Затрыманне святара, ціск на палітвязня і папаўненне "спіса экстрэмістаў": хроніка пераследу 17-19 жніўня
У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 17-19 жніўня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Знікла сувязь з фігурантам "справы Ціханоўскага" Аляксандрам Арановічам
Па інфармацыі "Краіны для жыцця", з Аляксандрам ужо два месяцы няма ніякай сувязі. Верагодна, ён знаходзіцца ў ШІЗА за адмову падпісваць прашэнне аб памілаванні.
Нагадаем, Аляксандр — удзельнік каманды "Страна для жизни", разам з камандай ездзіў па рэгіёнах Беларусі на брэндаваным аўтадоме. Жыў горадзе Старыя Дарогі. Ездзіў на заробкі ў Расію, да 2020 года працаваў кіроўцам.
Яго абвінавацілі ў "арганізацыі дзеянняў, што груба парушылі грамадскі парадак" (арт. 342 КК) і "падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках" (п. 13 ч. 2 арт. 293 КК) за захоўванне на гарышчы дома ў сваіх бацькоў старой дымавой шашкі. 27 красавіка 2021 года суд прызначыў яму 6 гадоў калоніі. Пазней палітвязню ўзмацнілі пакаранне і перавялі ў магілёўскую турму.
Пасля размовы ў чат-рулетцы затрымалі мінчука
Мужчына паразмаўляў з украінскім блогерам Rusha Goodbye пра сітуацыю ў Беларусі. Дома ў затрыманага знайшлі нацыянальны сцяг і медаль "23.34". Прозвішча затрыманага высвятляецца.
Затрыманы ксёндз Павел Ярашэвіч
Святар знаходзіцца ў ізалятары з пятніцы, 16 жніўня. Імаверна, суд над ім адбудзецца сёння, піша "Хрысціянская візія".
Ксёндз Ярашэвіч з'яўляецца Пружанскім дэканам і пробашчам мясцовай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі (Пінская дыяцэзія).
У Беларусі прызналі "экстрэмісцкімі" суполкі аматараў беларускамоўнай Вікіпедыі, а таксама лагатып замежнага брэнда адзення
Суд Ленінскага раёну Магілёва прызнаў "экстрэмісцкімі матэрыяламі" суполку ва "Укантакце" і Telegram-канал "Вікіпедыя", у якім публікаваліся самыя папулярныя артыкулы на беларускай мове ў Вікіпедыі ў розныя дні. Апроч гэтага "экстрэмісцкім" быў прызнаны і лагатып замежнага брэнда адзення "SUPCABLE" — адпаведнае рашэнне прынятае судом Цэнтральнага раёну Гомеля.
Таксама Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў 17 жніўня папоўнілі:
- telegram-каналы і чаты "р0снявий трансхохол", "Вот Так";
- instagram-старонкі "vottaktv", "lilia_kvatsabaya ", "photonegativki", "revivalbelarus";
- чат у Viber "Лепшы Рэгіен";
- facebook-старонкі "Юлiя Кухто", "Zmicier Chanievic";
- старонкі ў "X" "НебезразличнаЯ Варвара", "BelaruslnUK", "LITVANIA", "Franak Viacorka", "People’s Embassy of Belarus in Sweden", "Pavel Latushka", "United Transitional Cabinet of Belarus";
- артыкулы "Хартыі" "Наталья Радина: Война для Лукашенко может иметь неожиданные последствия", "В Европарламенте говорили об убийствах белорусских политзаключенных", "Наталья Радина в "Gazecie Wyborczej": Беларусь будет свободной!";
- старонка ў "Аднакласніках" "Владимир Клопов".
Лукашэнка падпісаў указ аб памілаванні 30 палітзняволеных
Пра гэта 16 жніўня паведаміла ягоная прэс-служба.
Сярод памілаваных 14 жанчын і 16 мужчын, некаторыя з іх маюць сур'ёзныя захворванні. Ёсць асобы пенсійнага ўзросту. Падрабязнасці высвятляюцца.
Больш за 15 палітвязняў вызвалілі па амністыі і памілаванні, сярод іх — Рыгор Кастусёў
Па інфармацыі "Вясны", частка палітвязняў выйшлі па памілаванні, а не па амністыі.