viasna on patreon

У Гродне завочна асудзілі журналіста і праваабаронцу Уладзіміра Хільмановіча

2024 2024-08-21T10:00:38+0300 2024-08-21T10:00:38+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/hilmanovich_uladzimir.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Гродзенскім абласным судзе 19 жніўня агучылі завочны прысуд журналісту і праваабаронцу Уладзіміру Хільмановічу. Яго абвінавацілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 361-1 (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні) і ч. 1 і 2 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Верагодна, прычынай пераследу стаў аўтарскі блог журналіста. Суддзя Ігар Собалеў на пятым судовым пасяджэнні вынес прысуд праваабаронцу –пяць гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Таксама завочна пастанавілі выплаціць штраф у памеры 1000 базавых велічыняў (40000 рублёў), а ў выпадку нявыплаты канфіскаваць некаторую маёмасць, сярод якіх кватэра ў Гродне і вясковы дом. 

Уладзімір Хільмановіч ужо больш трох гадоў не пражывае ў Беларусі. Крымінальную справу супраць яго пачалі ў лістападзе 2023 года. На ўсю маёмасць журналіста быў накладзены арышт.

Журналіста прызналі вінаватым у "іншым садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці" і на падставе ч. 1 арт. 361-4 КК прызначылі пакаранне ў выглядзе двух гадоў пазбаўлення волі. Яго ж прызналі вінаватым у "іншым садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці, здзейсненым паўторна", і на падставе ч. 2 арт. 361-4 КК прызначылі пакаранне ў выглядзе трох гадоў пазбаўлення волі са штрафам у памеры 600 базавых велічыняў, што складае 24000 рублёў. Яго ж прызналі вінаватым ва ў "ваходжанні асобы ў склад экстрэмісцкага фармавання ў мэтах здзяйснення злачынства экстрэмісцкай накіраванасці (удзеле ў экстрэмісцкім фарміраванні)" і на падставе ч. 3 арт. 361-1 КК прызначылі пакаранне ў выглядзе трох гадоў пазбаўлення волі са штрафам у памеры 500 базавых велічыняў, што складае 20000 рублёў.

Па сукупнасці злачынстваў шляхам частковага складання прызначаных асноўных і дадатковых пакаранняў канчаткова прызначылі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на пяць гадоў у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму са штрафам у памеры 1000 базавых велічыняў, што складае 40000 рублёў.

У завочным прысудзе, апублікаваным на сайце Вярхоўнага суда, гаворыцца, што арышт на некаторую маёмасць не здымаць, звярнуўшы на яго спагнанне ў кошт наяўных па справе грашовых спагнанняў у выпадку нявыплаты ў добраахвотным парадку. Гэта кватэра ў Гродне і будынак спецыялізаванага культурна-асветнага і відовішчнага прызначэння, размешчаны ў Мастоўскім раёне, а таксама тэлевізар, пральная машына, грашовыя сродкі ў суме каля 100 EUR. Арышт з зямельнага ўчастка быў зняты.

Сярод рэчавых докаў па справе пазначаны "скрыншоты аўтарскага блога з артыкуламі Уладзіміра Хільмановіча і каментаром", які пастаноўлены захоўваць з матэрыяламі крымінальнай справы. Верагодна, менавіта за іх і асудзілі журналіста.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства