Затрыманне адміністратара чата і сястры "каліноўца": хроніка пераследу 9-10 ліпеня Дапоўнена
У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 9-10 ліпеня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Беларуса затрымалі з-за татуіроўкі з "Пагоняй"
На "пакаяльным видэа" ад 10 ліпеня затрыманы кажа, што раней прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за "несанкцыянаванае пікетаванне", і што абавязваецца звесці татуіроўкі.
Індывідуальнага прадпрымальніка з Гродна затрымалі за ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту
На "пакаяльным відэа" ад 10 ліпеня мужчына кажа, што яго затрымлівалі 10 жніўня 2020-га году і "далі папярэджанне", аднак ён усё роўна прымаў удзел у маршах.
Вядома, што затрыманы займаецца вырабам мэблі.
Падчас "хапуна" на рок-канцэрце пад Пінскам затрымалі сястру "каліноўца" Кірыла Іванова
Пра гэта паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы.
Нагадаем, восьмага ліпеня стала вядома, што сілавікі ўварваліся ў намётавы лагер пад Пінскам, дзе моладзь сабралася на рок-канцэрт, і затрымалі 11 чалавек. ГУБАЗіК сцвярджаў, што гэта нібыта была "сходка неапаганцаў-нацыстаў і нефармалаў-сатаністаў".
За татуіроўку "АСАВ" затрымалі жыхара Жабінкі
На адкрытай старонцы хлопца ў Instagram была сторыс з падзякай за гэтае тату.
Паводле папярэдняй інфармацыі, затрыманы — Ілля Крывалевіч.
Па вяртанні ў Беларусь затрымалі адміністратара чатаў "Беларусы ў Партугаліі" і "Беларусы на Мадэйры"
На "пакаяльным відэа" мужчына кажа, што з 2019 году жыве ў Партугаліі, але часам прыязджае ў Беларусь да сваёй маці. Яго прымусілі таксама сказаць, што ён пакідаў негатыўныя каментары пра міліцыянтаў і уладу, і што ў Партугаліі "вельмі шмат праблем".
Паводле інфармацыі "Медыязоны", затрыманы — Дзмітрый Герко.