viasna on patreon

Палітвязню Аляксандру Францкевічу дадалі яшчэ год зняволення

2024 2024-08-20T15:06:05+0300 2024-08-21T16:57:46+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/photo_2021-02-10_17-36-03.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Ваўкавыскага раёна 24 чэрвеня адбыўся суд над палітвязням Аляксандрам Францкевічам, асуджаным раней да 16 гадоў і дзевяці месяцаў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму. Яго абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі). Суддзя Мікалай Сяргейка прызначыў палітвязню яшчэ адзін год пазбаўлення волі.

Аляксандр — актывіст анархісцкага руху і фігурант справы "Рэвалюцыйнага дзеяння". Палітвязня прызналі вынаватым па шэрагу цяжкіх Крымінальных артыкулаў. У верасні 2022 года Аляксандру прызначылі 17 гадоў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў ці больш за 8 800 даляраў). 28 лютага 2023 года ў Вярхоўным судзе ў закрытым рэжыме адбыўся разгляд апеляцыйных скаргаў. Судовая калегія пад старшынствам суддзі Аляксея Рыбакова пакінула без задавальнення скаргу, а тэрмін Францкевіча скараціла на тры месяцы. Такім чынам, канчатковы тэрмін зняволення Аляксандра — 16 гадоў і 9 месяцаў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.

"Я ведаю і веру — мы ўбачым увасабленне дэмакратыі", — у апошнім слове Францкевіч

Суд у закрытым рэжыме цягнуўся чатыры з паловай месяцы — агулам прайшло 70 працэсаў па 158 тамах матэрыялаў крымінальнай справы.

Адбываць тэрмін палітвязня спачатку накіравалі ў івацэвіцкую калонію № 5, але пазней перавялі ў ваўкавыскую ПК-11. Па інфармацыі праваабаронцаў, з верасня 2023 года Аляксандра змясцілі ў ПКТ на паўгода, а таксама неаднаразова змяшчалі ў ШІЗА.

У траўні 2024 года стала вядома, што супраць Аляксандра ўзбуджана крымінальная справа паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі). Палітвязень доўгі час знаходзіўся ў ПКТ. 

Суд над ім адбыўся ў судзе Ваўкавыскага раёна 24 чэрвеня 2024 года. Суддзя Мікалай Сяргейка прызнаў палітвязня вінаватым і прысудзіў яму яшчэ адзін год зняволення. Да апеляцыі Аляксандр утрымліваецца ў СІЗА № 6.

19 ліпеня стала вядома пра затрыманне маці палітвязня — Таццяны. Яе абвінавачваюць ва "удзеле ў экстрэмісцкім фармаванні" паводле арт. 361-1 Крымінальнага кодэксу. Жанчыну ўтрымліваюць пад вартай у віцебскім СІЗА-2.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства