымання на турэмны. Рашэнне будзе прымаць суддзя Віталь Лапко.
Падтрымайце палітвязня: ПК № 1. 211440, г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8, Руслан Ісаевіч Волкаў