Валанцёра "Вясны" Андрэя Чапюка змясцілі ў ШІЗА за дзень да спаткання з бацькамі
Палітвязень Андрэй Чапюк з сакавіка 2023 года адбывае тэрмін у івацэвіцкай калоніі № 22. Паводле "Вясны", 16 жніўня ў Андрэя мусіла адбыцца спатканне з бацькамі ў калоніі, але 14 жніўня яго на 10 дзён змясцілі ў штрафны ізалятар. Прычынай стала "парушэнне формы адзення". Вязням у ШІЗА забараняюцца працяглыя і кароткатэрміновыя спатканні, таму невядома, калі Андрэй зможа пабачыцца з бацькамі ў наступны раз.
Нагадаем, у верасні 2022 годувынеслі прысуд адразу дзесяці палітзняволеным, у тым ліку каардынатарцы Валанцёрскай службы "Вясны" Марфе Рабковай і валанцёру Андрэю Чапюку. Палітвязню прысудзілі шэсць гадоў калоніі.
Яго абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 13 ч. 2 арт. 293 КК (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках), ч. 2 арт. 285 (удзел у злачыннай арганізацыі), ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), арт. 341 КККК (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці — за графіці супраць Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе). На судзе Андрэй выступіў з моцным апошнім словам.
Пазней Вярхоўны суд скараціў яму тэрмін на тры месяцы — да пяці гадоў і дзевяці месяцаў зняволення.
Вясноўцам Марфе — 15 гадоў калоніі, Андрэю — 6: агучаны прысуды адразу дзесяці палітзняволеным
Месца ўтрымання Андрэя:
ПК № 22. 225295, Брэсцкая вобласць, г. Івацэвічы, ст. Даманава, а/с 20