viasna on patreon

Крымінальная справа за інтэрв’ю "Радыё Свабода": за што пераследавалі Уладзіміра Мартава ў Расіі

2024 2024-08-20T10:21:52+0300 2024-08-20T10:41:34+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/martau-0.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Уладзімір Мартаў. Фота з прыватнага архіва

Уладзімір Мартаў. Фота з прыватнага архіва

Доктар-рэаніматолаг Уладзімір Мартаў, былы загадчык аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Віцебскай бальніцы хуткай дапамогі, змог нядаўна пакінуць Расію, дзе жыў апошнія два з паловай гады. Цяпер ён знаходзіцца ў бяспечным месцы. Ягоны блізкі сябар і калега распавёў праваабаронцам “Вясны” падрабязнасці  пераследу лекара ў Расіі і акалічнасці эвакуацыі Уладзіміра.

Першае, што хацеў паведаміць субяседнік Сяргей, які ўвесь час кантактуе з Мартавым, гэта тое, што інфармацыя аб дэпартацыі лекара з Расіі ў Віцебскае СІЗА не адпавядае рэчаіснасці.

Судзілі за парушэнне міграцыйнага заканадаўства, далі штраф

У сакавіку ў Беларусі на Уладзіміра завялі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 361-4 КК. Падставай паслужыла відэаінтэрв’ю “Радыё Свабода”, якое было апублікавана яшчэ 20 чэрвеня 2022 года. Напрыканцы снежня пачалося следства па справе, а Мартава абвясцілі ў міждзяржаўны вышук. І хаця пра крымінальны пераслед яму было вядома, ён не паспеў змяніць месца жыхарства і застаўся ў горадзе Мурына пад Пецярбургам. 14 траўня там яго затрымалі аператыўнікі, апранулі кайданкі і перадалі ў адно з аддзяленняў паліцыі па Усевалажскаму раёну. Як адзначае сябр Уладзіміра, паліцыя працавала карэктна: не было пагроз і збіцця, у Мартава не забіралі тэлефон і далі магчымасць звязацца са сваякамі і сябрамі, якія інфармацыю пра затрыманне перадалі  журналістам “Фантанкі”.

Цяпер у Расіі затрымліваюць шмат нелегальных мігрантаў з паўднёвых краін, многія нават па-расійску не размаўляюць. Іх пасля хуткага суда масава дэпартуюць на радзіму. Уладзіміру тут крыху пашчасціла: у памяшканні аддзелу паліцыі дзясяткі таджыкаў, узбекаў, а тут яшчэ нейкі беларускі доктар... І што з ім рабіць?” – распавядае калега Мартава.

Мартава даставілі да пракурора, у якога была інфармацыя, што лекар знаходзіцца ў міждзяржаўным вышуку. Пасля апытання пракурор паведаміў Мартаву, што відэаканал “Свабода Premium”, на якім выйшла інтэрв’ю Мартава, на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі не з’яўляецца “экстрэмісцкім” і таму ў Расіі ён не здзяйсняў злачынства, але пры гэтым здзейсніў парушэнне міграцыйнага заканадаўства – адсутнасць рэгістрацыі і пратэрмінаваны пашпарт.

Пасля апытання Мартава адвезлі ў ІЧУ, а на раніцу прызначылі суд. У судзе разгляд справаў па міграцыі вельмі хуткі: дзве-тры хвіліны і выносіцца пастанова аб дэпартацыі. Мартаву вынеслі пастанову аб спагнанні штрафу ў памеры 5 000 рублёў. І ўсё. Аднак на выхадзе з суда папрасілі затрымацца. Паліцэйскія не маглі паверыць, што справа скончылася толькі штрафам. Яны больш гадзіны тэлефанавалі некаму, нешта ўзгаднялі… Але потым махнулі рукой і адпусцілі.

Пракурор пры гэтым даў падпісаць паперу, што Мартаў з’явіцца ў паліцыю па першаму патрабаванню. Так ён апынуўся на свабодзе.

“Але Уладзімір разумеў, што званочак празвінеў, і трэба прымаць рашэнне. Ён звязаўся з калегамі, а сам з’ехаў у вёску. У гэты час у некаторых пабліках з’явілася інфармацыя, што Мартава дэпартавалі ў віцебскае СІЗА, яму сталі тэлефанаваць сябры, спраўджваць інфармацыю, прасілі ўключыць відэа, каб пераканацца, што ўсё з ім добра, – распавядае далей Сяргей. – Гэта затрымала эвакуацыю Уладзіміра амаль на два тыдні”.

Рашэнне пакінуць Беларусь было асэнсаваным

Нагадаем, Уладзіміра Мартава першы раз затрымалі 22 лютага 2022 года на ягонай дачы пад Лепелем, дома зладзілі ператрус, а яго адвезлі ў райцэнтр.  На другі дзень у раённым судзе Уладзіміру прысудзілі сем сутак адміністрацыйнага арышту нібыта за незаконнае пікетаванне паводле арт. 24.23 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў). Такім прызналі аватарку на фэйсбуку, на якой угледзі БЧБ-стужачку. Але, насамрэч, прычына была ў іншым.

“Яшчэ калі я выйшаў пасля сямі сутак арышту з Лепельскага ІЧУ, то зразумеў, што улады разззлаваліся з-за маёй кнігі “Віцебск — Бэргама” і публікацыі першай часткі падкасту «Доктар Мартаў. На вайне з COVID-19».  22 лютага мяне забралі ў Лепель, зладзілі ператрус і дапыталі. Пашанцавала, што гэта быў Лепель, і там яшчэ не надта звярталі ўвагу на “палітыку”. Таму працягу не было. Я ізноў паехаў у вёску, быў на падпольным становішчы”,казаў ён раней журналістам.

На наступны дзень пасля вызвалення на лецішча да Мартава прыехаў раённы пракурор і папрасіў напісаць паперу, што ён больш не будзе крытыкаваць дзеянні ўлады. Пасля да яго прыехалі незнаёмыя мужчыны нібыта за кансультацыяй і прапанавалі за гэта грошы. Уладзімір зразумеў, што гэта была правакацыя і адчуў, што ў спакоі яго не пакінуць. Гэта была помста лекару за праўду пра сітуацыю з эпідэміяй COVID у Віцебску. На працы дачакаліся, калі скончыцца кантракт і яго болей не працягнулі. Працаваць медыкам больш не выпадала, таму Мартаў прыняў рашэнне з’ехаць у Расію да сваякоў. Напачатку часта сустракаўся з сябрамі і вучнямі, гасцяваў у іх, некаторы час чытаў лекцыі, і каб не ўпасці ў дэпрэсію, дапісваў свае ранейшыя кнігі.

Агулам у Расіі Мартаў пражыў два з паловай гады, а каб не “спаліцца” з пратэрмінаваным пашпартам – падчас праверак дакументаў паказваў пасведчанне інваліда (Уладзімір мае сур'ёзныя праблемы са зрокам). Таму да ўзбуджэння крымінальнай справы асабліва не хваляваўся.

Дзякуючы сябрам і былым калегам-медыкам Уладзімір паспяхова эвакуяваўся ў адну з еўрапейскіх краін, дзе спакваля адаптоўваецца да новых умоваў жыцця.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства