viasna on patreon

У Гродне да 4 гадоў калоніі завочна асудзілі сясцёр, якія праз балоты збеглі ад "хіміі"

2024 2024-08-20T12:32:54+0300 2024-08-20T12:32:54+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zakharkebich_90.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Гродзенскім абласным судзе 19 жніўня вынеслі завочны прысуд сёстрам Надзеі Сцепанцовай і Жанне Захаркевіч, якіх раней асудзілі да "хіміі" за ўдзел у пратэстах. Іх абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, здзейсненае паўторна, групай асоб па папярэдняй змове). Спецвытворчасць супраць іх узбудзілі ў траўні гэтага года, а судзіць пачалі 5 жніўня. У выніку суддзя Юрый Казакевіч прызначыў жанчынам па новай крымінальнай справе па чатыры гады калоніі. Таксама суд дадаў да тэрміну неадбытую "хімію", ад якой яны збеглі з Беларусі, і агулам прызначыў Надзеі Сцепанцовай пяць гадоў і шэсць месяцаў зняволення, Жанне Захаркевіч — пяць гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. 

У адпаведнасці з ч.1 арт. 73 КК па сукупнасці прысудаў шляхам частковага далучэння неадбытай часткі пакарання па прысуду суда Ленінскага раёна г. Гродна ад 10 сакавіка 2021 года з улікам змяненняў, унесеных вызначэннем судовай калегіі па крымінальных справах Гродзенскага абласнога суда ад 19 ліпеня 2022, канчаткова вызначыць Надзеі Сцепанцовай пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін пяць гадоў і шэсць месяцаў, Жанне Захаркевіч — пазбаўленне волі на тэрмін пяць гадоў з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму кожнай.

У прысудзе адзначаецца, што тэрмін адбыцця пакарання жанчын вылічваць з дня іх фактычнага затрымання для адбыцця пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі.

Нагадаем, у 2021-ым годзе годзе сясцёр асудзілі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса да "хіміі" за ўдзел у акцыі пратэсту 6 верасня 2020 году ў Гродне. Пасля прысуду яны вырашылі з'язджаць з краіны — Жанна і Надзея 12 гадзін ішлі па лесе і дрыгве ў бок Літвы. Потым жанчыны трапілі ў фільм Юрыя Дудзя, дзе расказалі пра свае ўцёкі — яго паглядзелі больш за 10 мільёнаў чалавек.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства