Інфаграфіка: чатыры гады масавых рэпрэсій
За чатыры гады з пачатку выбарчай кампаніі 2020 года ў Беларусі не спыніліся рэпрэсіі, наадварот — сітуацыя крытычна пагоршылася. Кожны дзень па ўсёй краіне працягваюцца адвольныя затрыманні. Ператрусы, праверкі тэлефонаў, жорсткае абыходжанне пасля затрымання, жудасныя ўмовы ўтрымання ў месцах зняволення, збіванні і катаванні сталі штодзённай рэчаіснасцю беларусаў. Наўпрост цяпер у зняволенні ўтрымліваюцца не менш за 1 385 палітзняволеных. Сярод іх — шматдзетныя маці, пенсіянеры, студэнты, лекары, праваабаронцы, журналісты, настаўнікі і іншыя прадстаўнікі беларускага грамадства. "Вясна" ў лічбах распавядае пра сітуацыю з масавымі рэпрэсіямі за чатыры гады.
За чатыры гады з прычыны палітычнага пераследу было затрымана каля 65 тысяч чалавек.
За чатыры гады зафіксавана больш за 74 тысячы фактаў рэпрэсій: ператрусаў, каротка- і доўгатэрміновых затрыманняў, допытаў і інш.
За чатыры гады колькасць палітвязняў вырасла ў 55,5 разы: 9 жніўня 2020 году іх было 25, сёння — 1385. Больш за 2000 чалавек ужо маюць статус былых палітвязняў.
Вядома пра мінімум 6971 фігуранта крымінальных справаў.
1140 палітвязняў адбылі ў месцах няволі свае тэрміны цалкам.
Пяцёра грамадзянаў Украіны былі вызваленыя па абмене. Так на волі апынуліся Наталля Захаранка, Павел Купрыенка, Людміла Ганчарэнка, Кацярына Бруханава, а таксама фігурант "справы дыверсіі ў Мачулішчах" Мікалай Швец. 51 чалавек вызвалены па амністыі і памілаванні. 2 ліпеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў Закон "Аб амністыі ў сувязі з 80-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў". Ён, як і папярэднія падобныя законы, не прадугледжвае палёгкі для асобаў, "датычных да экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці". Але тым не менш, некаторых палітычных зняволеных усё ж вызвалілі з месцаў няволі.
Рыка Крыгер асуджаны да смяротнага пакарання і памілаваны. Прысуд 29-гадоваму супрацоўніку "Нямецкага Чырвонага крыжа" Рыка Крыгеру (Rico Krieger) быў вынесены ў Мінскім абласным судзе 24 чэрвеня. У Беларусі яго абвінавацілі паводле шасці цяжкіх і асабліва цяжкіх артыкулах Крымінальнага кодэкса, сярод якіх — "акт тэрарызму" (ч. 3 арт. 289 КК).
Мінімум 2671 чалавек асуджаны за ўдзел у акцыях пратэсту (паводле ч. 2 арт. 293 і арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
Шасцёра палітвязняў памерлі за кратамі. Гэта Аляксандр Кулініч, Ігар Леднік, Вадзім Храсько, Алесь Пушкін, Мікалай Клімовіч, Вітольд Ашурак.
Пяцёра чалавек загінулі падчас пратэстаў і затрыманняў. Гэта Аляксандр Віхор, Аляксандр Тарайкоўскі, Генадзь Шутаў, Раман Бандарэнка і Андрэй Зельцар.
Ніводнай крымінальнай справы не было ўзбуджана па катаваннях і фактах смерцяў пратэстоўцаў і палітвязняў.
Шасцёра праваабаронцаў знаходзяцца ў няволі. Гэта старшыня "Вясны" Алесь Бяляцкі, яго намеснік Валянцін Стэфановіч, юрыст арганізацыі Уладзімір Лабковіч, каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны" Марфа Рабкова, валанцёр "Вясны" Андрэй Чапюк. Таксама за кратамі знаходзіцца праваабаронца Наста Лойка.
114 завочных крымінальных справаў узбуджана супраць беларусаў.
Мінімум 268 палітвязняў знаходзіцца ў асаблівай рызыцы за кратамі. Сярод іх — 19 чалавек з інваліднасцю, 103 чалавекі ў цяжкім стане здароўя, 63 сталыя чалавекі, чый узрост перавышае 60 гадоў (шмат хто з іх мае вялікія праблемы са здароўем), а таксама дзесяць чалавек з ментальнымі разладамі. 23 маладзёны былі затрыманыя непаўнагадовымі, сярод палітзняволеных — 39 шматдзетных маці і бацькоў. Вядома мінімум пра пяць сямей, дзе абодва бацькі знаходзяцца за кратамі.
Не менш за 1325 жанчын асудзілі паводле крымінальных справаў. 179 з іх цяпер утрымліваюцца ў месцах няволі. 435 маюць статус былых палітзняволеных пасля СІЗА і калоній.