За тры гады – 150 сутак штрафнога ізалятара і ніводнага спаткання: гісторыя былога палітвязня з Заслаўя
Былы палітвязень з Заслаўя Сяргей Моніч “ад званка да званка” адбыў трохгадовае пакаранне ў Магілёўскай папраўчай калоніі №15 за нанясенне пратэсных надпісаў. У верасні мінулага года Моніч вызваліўся, агулам правёўшы ў штрафным ізалятары 150 сутак. Але праз 56 дзён на волі яго затрымалі зноў і асудзілі на 15 сутак. Сяргей распавядае “Вясне” пра свой цяжкі досвед і аб сваім рашэнні пакінуць Беларусь.
Першы раз Моніча затрымалі 9 жніўня 2020 года. У аўтазаку, калі іх перавозілі ў Жодзіна, быў моцна збіты. 14 жніўня хлопца адпусцілі, а другое затрыманне адбылося вечарам 21 снежня. Пры гэтым прысутнічаў сам міністр унутраных спраў Іван Кубракоў, якога нібыта абразіў Сяргей. Перад тым, як прывезці ў аддзяленне міліцыі ў Заслаўе – яго ізноў збілі. Напачатку змясцілі ў ІЧУ Мінскага раёна, затым паўгода чакаў суда ў Жодзінскай турме №8, а пад час апеляцыі быў пераведзены на Валадарку.
“Начальнік калоніі і цар, і бог, ён можа караць і мілаваць”
“У начальніка калоніі Аляксея Лазарэнкі быў такі пункцік – ён пастаянна чытае і “Вясну”, і “Нашу Ніву”, ды і некаторыя аператыўнікі таксама. Ён шчыра рады, што ягонае прозвішча ў чорных спісах, у “Міратворцы”, напрыклад. Калі я вызваляўся, то ён праводзіў мяне са словамі: “Слухай, дай там нармальнае інтэрв’ю “Белсату”, каб яны там здрыгануліся”.
Але як ўплывае такая інфармацыя на парадкі ў месцах зняволення? Мы вось зараз, напрыклад, напішам, што ўмовы ў ІЧУ Мінскага раёна лепшыя чым у іншых месцах і так сапраўды было чатыры гады таму – і персанал там быў больш адэкватны і лаяльны. Але мне ёсць з чым параўноўваць: умовы там цяпер нашмат горшыя і начальнік памяняўся. Чаму так? Таму што інфармацыя выйшла пра гэта.
У калоніі існуе крохкая раўнавага паміж умоўнымі зэкамі і адміністрацыяй, але калі нехта напіша пра такое – адразу ўсё гэта ламаецца, бо для сістэмы чым горш – тым лепш. Ці вось пытаюцца: “Як там твой начальнік атрада?”
– Ды нармальны мужык…”
Дык за такую ацэнку ён можа і вымову ад начальніка атрымаць: “Чаму ў цябе зэкі задаволеныя? Яны павінны цярпець”.
Начальнік калоніі і цар, і бог, ён можа караць і мілаваць, дазваляе сабе крычаць на тых, хто рангам ніжэй, павышаць голас, зневажаць капітанаў, маёраў. У калоніі часта даносяць адзін на аднаго і калі зэкі будуць казаць пра цябе добра, то ты дрэнны супрацоўнік у вачах начальніка. І гэта відавочна.
Увогуле, у калоніі трэба ведаць з кім і пра што размаўляць, бо ёсць і негалосныя асведамляльнікі, і проста стукачы.
За тры гады Сяргею не дазволілі ніводнага спаткання, паколькі ён лічыўся “сур’ёзным экстрэмістам”.
“Я ўжо было збіўся з ліку, колькі дзён правёў у штрафным ізалятары”
З 7 сакавіка да 7 чэрвеня 2022 года Сяргей без перапынку ўтрымліваўся ў штрафным ізалятары, дзе вязні знаходзяцца без пасцельнай бялізны, штодзённага шпацыру, тэлефанаванняў, лістоў і магчымасці "атаваркі". Усяго за тры гады ў ШІЗА правёў 150 сутак. Пытаемся ў Сяргея: “Чаму так?"
“Таму што так працуе сістэма. Я ўжо было збіўся з ліку, колькі дзён правёў у штрафным ізалятары. У ШІЗА часцей трапляюць тыя, хто знаходзіцца на прафуліку, а я ў спісе “экстрэмістаў”, гэта значыць: “схільны да захопу заложнікаў, нападу на адміністрацыю і праяўленне агрэсіі”. Ну і зразумела, што ўплывае характар злачынства, вось і пайшло-паехала: з карантыну адразу ў штрафны ізалятар, даюць зразумець, куды ты патрапіў. А далей знаходзіцца любы фармальны повад. Напрыклад, я стараўся асабліва там не адсвечвацца, ці як кажуць “выходзіць у эфір”. Аднак вось выклікаюць у штаб, думаю, што ж такое можа быць, нагоды няма ніякай, здаецца.
Сядзіць злосны начальнік, паказвае ў смартфоне фотку, кажа “Пазнаеш?” Бачу сябе. Нехта напісаў пра мяне, дзесці мяне ўспомнілі ў артыкуле.
Кажа: “Ты ж ведаеш – адзін артыкул там, дзесяць сутак ШІЗА тут. Ну не крыўдуй цяпер”.
ШІЗА моцна ўплывае на здароўе. Ну, па-першае – харчаванне, калі на зоне ў любым выпадку можна чымсці падмацавацца, лішні раз папіць гарбаты, лустачку сала. Нават калі не маеш сам – то нехта знойдзецца, пачастуе. А ў ізалятары сечку ці пярлоўку дадуць, бульбу і неякасны хлеб. Хутка заўважаеш, як худзееш. Ну і яшчэ холад, асабліва зімой. Халодна спаць..
Але ў ШІЗА толькі першы раз страшнавата патрапляць, потым патроху прывыкаеш. Калі заставалася да вызвалення месяцы тры, я вырашыў: “Ну ўсё, у ізалятар я больш не патраплю”. Але кожны раз нешта з’яўляецца і ты ізноў там.
На волю я выйшаў адразу з ШІЗА, дзе правёў 14 сутак. Спачатку далі 10, я падумаў, яшчэ чатыры дні пабуду ў атрадзе, развітаюся, але спецыяльна знайшлі прычыну і дадалі чацвёра сутак. Памятаю як выходзіў: цёплы вераснёўскі дзень, шмат сонца..
“Моцна ўразіла, што на сутках з’явіліся начныя праверкі”
Але на волі Сяргей пабыў толькі 56 дзён. Калі аднаго разу ён прыйшоў адзначацца ў міліцыю – супрацоўнік праверыў ягоны тэлефон і знайшоў там бяскрыўднае паведамленне.
“І раптам ізноў узяліся за мяне. Тое паведамленне я некуды пераслаў і нават не памятаў пра яго. Падумаў, што будзе тое і будзе, а аператыўніцы сказаў, што сведчыць супраць сябе не буду. Тады яна мне сказала: “Даю слова афіцара, што не стану цябе раскручваць”.
Склалі пратакол за распаўсюд інфармацыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці і ўляпілі 15 сутак арышту. Так я праз чатыры гады ізноў патрапіў у ІЧУ Мінскага раёна. Але цяпер тут нашмат сталі горшымі ўмовы ўтрымання. Камеры былі перапоўненыя, не было ні матрацаў, ні бялізны. Месцаў не хапала і даводзілася спаць нават на падлозе. Чытаць цяпер ужо не дазвалялася, перадачы таксама пад забаронай.
Моцна ўразіла, што на сутках з’явіліся і начныя праверкі, толькі заснеш, як будзяць і ты павінен адгукацца, называць сябе".
Пасля 15 сутак да Сяргея прыйшло разуменне, што трэба з Беларусі выязджаць. Ужо ў бяспечным месцы яго сустрэлі сябры і сям’я, з’явілася праца і ўпэўненасць у правільным рашэнні з’ехаць.
"Зрабілі Акрэсціна паўсюль". Экс-палітвязень распавёў пра "суткі" пасля калоніі