Інструктара па краў-мазе завочна асудзілі да шасці гадоў калоніі і буйнога штрафу
14 жніўня 2024 году ў Мінскім гарадскім судзе ў межах спецвытворчасці вынесены прысуд Генадзю Капітанаву. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады), арт. 368 (абраза Лукашэнкі), арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці і варажнечы), ч. 3 арт. 361 (заклікі да санкцыяў) Крымінальнага кодэксу і асудзілі да шасці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Таксама ён мусіць выплаціць штраф у памеры 600 базавых велічыняў — 24 тысячы рублёў.
Канчатковае пакаранне Генадзя складзеная шляхам частковага складання асноўных пакаранняў і поўнага далучэння дадатковых. Паводле арт. 369 КК яго асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі і штрафа ў сто базавых велічыняў (4 тысячы рублёў). Паводле арт. 369 КК яго пакаралі пазбаўленнем волі тэрмінам у тры гады. Паводле ч. 1 арт. 130 КК — двума гадамі пазбаўлення волі. Таксама яму прысудзілі чатыры гады пазбаўлення волі і штраф у памеры 500 базавых велічыняў (20 тысяч рублёў) паводле ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэксу.
Прысуд агучыла суддзя Алена Ананіч.
Генадзь — атэставаны інструктар па краў-мага (распрацаваная ў Ізраілі вайсковая сістэма рукапашнага бою) са стажам заняткаў больш за 10 гадоў. Ён быў адным з двух беларускіх спартсменаў, якія ўдзельнічалі ў першым афіцыйным чэмпіянаце свету па спартыўным кірунку адзінаборства ў 2017 годзе ў Ізраілі, а таксама быў суддзёй першых спаборніцтваў па краў-мага ў Мінску ў 2019 годзе.