55-гадоваму бізнэсмену прысудзілі тры гады калоніі за данаты і пратэсты
Стала вядома, што 6 траўня 2024 году 55-гадоваму бізнэсоўцу Ягору Волкаву прысудзілі тры гады пазбаўлення волі ў калоніі. Яго абвінавацілі ў ахвяраванні і ўдзеле ў мірным сходзе паводле арт. 361-2 (фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання) і арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) Крымінальнага кодэксу.
Прысуд вынесла суддзя Тамара Унукевіч у Мінскім гарадскім судзе. Іншыя акалічнасці справы невядомыя, як і дата затрымання Волкава.
Ягору Волкаву 55 гадоў. Ён мінчук, вучыўся ў 50-й школе. Пасля скончыў Мінскі радыётэхнічны інстытут (цяпер — Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі). З 1990-х Волкаў пачаў займацца бізнэсам. Вядома, што яго сфера — гэта грузаперавозкі, у тым ліку вадкіх грузаў. Бізнэс мужчыны даволі буйны, аўтапарк яго фірмы — да сотні грузавых аўто.