viasna on patreon

"Куды ты прападала". Як экс-палітвязень у новым СІЗА-1 пісаў вершы для наглядчыцы

2024 2024-08-13T14:30:00+0300 2024-08-14T10:12:53+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/newsiza1.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Былога палітзняволенага з Мінску Міхаіла (імя зменена ў мэтах бяспекі) выпадкова затрымалі напачатку 2024 года, як незалежнага назіральніка за прэзідэнцкімі выбарамі 2025 года. Пазней у яго знайшлі здымкі з акцый пратэсту і асудзілі па "народным" артыкуле на некалькі гадоў "хатняй хіміі". Хлопец вырашыў не адбываць пакаранне і з’ехаў за мяжу.

Міхаіл распавёў "Вясне", як яго сукамернік заляцаўся да наглядчыцы ў СІЗА, а Міхаіл пісаў для яе вершы, пра свае найгоршыя "суткі" у карцары ІЧУ, а таксама чаму Валадарка лепшая за Калядзічы.

 "Кдбшнікі пыталі, ці я маю кантакты з вясноўцамі"

Сёлета да Міхаіла прыйшлі супрацоўнікі КДБ па "справе Вясны" з пытаннямі пра прэзідэнцкія выбары ў 2025 годзе. Нібы хлопец зарэгістраваўся на іх незалежным назіральнікам. Спачатку яму прызначылі адміністрацыйны арышт, а пасля завялі крымінальную справу паводле арт. 342 за ўдзел у пратэсных акцыях.

"Насамрэч, я не рэгістраваўся назіральнікам. Проста актыўна ўдзельнічаў ва ўсіх маршах, у сябе на раёне раскідваў у паштовыя скрыні пратэсныя газеты. Кдбшнікі пыталі, ці я маю кантакты з вясноўцамі, ці ведаю, што яны прызнаныя "экстрэмістамі". Здаецца, сілавікі проста правяралі ўсіх па спісе. Ужо ў ІЧУ на Акрэсціна і пазней у СІЗА я сустрэў незалежных назіральнікаў за выбарамі 2020 года".

У ізалятары Міхаіл змяніў некалькі камер. Адна з іх была № 23 і называлася "Ібіца". У ёй было вельмі спякотна, не было выцяжкі.

"Калі нас туды перавялі, першае, што мы ўбачылі – шмат мужыкоў у адных майтках, так там было душна і спякотна. На чатыры нары нас было 14-16 чалавек. На ніжніх ярусах мы спалі ў позе валет. Таксама людзі спалі на "бары", на лаўках і падлозе". 

У адзіночнай камеры 12 чалавек і туалет без фіранкі. Самыя горшыя суткі

Пасля адбыцця адміністрацыйнага арышту Міхаіла перазатрымалі ў межах крымінальнай справы. У яго на кампутары знайшлі фотаздымкі з пратэснай акцыі восенню 2020 года. Да пераводу ў СІЗА хлопец дзесяць сутак правёў у карцары на Акрэсціна. Ён называе гэты час, як самыя горшыя суткі ў сваім жыцці.

"Карцар – гэта "адзіночка", але нас там заўсёды было шэсць і болей чалавек. Максімальна было 12 зняволеных. Камера была два крокі ў шырыню і пяць-шэсць у даўжыню. Нара, прысцёгнутая да сцяны і туалет-дзірка без фіранкі. Мы планавалі спаць па чарзе, але зразумелі, што гэта нязручна. Людзі спалі паўседзячы максімальна ўпрытык".

З пяці месяцаў пад вартай чатыры Міхаіл хварэў на прастуду. Усё з-за дрэнных умоваў утрымання, кажа ён.

Вокны камеры былі на ўзроўні асфальту

siza-1-na-valadarskaha.jpg
Будынак старога СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага

Міхаіл сядзеў у падвальнай камеры. Гэта адна з найвялікшых камер на Валадарцы – 26 нар, кажа суразмоўца. Максімальна там утрымлівалі 31 чалавека.

"Пасля карцара камера на Валадарцы ўспрымалася як дзіцячая казка. Былі перадачы, лісты, хоць нейкія кнігі. Нармалёвая ежа ў перадачах ад родных.

Але вокны камеры былі на ўзроўні асфальту, адпаведна увесь пыл у бруд з вуліцы ляцеў да нас. Бракавала свежага паветра, было шмат курыльшчыкаў. Нават калі ўсе выходзілі на прагулку, памяшканне не паспявала праветрыцца. Ты падыходзіш падыхаць да вакна і не заўсёды разумееш, ці свежае паветра".

У СІЗА на Валадарскага Міхаіл правёў да канца красавіка 2024 года, пасля чаго ўсіх зняволеных перавялі ў новае СІЗА ў пасёлку Калядзічы пад Мінскам, а стары ізалятар закрылі.

"У новы ізалятар ехалі калонай аўтазакаў. Прыймалі нас чатыры-пяць супрацоўнікаў і адзін сабака. Было бачна, што персанала моцна бракуе. Як мы з вязнямі пазней даведаліся, палова складу Валадаркі не захацелі працягваць працу ў Калядзічах. Наколькі я зразумеў, у іх заробкі засталіся тыя ж, а месца працы перамясцілася з цэнтру Мінска за МКАД".

"На Акрэсціна перасоўваўся толькі ў позе “ластаўка"

Міхаіл параўноўвае новае СІЗА з ізалятарам на Акрэсціна, і кажа, што ў Калядзічах супрацоўнікам было ўсё роўна, палітычны ў цябе артыкул ці не.

"На Акрэсціна я перасоўваўся толькі ў позе "ластаўка". Стаўленне прадольных і ўсіх астатніх супрацоўнікаў было проста нечалавечае. Асабліва гідотнае стаўленне было з боку супрацоўніц. Адна з іх хацела ўключыць нам ноччу дзяржаўны гімн і прамовы "чыкчырыка" (Лукашэнкі – заўв. рэд.), але ў яе не атрымалася. Ноччу яна вельмі крэатыўна ставілася да пераклічак, якія былі а другой і чацвёртай гадзіне ночы: падыміце руку, падпрыгніце, падыйдзіце да "кармушкі", нахіліцеся.

У СІЗА такога не было. Па-першае, не было толькі палітычных камер, усе вязні сядзелі ў разнабой. Не абмяжоўвалі лісты і перадачы праз палітычны артыкул", – параўноўвае суразмоўца.

Калядзічы – гэта чатыры Валадаркі або дзве жодзінскія турмы

Будынак СІЗА-1 у Калядзічах
Будынак СІЗА-1 у Калядзічах

Супрацоўнікі СІЗА расказалі вязням, што новае СІЗА разлічана на 4000 чалавек. Міхаіл кажа, што па колькасці месцаў яго можна параўнаць з чатырма СІЗА на Валадарцы разам з буйной камерай “Шанхай”.  Або з дзвюма жодзінскімі турмамі, кажа Міхаіл.

Недахоп супрацоўнікаў адбіваўся на працы СІЗА. Так, сняданак паводле раскладу пачынаецца а восьмай раніцы, а яго маглі прынесці а дзявятай гадзіне. Лекар прыходзіў наўпрост у камеру, бо не было, каму суправадзіць вязня ў медчастку. Супрацоўнікі выхаваўчага аддзелу вымушаныя былі працаваць у якасці прадольных.

Камеры ў Калядзічах былі даволі прасторныя, кажа Міхаіл. Асабліва гэта адчувалася пасля паўпадвальнай камеры на 26 чалавек на Валадарцы. У Калядзічах колькасць месцаў адпавядала колькасці вязняў.

Рэжым – горш, умовы – лепш

Міхаіл кажа, што з пераводам у новае СІЗА у разы пагоршыўся рэжым, затое троху палепшыліся ўмовы.

"На Валадарцы можна было спаць гадзінамі, бо там усім было ўсё роўна і не было відэакамер. Але там было вельмі дрэннае паветра, не было вентыляцыі. У Калядзічах з’явілася гарачая вада ў камеры, што вельмі дапамагло. Але там горшыя матрасы і нары. Ты там спіш на жалезных ложках. Калі атрымліваеш доступ да тых элементарных рэчаў, якіх быў пазбаўлены працяглы час, то спачатку моцна радуешся. Але калі надзіральнікі пачынаюць пастаянна цябе дзяўбсці без прычыны – ўся радасць праходзіць. Гэта моцна прыгнечвае".  

Да таго ж у камерах новага СІЗА раз на тыдзень ладзілі вобшукі, якіх у старым СІЗА амаль не было, узгадвае былы палітвязень.

Разважаючы, у якім СІЗА было лягчэй, Міхаіл кажа, што на Валадарцы. Бо там была магчымасць спаць днём без пакарання. А гарачую ваду, якая з’явілася ў кране ў новым СІЗА, можна заўсёды нагрэць кіпяцільнікам.

"Калі ў камеры няма чым заняцца, няма нармалёвых кніг, калі целек толькі і робіць, што прамывае табе мазгі, то лепш, канешне, легчы паспаць, каб хоць неяк скараціць час".

"Не правакуйце аператара відэакамеры". Болей відэакамер – болей рапартаў

Маладая прадольная, з якой камунікаваў Міхаіл, распавяла, што з пераводам у новае СІЗА вязням пачалі выпісваць значна больш рапартаў, чым на Валадарцы.

У старым СІЗА, у камерах без відэаназірання вязні прызвычаіліся спаць днём. У Калядзічах усталявалі шмат відэакамер, з’явілася магчымасць адсочваць усе "парушэнні". Адпаведна, адразу падвысілася і колькасць рапартаў, кажа Міхаіл.

"Прадольная нам так і казала: "Не правакуйце аператара відэакамеры. Нават калі вы проста сядзіцё да камеры спіною, надзіральніку можа падасца, што вы спіце, і выпішуць парушэнне”. Было бачна, што ёй самой гэта не падабаецца".

За месяц, які Міхаіл прабыў у Калядзічах, на яго напісалі два рапарты за сон днём. А за чатыры месяцы на Валадарцы – толькі адзін рапарт, кажа Міхаіл.

Падобная сітуацыя была з паленнем ноччу пасля адбою, распавядае суразмоўца. На Валадарцы яно афіцыйна было забаронена, але вязні не прыцягваючы асаблівай увагі ўсё роўна палілі. У Калядзічах старая звычка адразу трапляла на відэакамеру, і мужчынам выпісвалі рапарты.

"Куды ты прападала". Як палітвязень пісаў вершы для наглядчыцы

verszy_3_loha.jpg
Вершы Міхаіла, якія ён пісаў наглядчыцы. Фота з асабістага архіву суразмоўцы

Адной з супрацоўніц СІЗА спадабаўся непалітычны сукамернік Міхаіла. Гэта быў хлопец з дзіцячага дому, якому прысудзілі два гады за нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Падчас агляду вязень жартаваў з наглядчыцай, што можа патрымаць зламаныя дзверцы “кармушкі”, на што наглядчыца адказвала: “Патрымайце лепш маю нагу”, пасля чаго абое смяяліся. Міхаіл яшчэ на Валадарцы пачаў пісаць вершы. Як ён кажа, "нарды і шахматы надакучылі". Ягоны сукамернік дамовіўся з Міхаілам, што будзе перадаваць вершы для наглядчыцы ад свайго імя. 

"Яна вадзіла таго вязня на суд. Ён яе пытаў: "Куды ты прападала". Здаецца, яна нават пакінула яму свой нумар тэлефону", – распавядае суразмоўца.

Міхаіл кажа, што на Валадарцы ў яго была думка самому перадаць вершы прадольнай. Ва ўмовах зняволення гэта было забаўна і смешна, кажа былы палітвязень. Але яму забараніў гэта рабіць “старшы па камеры”, бо асцерагаўся пагаршэння стаўлення з боку адміністрацыі СІЗА.

Нельга паліць ноччу, нельга ляжаць, нельга спаць

Падчас пастраення ў калідоры СІЗА Міхаіл бачыў інфармацыйныя стэнды, на якіх былі пазначаныя спартовыя залі і малітоўныя пакоі. Але вязням ніколі не казалі, што ў іх ёсць такая магчымасць, і адпаведна іх туды не вадзілі, кажа суразмоўца.

"Адзінае, аб чым нам пастаянна нагадвалі: нельга паліць ноччу, нельга ляжаць, нельга спаць. Ані пра якія спартовыя залі нам не казалі. Магчыма, у іх займаюцца самі супрацоўнікі ізалятара".

Кнігі ў новае СІЗА перавезлі з Валадаркі яшчэ да пераводу вязняў. Даволі доўга іх не ўпарадкоўвалі, у камеру прыносілі ў адвольным парадку, а не тыя, якія заказвалі вязні.

"Я, напрыклад, чытаў там "Казіно "Палм Біч", хоць і не замаўляў яе. Калі мы папрасілі спіс кніг з бібліятэкі, каб зрабіць замову, нам сказалі: "Чакайце, мы яшчэ не расставілі кнігі". Нам прапанавалі напісаць заяву ў вольнай форме, а нам прынясуць тыя кнігі, якія яны самі палічаць патрэбнымі".

Сілавікі пыталі ў маці, куды падзеўся ейны сын

У выніку Міхаіла асудзілі паводле арт. 342 КК на 2,5 гады "хатняй хіміі". Па вызваленні ён адразу вырашыў з’язджаць за мяжу. Пасля ад’ездзу да ягонай маці дамоў прыходзілі сілавікі і пыталі, куды падзеўся ейны сын. Пазней інспектар пісаў хлопцу ў Тэлеграм і пагражаў аб’явіць у вышук, калі той не вернецца. Цяпер Міхаіл знаходзіцца ў бяспечным месцы і ўладкоўваецца ў новай краіне.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства