"Ставілі на расцяжку і білі па нагах". Былы палітвязень распавёў пра калонію № 17 і пераслед пасля вызвалення
49-гадовы Генадзь Смірноў з Ляхавіч прабыў у зняволенні практычна два з паловай гады. Пакаранне за ўлёткі ды "супраціў пры затрыманні" мужчына адбываў у шклоўскай калоніі № 17, дзе на спазнаў ціск: 109 дзён запар яго ўтрымлівалі ў адзіночнай камеры, таксама адміністрацыя некалькі разоў збівала мужчыну. Палітвязень на знак пратэсту некалькі разоў абвяшчаў галадоўку. Але пасля вызвалення ў снежні 2023 года ціск на мужчыну не скончыўся — на волі яго тройчы затрымлівалі паводле адміністрацыйных справаў. У лютым 2024 года мужчына адбываў 15 сутак арышту ў ляхавіцкім ІЧУ, умовы якога ён назваў больш бесчалавечнымі, чым ШІЗА ў калоніі. Пасля чарговага затрымання мужчына разам са сваім сынам — былым палітвязнем Вячаславам — быў вымушаны пакінуць Беларусь, каб зноў не патрапіць за краты. Генадзь распавёў "Вясне" пра катаванні холадам і збіццё ў шклоўскай калоніі, пра пераслед пасля вызвалення і пра тое, як праходзіць адпрацоўка грамадскіх работ у Беларусі.
У кастрычніку 2021 года Генадзю Смірнову ды яго сыну Вячаславу вынеслі прысуд: два з паловай гады калоніі і два гады "хіміі" адпаведна. Іх абвінавацілі ў "абразе Лукашэнкі" ва ўлётках (ч.1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса), а Генадзя — яшчэ і ў "супраціве супрацоўніку органаў унутраных спраў" (ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса). У снежні 2023 года бацька і сын выйшлі на волю, цалкам адбыўшы свае тэрміны.
Пакаранне мужчына адбываў у ПК-17 у Шклове. Першы час пасля пераводу ва ўстанову Генадзь мог наведваць клуб і гуляць у шахматы. Пазней многія палітвязні былі пазбаўленыя такой магчымасці. Адміністрацыя калоніі сачыла, каб палітвязні паміж сабой не размаўлялі. Акрамя гэтага, практычна ўсіх палітычных у шклоўскай калоніі прызнаюць "злоснымі парушальнікамі рэжыму".
"Мяне ставілі на расцяжку і білі па нагах"
Са словаў Генадзя, пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну адміністрацыя шклоўскай калоніі пачала блакаваць палітвязням перапіску з усімі акрамя сваякоў, а ў некаторых выпадках нават з імі.
У траўні 2022 года ў калоніі супраць былога палітвязня ўжывалі фізічную сілу:
"Я не рабіў даклады, як яны хацелі, і даводзіў, што незаконна асуджаны. За гэта мяне ставілі на расцяжку і білі па нагах. Спачатку начальнік, а потым яго першы намеснік. Гэта доўжылася два дні, а на трэці прыйшоў іншы супрацоўнік і сказаў: "Цяпер ты тут ляжаш". Я тады ўжо ішоў на ўсё, сказаў ім: "Трэба будзе — лягу". Я тады быў на галадоўцы. Адмаўляўся ад усяго: прыборак, дакладаў. Я проста пайшоў на прынцып".
"У адзіночнай камеры я правёў 109 сутак"
За час зняволення ў калоніі Генадзя ўтрымлівалі некалькі месяцаў у ШІЗА і ПКТ:
"У суме ў адзіночнай камеры я правёў 109 сутак з 2 лістапада 2022 года па 19 лютага 2023 года. Быў момант, што мяне 10 дзён трымалі ў маразільнай камеры. А да гэтага з 2 па 29 лістапада практычна не кармілі — давалі лыжку ежы. Бярэш міску, а там няма на што глядзець. Напрыканцы месяца, ужо ў ПКТ, мне дазволілі атаварку паложаную на адну базавую. Але атаварылі мяне не цалкам — замест 32 рублёў на 20.
У выніку я адмовіўся ад гэтай атаваркі. За гэта мяне вывелі на поўны шмон. Бакавым зрокам заўважыў, што мяне вядуць галавой прама ў металічны тарэц дзвярны, на хуткасці. Я ледзь прытармазіў, але разбіў ззаду галаву. Была шышка, кроў, але не так страшна, як, калі б я не прытармазіў".
Катаванні холадам у ШІЗА
Камеры ШІЗА і ПКТ, са словаў былога палітвязня, знаходзяцца ў асобным будынку.
"Пасля гэтага мяне зноў перавялі ў ШІЗА без матраца і рэчаў. Тады быў ужо снежань, прыкладна -15 градусаў на вуліцы. Мяне 10 дзён і дзевяць начэй трымалі з адкрытым акном на вуліцу і адкрытым акном над дзвярыма. Быў суцэльны скразняк усе 10 сутак. Батарэі грэлі, але якая ад іх карысць? Я атрымаў апёкі на руках і нагах, таму што трымаўся за гарачыя батарэі, а нагрэцца ніяк не мог. Там я практычна не спаў.
Ноччу там усё нямела ад холаду. На дошкі ляжаш і адчуваеш, як усё цяпло сыходзіць у тыя дошкі. У ШІЗА забіраюць рэчы, напрыклад, нават майку з рукавом. Тады даюць тонкі "кліфт" з надпісам "ШІЗА" на голае цела".
У знак пратэсту супраць такіх умоваў утрымання мужчына абвясціў сухую галадоўку, якую змог пратрымаць два дні. Па словах Генадзя, даўжэй знаходзіцца без ежы і вады ён не змог, таму што папярэдні месяц яго амаль не кармілі.
"Я гляджу, што ў мяне ўжо і кроў у мачы, і жоўць згусткамі са слінай выходзіць. Я паглядзеў, што арганізм не вытрымлівае, і праз два дні вырашыў спыняць.
Медычны персанал прыходзіў і правяраў мой стан. На ПКТ я сеў прастылы. Мне тады далі толькі адну таблетку. Самі разумееце, там трэба прапіваць курс таблетак мінімум трое сутак. Я тады неяк справіўся, а праз тыдзень зноў захварэў. Тады мне ўжо далі тры таблеткі.
На суткі 70-я я ўжо холаду не адчуваў. Бывала, пасля душа вядуць на вуліцу на мароз, пакуль камера ўся цалкам праветрывалася. Я вяртаюся ў камеру, а самі супрацоўнікі мне: "Гена, ты напэўна ўжо не мерзнеш". Некаторым хлопцам гэта цяжка давалася. Казалі, што тры дні і больш не вытрымліваюць, страшна туды трапляць".
Паўла Белавуса некалькі разоў адпраўлялі ў ШІЗА
Генадзь распавёў пра палітвязняў, з якім перасякаўся ў калоніі:
"Паша Севярынец перад тым, як яго адправілі на крытую, таксама там сядзеў некаторы час. З Паўлам Белавусам у сталовай мы сядзелі за суседнімі сталамі. Асабліва не размаўлялі. Ён быў у атрадзе з Севярынцам. Пару разоў яго садзілі на ШІЗА, але ненадоўга — на пару сутак.
Яшчэ быў пенсіянер Вячаслаў Арэшка. Ён не хадзіў на промку. Яму было вельмі цяжка, не паспяваў нічога, нават паесці ў сталовай. А калі ўлічыць, што ўсе палітычныя спяць на другім ярусе, то кожны раз туды залезці яму..."
"Кладуць тварам уніз, рукі за галаву"
Мужчына ўспамінае, што незадоўга да яго вызвалення ў калоніі з'явіліся "новаўвядзенні", якія з'яўляюцца дадатковай формай ціску на зняволеных.
"Калі мяне перад вызваленнем зноў пасадзілі ў ШІЗА, я там перасекся з Генадзем Драздовым. Раней такога не было, а цяпер, калі абвяшчаюць пра ШІЗА, адразу два кантралёры заломваюць рукі і галавой уніз адводзяць ледзь не на каленях у "рэжымку", кладуць тварам уніз, рукі за галаву, ногі шырока рассоўваюць.
І вось паклалі са мной Генадзя. Ён сказаў ім, што ў яго было два інсульты, дрэнна сябе адчувае. А яны, як на злое, ногі рассоўваюць шырэй, яго нагу накідваюць на маю, каб нязручна было ляжаць. Такое вось стаўленне да людзей".
Акрамя гэтага, людзей, якіх адпраўляюць у памяшканне камернага тыпу (ПКТ), прымушаюць стаяць па некалькі гадзін каля сцяны падчас таго, як грае музыка.
"Бывае яшчэ, што ў ПКТ людзі стаяць па тры з паловай гадзіны тварам да сцяны. У час сняданкаў, абедаў і вячэраў уключаецца музыка, а зняволеныя ў гэты момант мусяць стаяць тварам да сцяны з рукамі на сцяне.
Потым адкрываецца "кармушка", даюць ежу, паеў, посуд памыў, паставіў і зноў становішся да сцяны. І так тройчы ў дзень. Я засякаў: дакладна паўтары гадзіны стаіш увогуле за ўвесь дзень, але было і па тры з паловай гадзіны".
"Зуб у выніку разбурыўся"
Генадзь успамінае, што практычна кожны дзень медычныя супрацоўнікі калоніі правяраюць стан здароўя зняволеных у ШІЗА. Былы зняволены мяркуе, што гэта звязана са смерцю актывіста Вітольда Ашурка, які памёр ад спынення сэрца 21 траўня 2021 года проста ў калоніі.
"У калоніі ёсць толькі адзін зубны лекар. Я змог патрапіць туды толькі адзін раз. Мне паклалі лекі і ўсё. Зуб у выніку разбурыўся".
"Прэсінг пачаўся ўжо на волі"
Пасля вызвалення з калоніі ціск з боку прадстаўнікоў улады на Генадзя і яго сына не спыніўся.
"Я да апошняга не верыў, што магу вызваліцца. Думаў, што мяне закрыюць зноў паводле арт. 411 КК. Але мне далі толькі два гады прэвентыўнага нагляду. Калі выйшаў, прэсінг пачаўся ўжо на волі. Я паспеў пасядзець тры разы. Першы раз пасля двух сутак у ІЧУ мне далі 60 гадзін грамадскіх работ. Другі раз я пасядзеў суткі, а потым мне далі тры базавыя.
А на трэці раз я паехаў у Брэст рабіць візу, а мне нельга было выязджаць. Мы з сынам на свой страх і рызыку ў аўторак паехалі, усюды ездзілі на таксі, каб не мільгаць нідзе. А па серадах мы хадзілі адзначацца. І вось прыходжу, а ў мяне інспектары пытаюцца, што мы рабілі ў Баранавічах у такі час. А мы тады, каб не трапіцца супрацоўнікам міліцыі ўжо на вакзале, прайшлі прама і трапілі на нейкую камеру відэаназірання на ўваходзе. І вось мне паказалі фота з намі, а я ж не скажу, што гэта не я. Ну і мне надзелі кайданкі прама ў кабінеце і адправілі ў камеру.
На заўтра павезлі на суд і далі 15 сутак. Маёр Андрэй Чаранкевіч, які нядаўна памёр, прыехаў у суд, каб даказаць, што гэта я быў на вакзале. І на судзе прама сказаў, што калі б я падпісваў што-небудзь, то атрымаў бы менш. А я прынцыпова не падпісваў. У мяне ў калоніі было 30 парушэнняў. Я ні разу не пісаў тлумачальныя прынцыпова".
"У ІЧУ цяпер нават горш, чым у ШІЗА"
Былы палітвязень, які ў пачатку года правёў некалькі тыдняў у ІЧУ Ляхавічаў, параўнаў умовы ўтрымання з умовамі ў штрафным ізалятары калоніі.
"У ІЧУ цяпер нават горш, чым у ШІЗА. Не даюць абсалютна нічога. Я ім тлумачу, што ніяк інакш, чым "генацыд", гэта не назваць. Таму што нават у ШІЗА даюць ручнік, мыла, пасту, зубную шчотку. Няма матрацаў, ноччу будзяць, кожны дзень новая камера, па два разы на дзень апранаюць кайданкі падчас шмонаў, падсаджвалі псіхаў".
Як праходзіць адпрацоўка грамадскіх работ
Грамадскія працы — досыць распаўсюджаная практыка пакарання за адміністрацыйныя правапарушэнні. Генадзь распавёў, як на практыцы праходзіць адпрацоўка пакарання ў Беларусі.
"Суддзя прызначыла мне 60 гадзін грамадскіх работ. Рашэнне пайшло на райвыканкам. Прайшоў некаторы час і мяне выклікалі, склалі нейкія паперы і адправілі на камунгас. Там у аддзеле кадраў мяне адправілі ў брыгаду.
Там мы, напрыклад, дровы грузілі ў прычэп, калі па горадзе прайшла абрэзка дрэў. Хтосьці прыбіраў смецце па горадзе. Прыбіралі каля бардзюраў, саскрабалі зямлю. Аднойчы нават забівалі ямы на дарозе асфальтам. Пакуль мы працавалі, прыязджалі майстры і кантралявалі працэс.
Працаваў па восем гадзін прыкладна паўтара тыдня. На працу я хадзіў, як і ўсе, наведваў планёркі. Пасля заканчэння я прыйшоў у аддзел кадраў, там мне сказалі, што ўсе паперы і справаздачы пададуць у райвыканкам.
Калі я адпрацоўваў гэтыя гадзіны, то яны рады былі, таму што працаваць няма каму".
Пасля апошняга арышту ў Генадзя заставалася адно парушэнне, пасля якога б яго зноў адправілі ў калонію за парушэнне "прэвентыўнага нагляду". Таму Генадзь разам з Вячаславам прынялі рашэнне з'язджаць з краіны. Бацьку і сыну прыйшлося пакінуць дом, сабаку і катоў.