Больш за 20 палітвязняў выйшлі на волю па памілаванні, сярод іх — Ксенія Луцкіна і Васіль Бераснеў Дапоўнена
16 жніўня Лукашэнка падпісаў Указ аб памілаванні 30 палітзняволеных, сярод якіх 14 жанчын і 16 мужчын, а некаторыя з іх маюць сур'ёзныя захворванні. За апошнія суткі з калоній па памілаванні пачалі выходзіць палітзняволеныя. Па стане на 26 жніўня праваабаронцам "Вясны" вядомыя прозвішчы 21 вызваленага палітвязня, 13 з якіх — жанчыны, восемь — мужчыны. Сярод памілаваных Васіль Бераснеў, Ала Зуева, Вольга Стаброўская, Вольга Новікава, Ірына Санкоўская і журналістка Ксенія Луцкіна. Праваабаронцы падтрымліваюць інфармацыйную цішыню для бяспекі вязняў, таму пакуль не публікуюць прозвішчы астатніх вызваленых.
Што вядома пра памілаваных?
Увечары 20 жніўня прапагандысты з тэлеканала "БТ" апублікавалі першае відэа з некаторымі вызваленымі жанчынамі —Кацярынай Леў, Наталляй Пятровіч, Тамарай Каравай, Святланай Палуэктавай, Алай Зуевай, Вольгай Стаброўскай, Вольгай Новікавай, Ірынай Санкоўскай і Ксеніяй Луцкіной. Жанчыны адбывалі свае тэрміны ў гомельскай жаночай калоніі № 4.
Вядома, што ў зняволенні ў Ксеніі Луцкіной, асуджанай да васьмі гадоў калоніі, пачаліся моцныя праблемы са здароўем — у яе расце пухліна ў галаўным мозгу. Раней прапагандысты паведамлялі, што сярод памілаваных ёсць і людзі з сур'ёзнымі захворваннямі.
Вольга Новікава разам з мужам Віктарам былі асуджаныя да пазбаўлення волі за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе (арт. 342 КК). Адметна, што яе 35-гадовы муж Віктар Новікаў таксама быў вызвалены па памілаванні, але яшчэ 3 ліпеня.
Палітзняволеную Ірыну Санкоўскую асудзілі ў снежні 2023 года на паўтара года зняволення. Яе прызналі вінаватай паводле арт. 370 (здзек з дзяржаўных сімвалаў), ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) Крымінальнага кодэкса.
Хворую на анкалогію пенсіянерку Алу Зуеву асудзілі да двух з паловай гадоў калоніі па двух дыфамацыйных артыкулах. У Алы лейкоз крыві, пры вынясенні прысуду суд гэта да ўвагі не прыняў.
Аршанку Вольгу Стаброўскую прызналі вінаватай у "абразе Лукашэнкі". Жанчыне прызначылі адзін год і тры месяцы пазбаўлення волі. У апошні час у жанчыны абвастрыліся хваробы, яна мае інваліднасць трэцяй групы. Хварэе таксама і яе адзіная дачка. Яна, як і ўнук Вольгі, мае інваліднасць па слыху.
Таксама праваабаронцам стала вядома пра вызваленне 74-гадовага старшыні прафсаюза РЭП Васіля Бераснева, асуджанага да дзевяці гадоў калоніі. Вядома, што падчас знаходжання ў СІЗА ў Васіля значна пагоршыўся стан здароўя: ён пакутаваў ад боляў у адзінай нырцы. Сітуацыя была настолькі крытычная, што медыкаментознае лячэнне не мела сэнсу, патрэбна была перасадка ныркі. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, нягледзячы на ціск за кратамі, сур'ёзныя праблемы са здароўем і выхад па памілаванні, Васіль так і не прызнаў сваёй віны.
Памілаваны быў і анкахворы палітвязень Павел Кучынскі. Пра гэта на сваёй старонцы ў Facebook паведаміў праваабаронца Аляксандр Капуцкі.
"З Маладзечна прыйшла да мяне добрая, вестка: вызвалілі анкахворага палітвязьня Паўла Кучынскага. Праўда, як перадае яго сябар, прывезлі хлапца з турэмнай лякарні ў гарадскую ў ня вельмі, мякка кажучы, задавальняючым стане— з пнеўманіяй".
Палітзняволены маладзечанец мае першую групу інваліднасці — у яго лімфома Ходжкіна чацвёртай стадыі. Нягледзячы на анказахворванне, яго ўтрымлівалі ў зняволенні больш за два гады. У чэрвені пазамінулага года яго асудзілі да пяці гадоў калоніі, а па выніках апеляцыі паменшылі прысуд толькі на тры месяцы. Пры гэтым замена пакарання, на не звязанае з пазбаўленнем волі, судом не разглядалася. У жніўні юрысты "Вясны", занепакоеныя станам здароўя Паўла, падрыхтавалі і накіравалі зварот у Працоўную групу ААН па адвольных затрыманнях.
Таксама 21 жніўня стала вядома пра вызваленне 31-гадовага Яўгена Чумілы. У траўні 2022 года Гомельскі абласны суд прызнаў яго вінаватым па артыкулах аб абразе прадстаўніка ўлады, Лукашэнкі, суддзі і распальванні варожасці. Яўгена асудзілі да пазбаўлення волі, але тэрмін праваабаронцам невядомы. Тэрмін Чуміла адбываў у папраўчай калоніі №17.
Увечары 27 жніўня на "АНТ" паказалі кадры вызвалення яшчэ трох мужчынаў: Алега Зыкуна, Руслана Красава і Аляксандра Галузы.
Алег Зыкун — лекар-уролаг з Брэста, якога асудзілі за нібыта распаўсюд персанальных дадзеных супрацоўнікаў МУС (ч.3 арт. 203-1 Крымінальнага кодэкса). У студзені гэтага года яго асудзілі на паўтара года калоніі. Тэрмін палітвязень адбываў у бабруйскай калоніі № 2.
Руслан Красаў быў асуджаны да трох гадоў калоніі паводле ч. 2 арт. 368 (абраза Лукашэнкі) і ч. 2 арт. 367 (паклёп у дачыненні Лукашэнкі) Крымінальнага кодэкса. Яго накіравалі для адбывацця пакарання ў наваполацкую калонію № 1.
Аляксандра Галузу прызналі вінаватым ва ўдзеле ў акцыях пратэсту ў Гомелі (арт. 342 КК) і "распальванні іншый сацыяльнай варожасці" (арт. 130 КК). Яму прызначылі пазбаўленне волі, але тэрмін невядомы. Ён выйшаў на волю з папраўчай калоніі № 1.
Нагадаем, 2 ліпеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў Закон "Аб амністыі ў сувязі з 80-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў". Ён, як і папярэднія падобныя законы, не прадугледжвае палёгкі для асобаў, "датычных да экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці". Але тым не менш, некалькі палітычных зняволеных усё ж вызвалілі з месцаў няволі.
Праваабаронцам "Вясны" дакладна вядома пра 18 палітзняволеных, якія 3 ліпеня выйшлі на волю. Сярод іх — чатыры жанчыны і 14 мужчын, у тым ліку асуджаны да 10 гадоў калоніі і хворы на анкалогію Рыгор Кастусёў.
Больш за 15 палітвязняў вызвалілі па амністыі і памілаванні, сярод іх — Рыгор Кастусёў
Дапаўняецца.
Калі вы ведаеце прозвішчы памілаваных, калі ласка, паведамляйце нам:
|