viasna on patreon

Больш за 15 палітвязняў вызвалілі па амністыі і памілаванні, сярод іх — Рыгор Кастусёў Дапоўнена

2024 2024-07-05T18:30:00+0300 2024-07-05T16:09:36+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/ryhor-kastusiou-21.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Другога ліпеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў Закон "Аб амністыі ў сувязі з 80-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў". Ён, як і папярэднія падобныя законы, не прадугледжвае палёгкі для асобаў, "датычных да экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці". Але тым не менш, некалькі палітычных зняволеных усё ж вызвалілі з месцаў няволі. Па стане на 5 ліпеня праваабаронцам "Вясны" дакладна вядома пра 18 палітзняволеных, якія трэцяга ліпеня выйшлі на волю. Сярод іх — чатыры жанчыны і 14 мужчын, у тым ліку асуджаны да 10 гадоў калоніі і хворы на анкалогію Рыгор Кастусёў. Па інфармацыі "Вясны", частка палітвязняў выйшлі па памілаванні, а не па амністыі. Праваабаронцы падтрымліваюць інфармацыйную цішыню для бяспекі вязняў, таму пакуль не публікуюць прозвішчы астатніх вызваленых.

Рыгор Кастусёў
Рыгор Кастусёў

Тое, што палітзняволены Рыгор Кастусёў выйшаў на волю па амністыі, праваабаронцам пацвердзілі сваякі палітвязня. 67-гадовага старшыню Партыі БНФ Рыгора Кастусёва ўтрымлівалі за кратамі больш за тры гады. Яго асудзілі да 10 гадоў калоніі. У зняволенні ў палітвязня абвастрыліся праблемы са здароўем — у яго выявілі анказахворванне.

Інфармацыя пра іншых вызваленых правяраецца і ўдакладняецца.

Калі вам вядома пра людзей, якія выйшлі 3 ліпеня па амністыі і памілаванні, калі ласка, паведамляйце праваабаронцам.

Нагадаем, 2 ліпеня Аляксандр Лукашэнка ў сваёй афіцыйнай прамове анансаваў вызваленне некаторых палітвязняў:

"Не здзіўляйцеся, калі праз некалькі дзён на волю выйдуць вельмі цяжкахворыя, як пішуць, нашы, якія не паспелі збегчы і знаходзяцца ў месцах на такіх аддаленых, якія ламалі і разбурылі краіну ў 2020 годзе. Але гэта, сапраўды, цяжкахворыя. У асноўным, з ракавымі захворваннямі".

Дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства