Затрыманне адміністратара чата і ўладальніка кавярні: хроніка пераследу 20-22 ліпеня Дапоўнена
У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 20-22 ліпеня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Жыхара Брэста затрымалі за ўдзел у паслявыбарчай акцыі пратэсту
На "пакаяльным відэа" ад 22 ліпеня мужчына кажа, што 10 жніўня 2020-га году быў сярод мітынгоўцаў, якія "перакрывалі праезную частку, лаяліся і кідалі палкі ў праваахоўнікаў".
"Экстрэмісцкай" прызналі instagram-старонку палітвязня Уладзіслава Савіна — ён знаходзіцца за кратамі ўжо больш за 3 гады
Адпаведнае рашэнне прынятае судом Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці 12 ліпеня.
На старонку падпісаныя больш за 5300 чалавек, на ёй размешчаны асабістыя фотаздымкі Уладзіслава, у тым ліку з пратэстаў, а таксама вершы палітвязня.
Мужчыну затрымалі за ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту
На "пакаяльным відэа" ад 22 ліпеня мужчына кажа, што "ішоў у калоне, выкрыкваў пратэсныя лозунгі і фатаграфаваўся на дарозе".
ГУБАЗіК затрымаў адміністратара чата "Чат Бурдейного"
На "пакаяльным відэа" ад 22 ліпеня мужчына кажа, што з'яўляецца дырэктарам прыватнага прадпрыемства і ў 2020-ым годзе наведваў акцыі пратэсту. Таксама ён з'яўляўся адміністратарам раённага чату "Чат Бурдейного".
Адзначым, што на дадзены момант у чаце змянілі аватарку, а ад імя адміністратара там публікуюцца прапагандысцкія навіны.
У Лідзе затрымалі ўладальніка кавярні "Тутака"
Пра гэта паведамілі 20 ліпеня праўладныя тэлеграм-каналы.
Сцвярджаецца, што прычына затрымання — распаўсюд "экстрэмісцкіх матэрыялаў".